У адзін з сонечных чэрвеньскіх дзён выпала нагода
пабываць у гэтай гаспадарцы і даведацца пра клопаты і дасягненні
яе працаўнікоў.
З самай раніцы мы з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анатолем Завацкім узялі курс на Лыцавічы, дзе планавалася сустрэча з працоўным калектывам. Мінулай восенню ў аграгарадку прайшлі раённыя «Дажынкі», да якіх тут выканана нямала работ па добраўпарадкаванні. І аграгарадок стаў прыгажэйшым і больш сучасным.
У адміністрацыйным будынку на мерапрыемства сабраліся тыя, хто змог гэта зрабіць – у аграрыяў у гэты гарачы час хапае спраў і далёка не кожны можа адлучыцца з працоўнага месца. Зусім нядаўна, месяцы тры назад, «Чурлёны» ўзначаліў Сяргей Красоўскі – вядомы ў сельгасгаліне Вілейшчыны чалавек. Як і належыць кіраўніку на новым месцы, ён з першымі промнямі сонца ўжо на працы. Спраў, адзначае, хапае, усюды трэба паспець, кожнае пытанне вырашыць. Урэшце, Сяргей Ігнацьевіч перакананы, што вынік працы любога кіраўніка напрамую залежыць ад таго, колькі часу ўдзяляе ён ёй.
Станоўчыя зрухі да лепшага ў дзейнасці гаспадаркі адзначаюць многія.
Пра гэта гаварылі і ў час сустрэчы. На сёння ў «Чурлёнах» няма праблем з палівам, забяспечана гаспадарка неабходнымі ўгнаеннямі. Растуць надоі малака і прывагі жывёлы. Людзі працуюць і атрымліваюць дастойную зарплату (важнае ўдакладненне: тыя, хто працуе сумленна і дасягае добрых вынікаў). У бліжэйшых планах – рамонт фермы «Слабада», якая ў перспектыве бачыцца сучаснай, механізаванай, як і патрабуе реальнасць. Новы старшыня ўзяўся і за яшчэ адну важную справу – добраўпарадкаванне ўнутрыгаспадарчых дарог, якія не рамантаваліся ўжо не адзін дзясятак гадоў. Што сказаць, справа патрэбная. Як і тое, што ў «Чурлёнах» заняліся перадачай водаправодных сетак, якія на балансе гаспадаркі, раённаму водаканалу. З перадачай здымецца нямала пытанняў, якія ўзнікалі раней, бо справай зоймуцца прафесіяналы.
У час сустрэчы ішла зацікаўленая размова пра ўсё тое, чаго патрабуе ад нас дзень сённяшні: пра максімальна механізаваную працу, належныя ўмовы для яе, сучасныя фермы, выхадныя для аграрыяў, прэміравання і дастойныя зарплаты, амаладжэнне калектыву, прэстыж працы аграрыя і многае іншае. Анатоль Завацкі звярнуў увагу кіраўніцтва гаспадаркі на пашырэнне пасяўных плошчаў рапсу – перспектыўнай і даходнай культуры. Не стаяць на месцы, штодня рабіць няхай сабе і невялічкі, але крок наперад – гэта, адзначыў Анатоль Мікалаевіч, павінна стаць жыццёвым крэда не толькі кіраўнікоў, але і кожнага чалавека на сваім працоўным месцы.
Зялёнае жніво
Пабыць у гаспадарцы гарачай парой касавіцы і не ўбачыць, як шчыруюць на сенажацях людзі, было б зусім няправільным. Таму мы разам з кіраўніком гаспадаркі Сяргеем Красоўскім скіраваліся ў бок Слабады – непадалёк ад яе кіпела работа на сенажаці: кормаўборачныя камбайны ўбіралі травяную масу і грузілі ўжо здрабнёную зялёнку ў кузавы аўтамашын.
– Вунь наш перадавы механізатар Сяргей Ганчароў працуе, – паказаў на бліжэйшы да нас кормаўборачны камбайн Сяргей Красоўскі. – Дзве тысячы тон зялёнай масы нарыхтаваў. Стараюцца людзі, выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну на тое, каб зрабіць як мага болей. Канешне ж, і заработная плата ад гэтага залежыць напрамую.
Чатыры – у адным
Яшчэ з адным цікавым чалавекам пашчасціла пазнаёміцца ў «Чурлёнах». Жыхар Слабады Ігар Каркотка да сваіх сарака з невялікім дасягнуў многага: стварыў сям’ю, у якой нарадзілася і вырасла трое дзяцей; стаў сапраўдным гаспадаром (на падворку Каркоткаў ёсць і карова, і розная іншая жыўнасць); а яшчэ – практычна незаменным спецыялістам на працы.
Ігар Каркотка загадвае малочна-таварнай фермай «Слабада», дзе ён з’яўляецца да таго ж і асеменатарам, і слесарам, і механізатарам. І ўсюды паспявае, з усім спраўляецца. У хуткім часе ферма «Слабада» будзе рамантавацца, тут плануецца ўтрымліваць не каля двухсот, як цяпер, галоў жывёлы, а разы ў два болей. Безумоўна, аднаму з усім спраўляцца будзе няпроста, таму разам з мужам не супраць працаваць і жонка. Тым больш, што вопыт гэтай работы ў жанчыны ёсць.
Самыя светлыя і цёплыя ўражанні засталіся ад паездкі ў ААТ «Чурлёны». Тут, у маляўнічым куточку Вілейшчыны, прыемна было ў чарговы раз сустрэцца са сваімі добрымі знаёмымі і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Усіх іх, розных па ўзросце, адукацыі, захапленнях, аб’ядноўвае галоўнае – любоў да зямлі і пачуццё гаспадара на ёй. І гэта самае галоўнае.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара