Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Скончался известный вилейский архитектор и краевед Анатолий Каптюг

23 лістапада перастала біцца сэрца вядомага віляйчаніна, архітэктара і краязнаўцы Анатоля Іванавіча КАПЦЮГА.

Яго жыццё – гэта прыклад бездакорнага служэння справе архітэктуры, а апошнія два дзесяцігоддзі і краязнаўству. “Ствараць не толькі для сучаснікаў, але і дзеля будучых пакаленняў” – такім было яго жыццёвае крэда.

Анатоль Іванавіч Капцюг – сябра саюза архітэктараў СССР, СНД, Беларусі, вядомы беларускі архітэктар, мастак, краязнаўца, які нарадзіўся 13 снежня 1951 года ў вёсцы Урэчча Вілейскага раёна, хаця афіцыйная яго дата нараджэння – 3 студзеня 1952 года. Першыя свае гады жыцця ён правёў на хутары свайго дзеда ва Урэччы, а затым пераехаў у Вілейку. Ён карэнны віляйчанін, які ўсе свае юнацкія гады правёў на вуліцы Дзяржынскага, сюды ж вярнуўся і ў сталыя гады, каб даглядзець састарэлых баць­коў. Нават ад прапаноў новых і ўладкаваных кватэр ён адмаўляўся, так і не прадаўшы сваю бацькоўскую сядзібу, што засталася месціцца як быццам згубленай у “каменных джунглях” пасярод шматпавярховага мнагакватэрнага дома і будынка Дома быту.

Анатоль Капцюг скончыў архітэктурны факультэт, кафедру “Жылыя і грамадскія будынкі” Беларускага політэхнічнага інстытута (1977). Працаваў у праектным інстытуце “Гроднаграмадзянпраект” архітэктарам, а потым і кіраўніком групы архітэктараў. Павышаў кваліфікацыю ў Маскоўскім архітэктурным інстытуце. Анатоль Іванавіч з’яўляўся галоўным архітэктарам праектаў, кіраўніком праектаў інстытута “Белспецпраектрэстаўрацыя”, кіраўніком творчай праектнай майстэрні ўсесаюзнага аб’яднання “Архіпраект” пры Саюзе архітэктараў СССР, галоўным архітэктарам праектнай майстэрні “Арніка” і ЗАТ “Вант”. Ён аўтар бальш за 50 індывідуальных жылых, грамадскіх і культавых будынкаў, генпланаў мікрараёнаў, пасёлкаў, аб’ектаў добраўпарадкавання, рэстаўрацыі, малых форм архітэктуры, дэкаратыўнага мастацтва, а таксама мастацкага афармлення былой экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея. Сярод яго работ – праекты пасёлкаў для перасяленцаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, шматпавярховых дамоў жылых мікрараёнаў гарадоў Беларусі, аддзялення дзяржбанка ў Навагрудку, жылога корпуса Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, праект добраўпарадкавання дзіцячага санаторыя “Беларусь” у г.Друскенінкай, Літва, праект рэстаўрацыі помніка архітэктуры 16 стагоддзя царквы Барыса і Глеба ў Навагрудку, праект царквы Св. Вольгі і вадасвятнай капліцы Пакроўскага сабора ў Гродна, касцёлаў у в.Азёры і в.Калеты Гродзенскага раёна, Благавешчанскага сабора з ніжняй царквой Трох Віленскіх Пакутнікаў у г.Ваўкавыску, памятнага знака воінам Заходняга фронту “Навагрудскага катла” і многіх іншых.

Свой неацэнны след Анатоль Іванавіч Капцюг пакінуў і на Вілейшчыне. Незлічоная колькасць памятных знакаў і мемарыяльных дошак аўтарства Анатоля Капцюга было ўсталявана ў Вілейскім раёне. З апошніх, што рыхтаваліся да ўсталявання – доктару медыцыны, прафесару Мікалаю Маліноўскаму, краязнаўцу і турысту Віталю Кастэнку і фоталетапісцу Вілейкі Берку Берману. Ён аўтар капліцы-помніка на плошчы Свабоды Вілейкі ў гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова, драўлянай капліцы Барыса і Глеба са званіцай у вёсцы Заброддзе, мемарыяльнага комплекса “Памяці зніклых вёсак” каля Снежкава, памятнага знака воінам-інтэрнацыя­налістам у гарадскім парку, праекта добраўпарадкавання Цэнтральнай плошчы і праекта фантана, прыхадскіх дамоў Крыжаўзвіжанскага касцёла і храма прп. Марыі Егіпецкай у Вілейцы, мастацкага афармлення былой экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея і іншых ведамасных музеяў, ён аўтар этнаграфічнай калекцыі малюнкаў “Школка дзядзькі Капцюга” і шматлікіх іншых праектаў.

Анатоль Капцюг за распрацоўку праектаў неаднаразова ўзнагароджваўся медалямі і дыпломамі Дзяржаўнага камітэта па справах будаўніцтва СССР, ганаровымі граматамі Беларускага саюза архітэктараў, саюза Беларускіх афіцэраў, райвыканкамаў і аблвыканкамаў. Яго імя занесена ў энцыклапедыю “Архітэктары Беларусі”.

Анатоль Іванавіч быў чалавекам вялікага таленту і эрудыцыі. Ён валодаў неардынарным характарам і пачуццём гумару. Некалькі гадоў таму ён перадаў аўтару гэтых радкоў свае біяграфічныя дадзеныя і фотаздымак з каментарам: “Выкарыстай для некралога, а то я ведаю, панапісваеце абы-што”. Такім ён запомніцца ўсім тым, хто яго ведаў асабіста. А кожнаму віляйчаніну – як часцінка прыгожага і прасякнутага гісторыяй, напрыклад, у фантане горада, памятных знаках і мемарыяльных дошках, што раскіданы па ўсім раёне. Ва ўсім часцінка яго душы – душы сапраўднага беларуса.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 68 queries