Несупынная плынь часу, і зноў прыйшла яна, клопатная і, разам з тым, такая жаданая вясна! Ажывае прырода, прачынаецца ад зімовага сну зямля, пасылаючы аграрыям сваё прызыўнае: «Пара!» І вось ужо абуджаюцца наваколлі гулам тэхнікі, што масава выходзіць на палі. Сеем – і гэта зараз галоўнае, чым жывуць працаўнікі сяла. Адной з важнейшых сельскагаспадарчых кампаній заняты зараз усе гаспадаркі раёна. На 31 сакавіка на Вілейшчыне было пасеяна 2224 гектары ранніх яравых збожжавых культур, што складае 42 працэнты ад плана.
Што пасеем?
Пра гэта і многае іншае расказаў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Леанід Кудзеля.
– Сёлета падчас веснавой кампаніі плошча яравой сяўбы складзе 21705 гектараў, – адзначыў Леанід Часлававіч, – у тым ліку 10089 гектараў – яравых збожжавых культур (з іх 5288 – раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя).
Пасяўныя плошчы збожжавых і зернебабовых з кукурузай на зерне ў гэтым годзе складуць 25650 гектараў (гэта 50 працэнтаў у структуры ворыўных зямель). У планах атрымаць з кожнага гектара па 33,2 цэнтнера збожжа ў амбарнай вазе, што на 1,4 цэнтнера з гектара больш за ўзровень мінулага года. Мяркуецца таксама атрымаць 84,5 тысячы тон збожжа з кукурузай у амбарнай вазе, што на 12,8 тысячы болей, чым за мінулы год, а таксама 11,4 тысячы тон алейнага насення рапсу (гэта на 0,7 тысячы тон вышэй за мінулагодні ўзровень).
Шматгадовыя травы плануецца пасеяць на 6100 гектарах, а шматгадовыя травы на ворыве будуць размяшчацца на 2225 гектарах. Перазалужэнне лугапашавых угоддзяў неабходна правесці на плошчы не менш як 3875 гектараў.

Ці ў дастатку насення?
Пад запланаваныя пасяўныя плошчы гаспадаркі раёна ў поўным аб’ёме забяспечаны кандыцыйным насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур (1208 тон). Для сяўбы кукурузы на зерне і сілас спатрэбіцца 296 тон насення, а для таго, каб пасеяць травы і для перазалужэння лугапашавых угоддзяў сельгасарганізацыям Вілейшчыны спатрэбяцца 109,1 тоны насення шматгадовых траў.
Колькі кармоў запланавана нарыхтаваць?
Для грамадскай жывёлагадоўлі аграрыям раёна трэба нарыхтаваць 107,8 тысячы тон кармавых адзінак, у тым ліку кармоў з траў – 78,8 тысячы тон кармавых адзінак. Для гэтага плануецца нарыхтаваць 3 тысячы тон сена, 106,5 тысячы тон сенажу, 170 тысяч тон сіласу, 29 тысяч тон зернефуражу.
Клопат пра земляробаў
У цэнтры ўвагі – пытанні аховы здароўя працаўнікоў сяла. Так, аграрыі, якія заняты на веснавых палявых работах, прайшлі абавязковы перыядычны медыцынскі агляд. У сельгасарганізацыях перад пачаткам працоўнага дня праводзіцца медагляд работнікаў. Ва ўсіх гаспадарках арганізавана харчаванне земляробаў, занятых на веснавых палявых работах.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО








