Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сакрамэнт канфірмацыі ў Вілейцы

23 мая 2010 г., ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 98 вернікам.Kastel_

Кандыдаты да сакрамэнту хрысціянскай сталасці, большасцю з якіх была моладзь, сустрэлі іерарха каля новага парафіяльнага дома, пасля чаго ўсе разам у працэсіі ўвайшлі ў святыню.
У гаміліі арцыпастыр, спасылаючыся на словы рэфрэну рэспансарыйнага псальму, – «Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі» – нагадаў, што свет і наша краіна сапраўды змяняюцца з вялікай хуткасцю і гэтага немагчыма не заўважыць. «За апошнія гады наперад пайшло развіццё інфраструктуры, выраслі гарады, палепшыўся ўзровень жыцця людзей, аднак гэтага не дастаткова, – заўважыў Мітрапаліт. – Жыццё напоўнена шматлікімі праблемамі, якія, у большасці, вынікаюць з прычыны амаральнага стылю жыцця. Найбольш памылак у маральнай сферы назіраецца сярод моладзі, якая паддаецца „прывабнаму“ секулярызаванаму свету, які абвяшчае шчасце. Аднак рэальнасць зусім іншая. Замест шчасця – бяда і новыя залежнасці».
Пасля гэтых разважанняў Мітрапаліт прапанаваў «рэцэпт» супрацьстаяння выклікам сучаснасці: «Дзе знайсці сілы, каб процістаяць выклікам часу? Як знайсці супакой душы? Хто ў гэтым дапаможа? Спасланне Духа Святога – гэта дзень нараджэння Касцёла. Апосталы, атрымаўшы Духа Святога, з баязлівых вучняў ператварыліся ў мужных сведкаў веры. Менавіта тады, калі Апосталы выйшлі на вуліцы Ерузалема, распачалося аднаўленне зямлі праз прыняцце ёю Евангелля. Гэты ж рэцэпт дзейсны і сёння. Дух Святы перамяняе людзей і праз гэта змяняе свет, бо свет будзе такім, якім будзе чалавек».
Перад удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі арцыпастыр заклікаў кандыдатаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб «быць мужнымі вызнаўцамі Хрыста ў наш час, калі многія жывуць так, як быццам Бог не існуе».
www.catholic.by

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries