Святу, якое адбылося напрыканцы мінулага тыдня ў вілейскім Палацы культуры, можна смела прысвоіць статус раённых дажынак. Сабраліся лепшыя з лепшых, перадавікі ўсіх галін сельгасвытворчасці, каб быць ушанаванымі за працу, якая стварае грунтоўны падмурак нашаму дабрабыту. Вядучыя цёплымі словамі віншавання стварылі ў зале атмасферу святочнасці і шчырасці. А каравай, які прыняў ад хлебаробаў Вілейшчыны старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла, быў пастаўлены на сімвалічны пастамент і ўвесь час нагадваў прысутным аб завершанай на палетках вялікай і маштабнай дзеі жніва. Бо амаль у паўтара разы, у параўнанні з мінулым годам, павялічылі земляробы раёна валавы намалот збажыны, сабраўшы 91 тысячу тон у бункернай вазе.
Аляксандр Яцына, начальнік райсельгасхарчу, віншуючы прысутных, акцэнтаваў увагу на калектывах, якія дасягнулі найбольш красамоўных паказчыкаў па выніках сельскагаспадарчага году. Бо раённыя дажынкі – тое мерапрыемства, якое дазваляе дакладна расставіць прыярытэты. Аляксандр Мікалаевіч назваў лідараў па ўраджайнасці збожжавых культур. Традыцыйна на першым месцы – акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры» (50,5 цэнтнера). Можна парадавацца сёння поспехам калектываў, якія з мінімальнай розніцай уступаюць прызнанаму перадавіку – сельгаспрадпрыемству камбікормавага завода, «Віліі-агра», «Сцешыцам». Па 30,3 цэнтнера кормаадзінак нарыхтавана сёлета на ўмоўную галаву жывёлы (плюс 5,2 – да ўзроўню мінулага году).
Важкае месца ў аграрным комплексе, зазначае Аляксандр Яцына, займаюць перапрацоўшчыкі. І хлебазавод, і камбікормавы, і Вілейскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната акцэнт робяць на якасці а, значыць, канкурэнтаздольнасці сваёй прадукцыі. Пашыраецца асартымент, улічваюцца густы спажыўцоў, павялічваюцца аб’ёмы і ўдасканальваюцца паказчыкі эканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў-перапрацоўшчыкаў.
– Таго, што планавалі, вы дасягнулі, – звярнулася да ўдзельнікаў свята старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч. – У гэтым заслуга і сённяшніх працаўнікоў галіны, і ветэранаў сельгасвытворчасці. Традыцыі, набыты дзесяцігоддзямі вопыт – гэта менавіта тое, на чым грунтуюцца і множацца сучасныя набыткі. А віляйчане, зазначыла Святлана Міхайлаўна, могуць ганарыцца сваім укладам у сімвалічны хлебны каравай Міншчыны. Сёлетні намалот яе збожжавай нівы склаў 2 мільёны 100 тысяч тон. Запланаванае – дасягнута. Ганаровую грамату абласнога выканаўчага камітэта Святлана Герасімовіч уручае Генадзю Корбіту, начальніку вытворчага ўчастка № 1 адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы». За добрасумленную працу і асабісты ўклад у развіццё гаспадаркі. Напрыканцы свайго віншавання старшыня абласнога Савета дэпутатаў адзначае ролю раённай выканаўчай улады, яе кіраўніка ў выкананні прагнозных паказчыкаў развіцця сельскагаспадарчай галіны Вілейшчыны.
Наступаюць урачыстыя хвіліны ўшанавання пераможцаў. На сцэну запрашаюцца лідары спаборніцтва на веснавой сяўбе – індывідуальнага і сярод сельскагаспадарчых калектываў. Узнагароджваюцца тыя, хто дабіўся ўражальных паказчыкаў на корманарыхтоўках і на жніве. Называюцца сельгаспрадпрыемствы, у якіх атрыманы найбольшы рост аб’ёмаў вытворчасці збожжавых і збожжабабовых культур. Заслужаныя ўзнагароды атрымоўваюць тыя, хто плённа працуе ў галіне жывёлагадоўлі.
З віншаваннямі да калег звяртаецца старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ігар Шавялёў. І – адна з інтрыг раённых дажынак: уручэнне прыза «За адданасць полю». Яго ўладальніка штогод вызначае рэдакцыя газеты «Шлях Перамогі». Традыцыя захавана і на гэты раз. Прыз уручаецца трактарысту-машыністу акцыянернага таварыства «Алая зара» Ігару Чайкоўскаму, які на трактары «Беларус 3022» узяў на сябе сёлета практычна ўсю нагрузку на веснавой сяўбе яравых культур у гаспадарцы. Ігар Зыгмундавіч – патомасны хлебароб. Ён пайшоў па слядах бацькі, перасеўшы на яго трактар пасля таго, як Зыгмунд Вікенцьевіч, перадавы механізатар гаспадаркі, пайшоў на заслужаны адпачынак. Вянок, абрамлены жытнёвымі калоссямі, Ігар будзе захоўваць як напамін не толькі сабе, але і нашчадкам, аб адданасці жніўнаму полю, вернасці бацькоўскай хаце, сцежкам дзяцінства. З чаго і пачынаецца любоў да вялікай Радзімы.
Не адзінокі ў сваім зямным клопаце хлебароб. І ён удзячны за падтрымку сваім сябрам – шэфам Першамайскага раёна сталіцы, навучэнцам устаноў адукацыі, раённаму цэнтру занятасці, якія ў самыя напружаныя моманты сельгасработ прыходзяць на дапамогу, дэманструючы разуменне адной простай і высокай ісціны: хлеб – усяму галава.
А завяршаецца ўрачыстасць святочным канцэртам, арганізаваным мастацкімі калектывамі раёна. Усе нумары праграмы арганічна спрэсаваны, злучаны ідэяй ушанавання лепшых прадстаўнікоў вілейскай зямлі. Аналіз мастацкай вартасці выканаўцаў пакінем для прафесіяналаў. «Усім спадабалася» – такую выснову можна зрабіць, зыходзячы з рэакцыі залы, якая не шкадавала апладысментаў для самадзейных артыстаў.
Марыя КУЗАЎКІНА
При использовании фотографий ссылка на источник ОБЯЗАТЕЛЬНА!
Фото Марины ПУЦЕЙКО




























