Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Расклад святочных набажэнстваў у касцёле Узвышэнне Святога Крыжа ў Вілейцы

Гэтымі словамі велікоднага прывітання сардэчна віншую ўсіх вас, дарагія парафіяне і жыхары Вілейшчыны!
У Евангеллі паводле Яна мы даведваемся, як «у першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго».
Магдалена здзіўлена, бо камень, якім быў закрыты ўваход да грабніцы, адвалены. А Евангелле паводле Лукі кажа, што анёл, які знаходзіўся ўнутры магілы, сказаў жанчынам міраносіцам: «Каго вы шукаеце? Езуса з Назарэту? Яго няма тут, Ён уваскрос!» У Евангеллі паводле Мацвея анёл наказаў ім абвясціць пра гэта апосталам і сказаць, каб спяшаліся ў Галілею на спатканне з Ім.
Тое, што ўбачыла Магдалена і жанчыны міраносіцы, здзівіла іх, а словы анёла прагучалі вельмі нечакана. Бо, сапраўды, хто і калі бачыў, каб памерлы жыў?!
Я жыву, і вы будзеце жыць, – кажа Езус. Гэтае абяцанне рэалізавалася ў велікодную раніцу. Яно кажа нам, што толькі ў Хрысце мы можам мець новае жыццё. Калі Бог уваходзіць у жыццё чалавека, то чыніць гэта паводле сваёй волі. А тое, што чыніць, з’яўляецца найлепшым, што можа спаткаць чалавека на шляху веры, бо Бог хоча толькі дабра. Так сталася і ў велікодную раніцу, калі ў Езусе Хрысце Бог ажыццявіў свой план збаўлення чалавека.
Свята Пасхі не павінна быць толькі ўспамінам той знакавай падзеі, якая змяніла бег гісторыі, абагачаючы яе ласкай уваскрасення як падмурку нашай веры і надзеі на жыццё вечнае, але павінна стаць часткай нашага жыцця. Вялікдзень – гэта Божы дар і адначасова заданне адкрыць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту, адкрыць сэрцы на Добрую Навіну аб перамозе жыцця над смерцю, каб яна іх перамяніла і напоўніла велікодным зместам аб збаўленні чалавека і сапраўднай радасцю збаўленых дзяцей Божых, чаго ад усяго сэрца ўсім вам жадаю.
Радасных, поўных ласкі ўваскрослага Пана святаў Пасхі!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дзекан Вілейскі кс. Аляксадр Барыла.

Расклад святочных набажэнстваў  у касцёле Узвышэнне Святога Крыжа  ў Вілейцы
30 сакавіка, Вялікая Субота.
У Вялікую Суботу Касцёл трывае ў малітоўным чуванні перад грабніцай Хрыста.
Асвячэнне велікодных страваў адбудзецца кожную гадзіну з 8.00 да 17.00.
Пасхальная Літургія распачнецца ў 21.00, злучаная з усяночным чуваннем.
31 сакавіка, Нядзеля
Змёртвыхпастання Пана
Пасхальная працэсія і Святая Імша адбудзецца ў 7.00.
Святая Імша ў 11.00 і 18.00.
1 красавіка, Панядзелак у актаве Пасхі
Святая Імша ў 12.00 і 18.00.

1 красавіка

Visited 12 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 229 queries