Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Раней амаль кожная вясковая хата на Вілейшчыне мела “відзік”

Днямі ў рэдакцыю звярнулася магістрантка Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Вольга Трубач з просьбай праз газету звярнуцца да вілейскіх вяскоўцаў, якія маюць у сваіх хатах ці на гарышчы малюнкі на шкле. Дзяўчына піша навуковую працу па гэтым відзе дэкору беларускага жылля, распаўсюджаным у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Яна мае намер скласці каталог малюнкаў на шкле, таму будзе ўдзячная, калі гаспадары дадуць магчымасць сфатаграфаваць гэтыя прадметы. Мы пагаварылі з ёй пра мастацкую вартасць “відзікаў”.

– Дарэчы, ніколі не чула, каб так называлі малюнкі на шкле…

– А ў той масцовасці, адкуль мая бабуля – у Любках Іжскага сельскага Савета – іх называлі менавіта так. У нашай хаце іх не было. Першы малюнак мне падараваў любэцкі жыхар Аляксандр Плёска некалькі год таму, потым малюнак падаравалі сябры з Мечаёў. А гэтым летам я зладзіла імправізаваную экспедыцыю па Каралеўцах, Вутках, Калодках і Іжы з мэтай ацаніць, ці можна яшчэ іх знайсці. Асаблівых надзей у мяне не было – вядома, шкло вельмі далікатны матэр’ял – б’ецца. Аднак мне пашанцавала: у маіх руках апынуліся тры малюнкі. Адзін з іх валяўся пад лаваю на вуліцы, два другіх – зняла з гарышча мой рэспандэнт з Каралеўцаў Тамара Мікалаеўна. Што цікава – “Паненка з макамі” і “Коцік” ужо ёсць ў маёй невялікай калекцыі. А гэта значыць, што быў майстра на Вілейшчыне, які і рабіў гэты від дэкора.

Такая паспяховая вандроўка навяла мяне на думку, што малюнкі на шкле яшчэ захаваліся. Іх трэба шукаць, таму я і звярнулася ў рэдакцыю. Калі ў вас штосьці захавалася, патэлефануйце, калі ласка, па нумары 8029-535-31-05.

– Вы сказалі, што на Вілейшчыне быў майстра. Гэта здагадка? Бо малюнкі ж не падпісаныя.

– У Каралеўцах мне расказалі пра тое, як траплялі “відзікі” ў сялянскія хаты. Уладзімір Іванавіч Рогач добра паматае, як па вуліцы ехаў рызнік і зазываў: “Бабкі, відзікі, відзікі! Чыгуны, косці, рыззё нясіце!”. Ён скупляў гэтыя адходы, а прадаваў ці абменьваў на ніткі, гузікі, стужкі, іншую мануфактуру, сярод якой былі і “відзікі”. Дарэчы, Уладзімір Іванавіч памятае нават, як звалі габрэя-рызніка – Додзік, Додзя. Ён з Куранца. Магчыма, майстра “відзікаў” таксама мог быць адтуль.

– Вольга, якая мастацкая вартасць у малюнкаў?

– Гэта яшчэ адзін напрамак у наіўным мастацтве беларусаў, разам с маляванымі дыванамі і куфрамі. Ён значна менш даследаваны. Бо і саміх малюнкаў менш захавалася, і ў даследчыкаў няма адзінага меркавання – да мастацтва іх адносіць або да кітчу – таннай падробцы пад мастацтва.

Але, як ні кажы, а малюнкі на шкле – з’ява ў беларускім дэкоры. І яе неабходна далей выву-
чаць. Шмат чаго ў гэтым напрамку зрабіў Беларусі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту, які мае ці не самую вялікую калекцыю малюнкаў на шкле. Дарэчы, добрая калекцыя ёсць і ў Вілейскім краязнаўчым музеі. Раней яны нават рабілі сумесныя выставы, на якіх знаёмілі сучаснага гледача з гэтай з’явай.

Тэхніка выканання была наступнай: каляровымі лакамі і алейнымі фарбамі распісвалі шкло, пад якое падкладвалі фольгу ці паперу. Звычайна абрысы абмалёўвалі чорнай лініяй. Фольга давала такое прыглушанае ззянне.

На Вілейшчыне малюнкі на шкле мелі толькі дэкаратыўна-утылітарны характар. У гэтай тэхніцы рабіліся рамкі для фотаздымкаў і самі шкляныя карціны. Сярод сюжэтаў пераважалі выявы букетаў, дзяўчын, жывёл і птушак.

У другіх месцах Беларусі маляванкі на шкле мелі і сакральны характар. Гэта былі абразы, якія месціліся на покуце сялянскага жытла.

Ірына ТРУБАЧ/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries