Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прыз «ШП» «За адданасць полю» на раённым свяце, прысвечаным Дню працаўнікоў сельскай гаспадаркі, атрымаў механізатар ААТ «Чурлёны» Пётр Крывіцкі

Дзесяць год прайшло, як рэдакцыя газеты «Шлях перамогі» ўстанавіла свой прыз «За адданасць полю». Згодна ўмоў, ён прызначаецца хлебаробу – трактарысту, вадзіцелю, камбайнеру, – які няхай сабе не з’яўляецца лідарам спаборніцтва, але ў складаных умовах надвор’я, на не вельмі прадукцыйнай тэхніцы, праявіў найвышэйшую адказнасць за лёс хлеба. Здаралася, нашы героі, уладальнікі прыза, свядома ўступалі лідарства, бо не яго ставілі сваёй мэтай. Сёлета прыз «ШП» «За адданасць полю» на раённым свяце, прысвечаным Дню працаўнікоў сельскай гаспадаркі, атрымаў механізатар ААТ «Чурлёны» Пётр Крывіцкі.

Каштоўнасці вечныя і непераходзячыя. Гаворачы так, мы маем на ўвазе не толькі матэрыяльныя набыткі. Няўмольны час па-свойму распараджаецца імі, падвяргаючы разбурэнню тое, што спраўна служыла чалавеку і было створана клопатам яго нястомных рук. І толькі ў хлеба ёсць вечны працяг. Паколькі складаецца ён з такіх жа вечных пачаткаў – энергіі сэрцаў, святла душаў людскіх, памножаных на шчодры патэнцыял зямлі…

Назіраючы, як узнімаліся на сцэну гарадскога Палаца культуры перадавікі сельскагаспадарчага года, думала пра тое, што ў вёсцы – нашы карані. Там – бацькоўскія хаты, там на палях выспявае калоссе. І маленькія зярняты ствараюць вялікі і слаўны лёс людзей.
Паланяе душу, забірае  ў палон
Шэпат коласа, буйны і звонкі,
Зернем чыстым рассыплецца ён,
Пераплавіўшы сэрцы на зоркі…

Помніцца, гэтыя радкі неяк самі сабой нарадзіліся ў душы падчас гутаркі з маладым кіраўніком аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Столькі было ў яго словах сыноўняй павагі да справы бацькоў, столькі жадання ахвяраваць жыццё ў імя яе працягу. Тады падумалася, што,маючы такі высокі духоўны патэнцыял развіцця, будзе ў вяках жыць вёска. І няхай ёй не прарочаць скептыкі нейкі містычны фінал. Сёння аграгарадкі акумулююць матэрыяльную аснову, якая фарміруе перспектыву галіны, згуртоўваючы аднадумцаў, вечна заклапочаных яе лёсам. Тое новае, што нараджаецца сёння на даляглядах вясковых ніў, становіцца жывым вытокам, які, накшталт гаючай крыніцы не дае загінуць караням, наталяючы іх жыццёвым хараством.
Шчырыя віншаванні адрасаваў працаўнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Развіццё і росквіт краіны, дасягненне яе харчовай бяспекі немагчыма без эфектыўнай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу. Нягледзячы на няпростыя прыродныя ўмовы, Беларусь стабільна задавальняе сваю патрэбнасць у прадуктах харчавання і значную частку сельскагаспадарчай прадукцыі пастаўляе на экспарт, – гаворыцца ў віншаванні.
Кожны з тых, хто ў гэты дзень ушаноўваўся ў Вілейскім Палацы культуры, меў поўнае права на свой кошт прыняць гэтыя словы. Паколькі вынікі жніва былі папярэдне падведзены на раённых дажынках, сцэнарый свята працаўнікоў вёскі прадугледжваў ушанаванне ў наступных намінацыях: пераможцы раённага спаборніцтва на веснавой сяўбе, на нарыхтоўцы кармоў, у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Вядучыя называлі імёны, якія не аднойчы гучалі і на газетных старонках, у сюжэтах з жыцця вілейскай нівы, створаных журналістамі раёнкі. Героямі нашых публікацый былі трактарысты-машыністы Уладзімір Мандрык (ААТ «Новая Вілія»), Часлаў Гакуць (ААТ «Нарачанскія зоры»), Аляксандр Верамей (ААТ «Чурлёны»), Барыс Яўгель (УП «Першы Беларускі») і многія іншыя працаўнікі вёскі, адзначаныя на свяце. За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, плённую працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі Ганаровых грамат абласнога выканаўчага камітэта ўдастоены галоўны эканаміст філіяла «Юнік-Агра» Таццяна Белякова і жывёлавод акцыянернага таварыства «Новая Любанія» Святлана Бурмістрава. А механізатар Алег Балгарскі з «Нарачанскіх зораў» – удзячнасці старшыні абласной выканаўчай улады. Павіншаваў віляйчан са святам і старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч, уручыўшы ўзнагароды прафсаюзным актывістам.
Сярод сельскагаспадарчых арганізацый на нарыхтоўцы кармоў пераможцамі прызнаны адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Нарачанскія зоры», «Сцешыцы» і філіял «Усходні».
Гучаць імёны тых, каго сёння за адданую працу гатова аддзячыць зямля. Толькі хутчэй за ўсё не пра лідарства думалі перадавікі падчас гарачай жніўнай пары, ступаючы ў кабіну камбайнаў, на золку адчыняючы дзверы жывёлагадоўчых памяшканняў, вядучы агрэгаты па свежаму мурагу сенажацей. У атрыманых імі ўзнагародах – спраўджаныя надзеі. На намалоты, прывагі, надоі – усё, што стварае эканамічны і гаспадарчы патэнцыял сельскагаспадарчай галіны. Пра гэта гаварыў, вітаючы ўдзельнікаў свята, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Ігар Шавялёў: «Сёння, у складаных умовах сучаснай эканомікі, дасягненні аграрыяў асабліва каштоўныя і вартыя павагі, яны яшчэ раз даказваюць працавітасць чалавека, яго цярплівасць і настойлівасць, адданасць сваёй справе». Шчырыя словы віншавання прысутным адрасавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч.
Былі названы імёны лепшых прадстаўнікоў перапрацоўчай галіны, а таксама выказана падзяка старшыні райвыканкама гараджанам, якія пастаянна аказваюць вёсцы шэфскую дапамогу. Сярод шэфаў – і навучэнцы ўстаноў адукацыі горада і раёна.
Хвалююча прагучала ў вуснах вядучых свята прывітанне ветэранам сельскагаспадарчай галіны, што па даўняй добрай традыцыі запрашаюцца на свята. Праз колькі часу ў рэдакцыю патэлефанавала Таіса Пятроўна Церахава, былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Знаходзячыся пад уражаннем цёплага прыёму, шчырай гутаркі з сённяшнім кіраўніцтвам галіны, Таіса Пятроўна прасіла выказаць за гэту павагу вялікую ўдзячнасць Ігару Шавялёву, усім працаўнікам вілейскай нівы, якія сёння здабываюць такі ж нялёгкі, як і раней, хлеб. Пажадаць заўсёды спрыяльнага надвор’я і дасягненняў, якімі маглі б ганарыцца не толькі яны самі, але і іх папярэднікі. Тыя, што паклалі свае важкія цагліны ў падмурак развіцця сельскай гаспадаркі Вілейшчыны.
Традыцыйны прыз рэдакцыі газеты «Шлях перамогі» аўтару гэтых радкоў выпаў гонар уручыць трактарысту-машыністу адкрытага акцыянернага таварыства «Чурлёны» Пятру Крывіцкаму. Гэты прыз – вынік нашай журналісцкай ацэнкі хлебаробскай працы, заснаваны на сваім асабістым падыходзе да асэнсавання ўкладу кожнага ў агульны вынік. Не ўсё лічбамі мераецца. Ёсць асаблівы стан сялянскай душы, які вымушае хлебароба дбаць за лёс самага маленькага коласа на жытнёвым полі. З пазіцыі менавіта духоўнай сузіральнасці мы, журналісты, падыходзім да вызначэння ўладальнікаў сваёй узнагароды.
Творчым падарункам хлебаробам стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны артыстамі Палаца культуры і мастацкімі калектывамі раёна.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Сяргея БЯДРЫЦКАГА

p style=»text-align: justify;»

Visited 20 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries