Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня ў час прэс-канферэнцыі для цэнтральных і рэгіянальных беларускіх СМІ, якая доўжылася больш за пяць гадзін, адказаў на самыя злабадзённыя пытанні, якія хвалююць грамадзян краіны. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Большая частка гутаркі датычылася бягучай эканамічнай сітуацыі і мер па выхаду з яе. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні адна з дзяржпраграм згорнута не будзе, а ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная сфера па-ранейшаму застануцца прыярытэтнымі ў дзяржаве.
Журналісты цікавіліся адносінамі Беларусі з яе бліжэйшымі суседзямі, удзелам нашай краіны ў розных інтэграцыйных аб’яднаннях. Шэраг пытанняў датычыўся жыцця рэгіёнаў і далейшага іх развіцця.
Беларусь захавае сваю сацыяльна-эканамічную мадэль развіцця
Звяртаючыся да журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сённяшняя прэс-канферэнцыя даўно была запланавана і ўключана ў яго рабочы графік. «Хоць, шчыра кажучы, мне раілі не праводзіць гэту прэс-канферэнцыю, паколькі сітуацыя складаная. На што я задаў адно рытарычнае пытанне: «Тады навошта наогул прэс-канферэнцыі праводзіць?» – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Кіраўнік дзяржавы павінен сустракацца з журналістамі і абмяркоўваць самыя актуальныя пытанні нашага жыцця. І калі яны складаныя, пошук рашэнняў ляжыць не толькі ў цішы кабінетаў».
Паводле яго слоў, ва ўзнікшай у краіне паніцы, у тым ліку на спажывецкім і валютным рынках, вялікую ўдзельную вагу адыграла і работа журналістаў. «На валютным рынку з гэтага ўсё і пачалося. Пры спакойным ходзе падзей мы б і сёння спакойна жылі. Але пры той рыначнай, у гэтым выпадку чыстай «некіруемай» эканоміцы, мы атрымалі тое, што маем. Я гавару не таму, што хачу лішні раз папракнуць прэсу, а для таго, каб нагадаць кожнаму журналісту аб яго грамадзянскай адказнасці і прафесійным абавязку. Задача сапраўднай журналістыкі – гэта сумленнае і поўнае інфармаванне людзей аб сітуацыі, фарміраванне канструктыўнага грамадскага меркавання, кансалідацыя намаганняў на вырашэнне задач і ўстараненне праблем», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Каменціруючы артыкулы ў некаторых СМІ аб тым, што нарэшце беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль абвалілася, Прэзідэнт падкрэсліў: «Нікуды яна не абвалілася і ніколі не абваліцца». «Сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця беларускай дзяржавы быць. Мы ад яе ні на ёту, ні на крок не адступім. Так, сёння склаліся пэўныя праблемы. І я ўжо гаварыў: не трэба ніводнаму чыноўніку выходзіць і бразгаць языком, што трэба тужэй зацягнуць паясы. Большага глупства не знойдзеш, – падкрэсліў беларускі лідар. – Няма той сітуацыі, каб сёння зацягваць паясы. Мы ішлі сваім шляхам, і мы будзем ім ісці».
Крызісу ўлады ў Беларусі дапусціць нельга
«Многія кажуць: хто вінаваты, чаму Прэзідэнт да гэтага часу не адрэзаў некаторым галовы? На гэта я хачу сказаць. Паважаныя таварышы, я не пацан і не хлопчык. Я бачу аб’ектыўныя прычыны і суб’ектыўныя. Я бачу, хто вінаваты і не вінаваты. І я сказаў – так, ёсць людзі, якія за гэта павінны адказаць, але попелам галаву пасыпаць нельга», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі нават Нацыянальны банк ажыццявіў залішнюю эмісію грошай, укінуўшы гэтыя грошы ў эканоміку, то і многае зроблена, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, завяршаючы мадэрнізацыяй у нафтаперапрацоўцы. «Чаго мы мітусімся, чаго мы пасыпаем попелам галаву і крычым: «Давай, Лукашэнка, рэж! Я ж ведаю, хто падкідае гэтыя ідэі. Нам што, яшчэ на гэту паніку і ажыятаж, які мы перажываем, накласці крызіс улады? Вось тады будзе канец. Усе гэта добра разумеюць», – сказаў Прэзідэнт.
Валюты ў абменніках пакуль не будзе
«Калі вы хочаце ў мяне спытаць, ці будзе ў абменніках валюта, – не будзе пакуль. А можа, і будзе, калі хтосьці прынясе. Але дзяржава ў гэту гульню да 1 ліпеня як мінімум гуляць не будзе. Ведаеце ,чаму? Таму што многія хочуць купіць аўтамабілі. Не спаў ажыятаж. Скупяць гэту валюту, $2 млрд. вылецяць у трубу. Я на гэта не пайду», – сказаў Прэзідэнт.
«Вось як мы ідзём спакойна, так і пойдзем. А потым – паскорымся. Але гэта будзе ў ліпені месяцы. Вось, калі хочаце, праўда. Большага я сказаць вам проста не магу і не маю права. Не таму што я цямню. Таму што нам трэба дакладней выбраць курс, або выхад з балота, у якое мы трапілі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Адстаўка ўрада і кіраўніцтва Нацбанка прывяла б да хаосу
«У нас новы ўрад, куды яму даваць адстаўку? Гэта першае пытанне. І другое – назавіце прозвішчы тых, хто можа ўзначаліць урад і Нацбанк, – сказаў Аляксандр Лукашэнка і назваў гэтыя пытанні рытарычнымі. – Людзей, якія ведаюць, што такое праца і адкуль бяруцца грошы, вопытных людзей – адзінкі».
«Вінавацьце мяне – у мяне ў руках усе паўнамоцтвы, – прадоўжыў Прэзідэнт. – Я гэта перажыву, мне не прывыкаць. Для мяне важна цяпер не вышукваць кагосьці і публічна для піяру некаму скруціць галаву. Не гэта галоўнае».
Тыя, хто заклікае да пошуку і пакарання вінаватых у існуючай сітуацыі, хочуць спарадзіць хаос улады, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Такі падарунак я ім зрабіць не магу», – дадаў ён
Паводле яго слоў, перш чым рэзка вырашаць валютную праблему неабходна паглядзець, куды пайшлі гэтыя грошы. «На лякарствы, на газ, на нафту… Колькі насельніцтва скупіла? Насельніцтва да гэтага часу прадаўжае купляць валюту, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Прадае больш, чым купляе».
Рэформа ў выглядзе прыватызацыі лепшых
прадпрыемстваў за бясцэнак Беларусі не патрэбна
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнім часам часта чуваць размовы аб неабходнасці правядзення ў Беларусі нейкіх рэформ. «Калі нам прапанаваў сёй-той крэдыт, нам гавораць: трэба рэфармаваць беларускую эканоміку. Вы ведаеце, што яны мелі на ўвазе, – сказаў Прэзідэнт. – У нас сёння вельмі шмат дзяржаўных прадпрыемстваў і занадта многа дзяржаўных пакетаў акцый у акцыянерных таварыствах. Нам кажуць: рэформа – гэта прыватызацыя, прадаць прадпрыемства».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён не выступае супраць прыватызацыі. «Але калі б гэта была ваша ўласнасць або вы былі б на маім месцы, вы падумалі б: так, прадаць можна, але падаражэй. Танна ніхто не прадасць», – канстатаваў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Беларусь гатова прадаць нават адно з самых каштоўных прадпрыемстваў – «Беларуськалій», рэнтабельнасць якога, паводле слоў Прэзідэнта, складае ад 70 да 100 працэнтаў. «Мы нават гэта прадпрыемства гатовы прыватызаваць. Умовы прапісаны: каб яно развівалася, каб яго не закрылі, каб работнікі атрымлівалі кожны год большую заработную плату, сацыяльна былі абаронены, і галоўнае – каб гэта прадпрыемства мадэрнізавалася», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цана продажу «Беларуськалія» ўжо называлася – $30 млрд. «Я назваў суму – $30 млрд. Прыходзьце, будзем вырашаць. Калі ў вас $12 млрд., прадаю 40 працэнтаў (акцый «Беларуськалія». – Заўвага БЕЛТА)», – паабяцаў Прэзідэнт.
І пасля гэтай дэвальвацыі будзем жыць нармальна
«Так, на жаль, двойчы мы прыходзілі да гэтай непапулярнай меры, але не загінулі ж. Пасля той дэвальвацыі (у студзені 2009 года. – Заўвага БЕЛТА) мы нармальна жылі. І пасля гэтай будзем нармальна жыць. Але ўжо такога размаху, і ў жыллёвым будаўніцтве, і ў сельскай гаспадарцы, нам і не трэба, і не будзе, нават калі будзе патрэбна. Трэба крыху нам больш акуратнымі быць. Так размахвацца мы больш не будзем, будзем весці палітыку больш акуратна», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Дэвальвацыя нацыянальнай валюты – гэта карысць для экспартаарыентаванай эканомікі. І сёння прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт, маюць нармальныя грошы, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Так, ёсць некаторыя прадпрыемствы, чыста імпарцёры, мы іх будзем падтрымліваць і выдзяляць валюту, каб яны не абваліліся».
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гаворыць аб адсутнасці ў Беларусі крызісу, маючы на ўвазе тое, што ў краіне не закрываюцца заводы і фабрыкі, людзей не выкідваюць на вуліцу.
«Галоўнае, каб мы гэты час не праелі. Галоўнае цяпер – атрымаць з гэтага выгаду. Трэба ўкласці грошы ў мадэрнізацыю і павышэнне якасці прадукцыі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Крэдытныя рэсурсы патрэбны Беларусі для стварэння падушкі бяспекі
«Нам гэтыя мільярды тры патрэбны не для таго, каб кудысьці ўкінуць, а для таго, каб у Нацыянальным банку стварыць падушку бяспекі. Каб у нас не 5-7 мільярдаў было вось гэтых золатавалютных рэзерваў, а 10-13. Як толькі будзе больш як 10, нам гэтыя катаклізмы будуць не страшныя», – адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што калі б і не былі выдзелены гэтыя сродкі ЕўрАзЭС, выйшлі б з гэтай сітуацыі. «Тым больш гэта крэдыт. Хоць і невялікі працэнт, але ўсё роўна яго трэба вяртаць. Проста так бясплатна грошай ніхто не дасць», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка і падкрэсліў, што трэба разумна распарадзіцца грашыма.
Прэзідэнт дадаў: «У нас 30 працэнтаў абавязковага продажу (валютнай выручкі прадпрыемстваў. – Заўвага БЕЛТА), а колькі працэнтаў рэальна ў сярэднім прадаюць?…». Развіваючы гэту тэму, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прадаецца 18 працэнтаў ад усёй валютнай выручкі. Тлумачачы, дзе ж астатнія 12 працэнтаў, ён сказаў: «Льготнікі тыпу «Беларуськалія». Яны вызвалены ад абавязковага продажу цалкам. А гэта ж немалыя грошы… Калі б усе без ільгот прадавалі 30 працэнтаў, у нас бы пад мільярд засталося. Таму я кажу, што мы нават тут самі можам з гэтай сітуацыі выкарабкацца».
У Беларусі да нізкіх пенсій установяць даплаты
«Прыкладна 800 тыс. чалавек ужо атрымалі даплаты, – сказаў Прэзідэнт. – І каля Br180 тыс. будзем даплачваць тым, у каго невысокія памеры пенсій. Я аддаў такое распараджэнне: у ліпені даплацім, і нядрэнна даплацім, каб яны маглі справіцца з сітуацыяй».
«А потым паціху-паціху будзем выходзіць на той узровень (ёсць міжнародная методыка), каб чалавек мог нармальна існаваць пры гэтых цэнах, – дадаў Аляксандр Лукашэнка. – Вось якая палітыка ў гэтым плане будзе ажыццяўляцца. Людзям не трэба крыўдзіцца, што няма інфармацыі».
Беларусь справіцца з бягучай сітуацыяй у эканоміцы на працягу некалькі месяцаў
«Мы на працягу некалькіх месяцаў, нават без крэдытаў, якія нам выдзелілі, з сітуацыяй справімся. Паверце, справімся», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца вяртання знешніх даўгоў, то, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь прадастаўляе суб’ектам гаспадарання на біржы валюту для вяртання крэдытаў. «Па-першае, мы сёння плацім за прыродны газ, па-другое, купляем за валюту лякарствы, а па-трэцяе, вяртаем крэдыты. Таму што самае страшнае – калі ты пазычыў і не вяртаеш, – сказаў Прэзідэнт. – Гэта адзін напрамак. Але я не выключаю і другога напрамку: дзесьці штосьці мы якую-небудзь долю чагосьці прададзім і будзем вяртаць гэтыя крэдыты».
Умяшанне дзяржавы ў эканоміку абгрунтаванае
«Я ведаю сітуацыю ў эканоміцы, і гэтыя размовы аб тым, што дзяржава не павінна перашкаджаць бізнесу працаваць. Скажыце, а каму мы перашкаджаем, у чым? Мы нават праверкі змянілі. Я ўжо разагнаў кантралёраў, і яны баяцца хадзіць нават там, дзе трэба правяраць», – адзначыў Прэзідэнт.
«Так, можа быць, дзе-нідзе ёсць і валакіта. Але гэта жыццё», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У асноўным жа, напрыклад, з рэгістрацыяй бізнесу ў краіне праблем няма: ідзі рэгіструйся і працуй.
«Гавораць, трэба спрасціць падатковае заканадаўства, скараціць падаткі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Але мы ўжо тры разы рэфармавалі падатковае заканадаўства. І гэты працэс прадаўжаецца». Калі параўнаць падатковую сістэму Беларусі з сістэмамі іншых краін, то аказваецца, што наша сістэма прасцейшая. Што датычыцца бухуліку, то ён таксама ў Беларусі пастаянна спрашчаецца. «Мы першыя сярод краін СНД перайшлі на ўлік па стандартах Еўрапейскага саюза. Таму сёння не так проста, і ўсе стогнуць, што трэба прасцей. Я іду на повадзе і, калі трэба, спрашчаю. Напэўна, на працягу года-двух мы створым зусім простую сістэму», – дадаў Прэзідэнт.
«Слава богу, што прыкладна 30 працэнтаў аптовага гандлю я захаваў у дзяржавы. І слава богу, што канкрэтныя прадпрыемствы, супер- і гіпермаркеты і іншыя будаваліся па маім дазволе. Не так проста іх было пабудаваць. Я настаяў, каб яны былі пабудаваны. І бізнесмены ў нейкай ступені мне абавязаны. Мы да іх звярнуліся, таму што яны сёння асноўны гандаль ажыццяўляюць. Людзі, цяжка, давайце, пацярпіце, няхай рэнтабельнасць будзе невялікая. І яны адгукнуліся. А калі б гэтага не было? І што мне ад гэтага неўмяшання і некантролю цэн? – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Таму так, у гэтай сітуацыі я ўмяшаўся. Некаму не падабаецца, але я так вырашыў. Я маю права прыняць гэта рашэнне. І як аказалася, яно справядлівае. Гэта было абгрунтаванае рашэнне. Нават пры гэтых цэнах усе працуюць і не гінуць. Дык якое ж тут умяшанне?»
Беларусы павінны жыць на сваёй зямлі і будаваць сваё шчасце самі
«Я прэзідэнтам не першы тэрмін, не пяць гадоў і не тры гады. Я вось наеўся ўжо гэтага. І калі камусьці так хочацца паспрабаваць – прыйдзе час, паспрабуеце. Толькі падумайце, ці зможаце вы з гэтым чалавекам утрымаць краіну. Я ж разумею, што вы не хочаце ні ў складзе Расіі быць, ні ў Еўрасаюзе на прынцыпах прыбалтыйскіх дзяржаў. І правільна, і я гэтага не хачу. Я хачу, каб мы сваё шчасце знайшлі тут», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Такая палітыка і такая незалежнасць дорага каштуюць, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. «Гатовы вы за яе плаціць – давайце будзем плаціць. Не гатовы – скажыце, што вы не гатовы, 90 працэнтаў нашага насельніцтва. Я з вамі, вядома, не пайду іншым шляхам, але вы – калі ласка, можаце ўваходзіць у склад любой дзяржавы, у склад Еўрасаюза, але без мяне, – сказаў ён. – Але пакуль тое, што я прапаную грамадству і вам: давайце жыць на сваёй зямлі і як ні было б складана і цяжка будаваць сваё шчасце самім тут – пераважнай большасцю грамадства гэта нармальна ўспрымаецца».
Працоўныя мігранты павінны аплачваць камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме
«Калі чалавек шукае, дзе лепш, мы перашкаджаць гэтаму не можам, але падаткі ў нашу казну ён плаціць павінен», – сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне адносна нядаўняй крытыкі наконт ад’езду беларускіх спецыялістаў за мяжу, агучанай ім у час наведвання мінскага раёна Усходні.
«Чаму ён (працоўны мігрант. – Заўвага БелТА) павінен за камунальныя паслугі плаціць 23 працэнты або 26 працэнтаў (ад сабекошту. – Заўвага БелТА), а не 100 працэнтаў? Калі ласка – едзь, але за камунальныя паслугі трэба плаціць у поўным аб’ёме», – сказаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён нагадаў, што дзяржава датуе 77 працэнтаў ад кошту камунальных паслуг. «Чаму мы павінны яго ўтрымліваць? У тым ліку і па медыцынскім напрамку. Мы паглядзім, па якіх яшчэ напрамках», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі ласка: зарабіў грошы – пайдзі заплаці. Мы цябе будзем лячыць. Але за грошы. Няхай на мяне не крыўдзяцца. Мы павінны лічыць, там, дзе трэба лічыць. Тут няма нічога асаблівага: едзь, але заплаці», – дадаў кіраўнік дзяржавы.-
Няма ніякай неабходнасці здымаць грошы з банкаўскіх укладаў
«Калі вы хочаце яшчэ і банкі ў крызіс ўвесці, то бяжыце і здымайце, але потым будзе яшчэ складаней. Няма ніякай неабходнасці беларускія грошы здымаць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, калі пачнецца актыўнае зняцце грошай з укладаў, то тады не трэба разлічваць на павелічэнне дапамог і зарплат: «Гэта ж эканоміка нашай краіны. Гэта самая галоўная падушка бяспекі. Самыя вялікія сродкі ў нас у насельніцтва. У любой дзяржаве грошы насельніцтва ў банках – гэта вялікі рэсурс».
«І калі вы іх адтуль возьмеце, вы спародзіце новы крызіс. Хочаце новага крызісу, банкаўскага, – бяжыце здымайце», – сказаў беларускі лідар.
Пры гэтым ён адзначыў: «У банку, няхай не на 30 працэнтаў пад інфляцыю, хоць мы плануем і гэта зрабіць, але грошы індэксуюцца. Навошта сёння з рахункаў здымаць грошы?»
Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што ў разы павялічыліся выпадкі рабавання грашовых сродкаў, паколькі злачынцы скарысталіся сітуацыяй.
«Максімум ў ліпені-жніўні мы практычна адкажам на ўсе вашы пытанні (па дзеяннях, накіраваных на стабілізацыю ў эканоміцы. – Заўвага БелТА)», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Не выключаны палітычны складальнік пры вырашэнні
пытання выдзялення Беларусі крэдыту МВФ
«Мы не маем абсалютна ніякіх ілюзій. Усё, што трэба было МВФ, мы зрабілі нават удвайне. Мы ўсё гэта зрабілі. Што там, відаць, будзе нейкі палітычны складальнік, я не выключаю. Я сапраўды апасаюся, што ЗША і Еўрасаюз могуць блакіраваць гэтыя крэдыты», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб магчымасці выдзялення Беларусі крэдыту па лініі МВФ. «Ну, заблакіруюць – перажывём. У ліпені я, можа, адмоўлюся і ад іншых крэдытаў. Таму дапамогуць – вялікі дзякуй. Не дапамогуць – толькі палітычны складальнік», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Шматдзетныя сем’і будуць мець ільготнае жыллё
Цяпер многія скардзяцца, як цяжка пракарміць адно дзіця або двое. «Я ж абяцаў: вось калі народзіце трэцяе, яно будзе маім, і тады ўсе прэтэнзіі да мяне. Я буду падтрымліваць такія сем’і», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што ў выпадку, калі ў маладой сям’і няма кватэры і яна ніколі яе не атрымлівала раней з дзяржаўнай падтрымкай, то такім сем’ям таксама будзе аказана дзяржаўная падтрымка, але пасля шматдзетных сем’яў.
«Такога разбою ў будаўніцтве мы больш не дапусцім і такія сродкі туды ўкладваць больш не будзем», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Каму яшчэ, акрамя шматдзетных сем’яў, будуць прадастаўлены льготы на будаўніцтва, вырашыць урад, зыходзячы з нашых магчымасцей. Але нічога згортваць мы не будзем і выкідваць таксама нікога не будзем. Хтосьці атрымае жыллё раней, хтосьці пазней», – адзначыў Прэзідэнт.
Купля легкавых аўтамабіляў для беларусаў будзе даступнай
Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што яго таксама хвалюе пытанне падаражання легкавых аўтамабіляў у сувязі з павышэннем мытных пошлін на іх з 1 ліпеня 2011 года. «У гэтым плане я вам нічога не хачу абяцаць, але не бывае бязвыхадных сітуацый. Знойдзем выйсце з гэтай сітуацыі, і нашы людзі ўшчэмленымі ў плане набыцця аўтамабіляў не будуць», – сказаў Прэзідэнт.
Ён паабяцаў вырашыць гэта пытанне. «Мы падумаем, прапрацуем з Расіяй розныя варыянты, і я ў бліжэйшы час займуся гэтымі пытаннямі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Знойдзем выйсце, гарантую». Ён не выключыў магчымасці будаўніцтва ў Беларусі аўтамабільнага завода. Цяпер гэта пытанне са многімі краінамі прапрацоўваецца. Хоць з Іранам і з «Фордам» не атрымалася, прызнаў Аляксандр Лукашэнка.
Ва ўсім жа астатнім, лічыць Прэзідэнт, Мытны саюз не прынёс шкоды Беларусі. Больш таго, Расія зняла ўсе абмежавальныя бар’еры, якія былі ёю ўведзены ў час сусветнага крызісу. З 1 студзеня 2012 года будуць адзіныя правілы дзяржаўных закупак у Адзінай эканамічнай прасторы.
Таму ўвядзенне пошлін на аўтамабілі – гэта плата за Мытны саюз, дзе Беларусь атрымала для сябе пэўныя выгады, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што членства ў Мытным саюзе дало Беларусі магчымасць атрымліваць газ з Расіі танней, чым, напрыклад, яго купляе Украіна. Таксама Беларусь атрымлівае поўнасцю бяспошлінную расійскую нафту, за выключэннем прэміі з кожнай тоны нафты.
Настаўнікам будзе аказана дапамога
«Настаўнік, як і ўрач – гэта палітычная апора не толькі ўлады, але і дзяржавы. Менавіта гэтыя людзі дапамагаюць уладзе дайсці да насельніцтва, і мы будзем старацца дапамагчы ім ва ўсім», – адзначыў ён.
Гаворачы аб дзіцячым адпачынку, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў гэтым годзе будзе аздароўлена каля паўмільёна дзяцей. Пры гэтым кошт дзіцячых пуцёвак на 70 працэнтаў датуецца дзяржавай. «А гэта немалыя грошы, і мы будзем прадаўжаць гэту работу», – адзначыў ён.
Наконт тэмы ўкаранення ў школах новых камп’ютарных тэхналогій, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, хутчэй за ўсё, пакуль не трэба з імі спяшацца. «Я ў гэтых адносінах строгі кансерватар. Я любіў і люблю кнігу, мне страшна ўявіць, што хутка з-за ўсіх гэтых тэхналогій мы не возьмем у рукі кнігу. Я баюся гэтага, таму што для мяне кніга – гэта святое».
У цэлым, на думку Прэзідэнта, сёння ў сістэме адукацыі зроблена шмат. У краіне дастаткова школ і дзіцячых садоў. Адзіная праблема ў Мінску – гэта адлегласць, якую даводзіцца пераадольваць некаторым бацькам, каб адвесці дзіця ў дзіцячы сад. Гэта звязана з тым, што ў цэнтры горада насельніцтва пастарэла, а дзіцячыя сады засталіся і пустуюць. Гэта праблема, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, будзе вырашана на працягу бліжэйшых 1-2 гадоў.
Па матэрыялах БелТА







