Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прайшоў час, і зусім іншым стаў Куранецкі дом-інтэрнат

У Куранецкім доме-інтэрнаце бываю нярэдка. І кожны раз, прыязджаючы сюды, бачу нейкія перамены да лепшага. Памятаю тое цяжкае пачуццё, з якім многа гадоў назад упершыню пераступіла парог установы. Спёртае паветра (тут заўсёды ёсць ляжачыя людзі), пафарбаваныя ў змрочны колер казённыя сцены, адзінокія фігуркі насельнікаў… Але прайшоў час, і зусім іншым стаў дом-інтэрнат. Ён зараз для дваццаці дзевяці адзінокіх людзей стаў сапраўдным домам, дзе цёпла, чыста, па-хатняму ўтульна. Дзе ў кожным пакойчыку – абразы на сценах, дзе ўваходзячага сустракае не спёртае паветра, а смачны пах з кухні.

Святочна ўпрыгожана ў гэтыя дні ўстанова. З Новым годам і Калядамі нямоглых і адзінокіх людзей віншавалі многія. Традыцыйна з падарункамі сюды наведваліся супрацоўнікі падатковай інспекцыі, часта бываюць валанцёры з Маладзечна, сталічныя і нават замежныя госці.
– Для маладзечанскіх валанцёраў існаванне нашага дома-інтэрната стала адкрыццём, – гаворыць дырэктар установы Анатоль Бура, – і цяпер яны сталі лепшымі нашымі сябрамі. Вось і Дзень работнікаў сацыяльнай абароны адзначылі не без іх дапамогі, за што ім шчыра ўдзячны.
У гэтым годзе Анатоль Уладзіміравіч вырашыў зрабіць свята людзям, якія працуюць у доме-інтэрнаце. Заслужылі яны і цёплых слоў, і хоць невялічкіх падарункаў. Што і казаць, далёка не кожнаму па плячы гэта ноша – даглядаць хворага чалавека, нават свайго, самага роднага, а тут жа – чужыя людзі…
Па-святочнаму прыбраная сталовая дома-інтэрната на пэўны час ператварылася ў зручную актавую залу. Тут сабраліся працаўнікі ўстановы і тыя, хто прыйшоў іх павіншаваць з прафесійным святам. Адміністрацыя і прафкам дома-інтэрната агульнымі намаганнямі знайшлі неабходнае для таго, каб сумленная шматгадовая праца лепшых супрацоўнікаў была адзначана. Цёпла павіншаваўшы ўсіх са святамі, Анатоль Бура ўручыў падзячныя граматы ўстановы і канверцікі з грашыма Ірыне Гайчук, Людміле Валынец, Сяргею Баравому, Людміле Алейнік, Таццяне Шабан, Людміле Жалняровіч, Ірыне Бутэр, Святлане Астроўскай.
Упершыню за шматгадовую працу ва ўстанове пачулі яны прылюднае «дзякуй», і гэта, безумоўна, прыемна ўзрушыла.
З падзякай за няпростую працу звярнуўся да сацыяльных работнікаў настаяцель Куранецкай царквы айцец Аляксандр. Ён падкрэсліў, што догляд хворых – гэта своеасаблівы подзвіг і, разам з тым, духоўны рост чалавека.
Вясёлымі песнямі і танцамі віншавалі супрацоўнікаў дома-інтэрната куранецкія культработнікі. Іх выступленне стала лагічным завяршэннем святочнага мерапрыемства.
– Што і казаць, нам вельмі прыемна, – падзялілася пасля ўсяго вышэйрасказанага фельчар установы Ірына Гайчук. – З 1998 года тут працую і ўпершыню нас так хораша павіншавалі з прафесійным святам.
Трынаццаць гадоў назад прыйшла Ірына Мяфодзьеўна працаваць сюды медсястрычкай. Думала, часова, на падмену, а вось атрымалася, што на доўгія гады.
– Мне мая работа падабаецца, я ёй жыву, – падзялілася жанчына. – А што нялёгка, дык не страшна. Галоўнае – я патрэбна гэтым людзям, а яны – мне. Кожную раніцу абыходжу палаты, дзе мяне з нецярпеннем чакаюць. Кожнаму трэба сказаць цёплае слоўца, падбадзёрыць. А калі, здараецца, куды адлучаюся па справах, дык мае бабулькі ўжо непакояцца: чаму не зайшлася, ці не здарылася што?
Штодня спяшаецца Мяфодзьеўна (так паважліва-ласкава называюць жанчыну насельнікі дома-інтэрната) з Крывога Сяла, дзе жыве, у Куранец. Спяшаецца сюды, дзе яе чакаюць.
– Напэўна, выкажу думку ўсіх супрацоўнікаў установы, калі ад нас усіх шчыра падзякую дырэктару, – сказала Ірына Мяфодзьеўна. – Вельмі чулы Анатоль Уладзіміравіч чалавек, умелы кіраўнік, які душой хварэе за сваю справу. Карацей, чалавек на сваім месцы.
Перафразаваўшы класіка, у думках я назвала ўстанову домам, дзе саграваюцца сэрцы. Адзінокія сэрцы, для якіх інтэрнат стаў цёплым домам, а супрацоўнікі ўстановы – блізкімі людзьмі.
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара




Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries