Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Посетили Куренецкий дом-интернат

Мы прыехалі ў Куранецкі дом-інтэрнат, дзе па волі лёсу знайшлі прытулак тры дзясяткі адзіноцтваў. Так-так, менавіта адзіноцтваў, бо пераважная большасць з гэтых людзей не мелі сем’яў, дзяцей. Таму іх знаходжанне тут, у інтэрнаце, – з’ява заканамерная. У васьмі ж старэнькіх насельнікаў інтэрната былі і сем’і. На вялікі жаль, дажываць прыйшлося пад наглядам чужых – у адных дзеці далёка, а ў іншых не апраўдалі сыны і дачкі надзей бацькоў, не сталі абаронцамі і выратавальнікамі на старасці.
У інтэрнаце здаралася быць не раз, таму многіх насельнікаў ведаю ў твар, а то і па імені. Вось прыветна ўсміхаецца старажыл установы Часлаў Саўчыц, чалавек спакойны, добразычлівы. Вунь спяшаецца сустрэць гасцей таксама ўжо добрая знаёмая – Лідзія Гайбовіч, маленечкая, хуткая, нягледзячы на паважаны ўзрост.
Сярод насельнікаў інтэрната пазнаю чалавека, якога ведала даўно. Вячаслаў Валынец нарадзіўся ў адной з вёсачак Куранецкага сельсавета, хварэе з дзяцінства. Доўгі час пасля смерці бацькоў жыў адзін. Было, вядома, няпроста. Спачатку не вельмі хацеў у інтэрнат, а вось прыехаў сюды і ўпэўніўся, што дарэмна хваляваўся.
– Мне тут добра, – падзяліўся Славік (так цёпла называюць яго ўсе). – Я ж маладзейшы за ўсіх, стараюся каму і дапамагчы што. А галоўнае, што зусім недалёка царква, зручна хадзіць на службы.
Ва ўтульным холе інтэрната, дзе звычайна бабулі і дзядулі збіраюцца ля тэлевізара, у гэты дзень было людна. Ды, як кажуць, у цеснаце – не ў крыўдзе. З віншаваннямі і падарункамі з Днём пажылых да пенсіянераў прыехалі госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч; дэпутат Аляксандра Салава, дырэктар раённага камбіната бытавога абслугоўвання; старшыня і сакратар раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях і Алімпіяда Шарафановіч; старшыня Куранецкага сельвыканкама Віктар Уліцкі; мясцовыя культработнікі.
– Месяцы два назад мы былі ў вас, – зазначыла, цёпла павіншаваўшы пенсіянераў, Наталія Радзевіч. – А цяпер прыехалі і ўбачылі перамены. Вось і плітка новая пакладзена.Чысценька і ўтульна ў вас, на двары таксама парадак, можна ў цёплае надвор’е адпачываць, дыхаць свежым паветрам.
Многа цёплых слоў было адрасавана насельнікам інтэрната. Былі і падарункі ад гасцей, якім старэнькія былі рады, як дзеці. З асаблівым хваляваннем слухалі бабулі і дзядулі выступленне артыстаў. Гучалі песні пра родную вёсачку, блакітны васілёк у полі – і не-не ды змахваў нехта няпрошаную слязінку. Успаміналася, пэўна, мінулае жыццё… А затым зайгралі вясёлую полечку – і кінуліся ў скокі смялейшыя, пацешылі сябе і іншых.
Калі віншаванні закончыліся, разам з дырэктарам установы яшчэ раз прайшлі па пакоях і калідорах. Новая плітка на калідоры, прыгожая мэбля і новы лінолеум у кухні, чысціня і парадак у пакойчыках.
– Стараемся, каб было ўтульна і камфортна нашым старэнькім, – падзяліўся Анатоль Бура. – Будынак наш 1947 года пабудовы, таму, самі разумееце, праблем з яго падтрыманнем у парадку хапае. Вокны плануем памяняць, мяркую, што ўдасца зрабіць гэта бясплатна – ужо падпісаны адпаведны дагавор. Хоць у нас пячное ацяпленне, але вырашылі падвесці і газ, ужо аванс унеслі на гэту патрэбную справу.
Планаў мноства, але на ўсё, як вядома, патрэбны сродкі, таму і стараюцца наладжваць кантакты, шукаць спонсараў. Яны і мэблю для кухні набылі, і каляску для Часлава Саўчыца прывезлі. Цесна супрацоўнічае інтэрнат з сельсаветам. Не адмаўляюць у дапамозе і некаторыя арганізацыі, у прыватнасці, адзначыў Анатоль Бура,ПМК-186, якім кіруе Аляксандр Бутар. Робіцца нямала, а яшчэ болей спраў наперадзе. Вось і бардзюры хочацца заліць, дарожкі, і адлівы зрабіць…
– Карацей, будзем працаваць, шукаць, стукацца ў любыя дзверы, – сказаў дырэктар. Не для сябе гэта, а вось для гэтых старэнькіх, якія цяжка працавалі, а цяпер засталіся адзінокія і бездапаможныя. Тут цяпер іх дом, а мы – іх апора. Тры дзясяткі іх цяпер, а яшчэ пяць жадаюць да нас трапіць. Хто ж іх дагледзіць, калі не мы,хто дапаможа?
Не губляе Анатоль Уладзіміравіч аптымізму і нястомна працуе. Як умее і ад душы. І людзі цэняць свайго дырэктара. Гэта бачна па іх вачах, поўных падзякі і цеплыні. Так глядзяць на дзяцей, самых любімых і родных.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара




аміналася, пэўна, мінулае жыццё… А затым зайгралі вясёлую полечку – і кінуліся ў скокі смялейшыя, пацешылі сябе і іншых.

Visited 6 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries