
Гэтымі сакавіцкімі днямі 10 гадоў назад не стала выдатнага земляка, краязнаўца і турыста Віталя Кастэнкі. Гэта быў сціплы і вельмі апантаны чалавек, які прысвяціў сябе творчай працы па адраджэнні гісторыі вілейскага краю. Ён разам са сваімі сябрамі і паплечнікамі Анатолем Рогачам, Анатолем Капцюгом, Вольгай Коласавай, Аляксандрам Зайцавым, Валянцінай Лапко і іншымі займаўся вяртаннем з небыцця тых імён і спраў нашых славутых землякоў, што ствараюць гонар малой радзімы. Віталь Кастэнка актыўна развіваў краязнаўчыя маршруты па нашым краі ў якасці галоўнага турыста Вілейшчыны і дырэктара філіяла «Ваяжтур». З 1970-х гадоў Вілейка турыстычная асацыявалася з імем Віталя Кастэнкі. Ён арганізаваў спачатку нефармальны турклуб, затым афіцыйны турклуб «Зурбаган» у нашым горадзе, стварыў школу сярэдняй турыстычнай падрыхтоўкі, распрацаваў мноства маршрутаў па раёнах Павілля.
Запал творчай энергіі і любові да беларускай зямлі Віталя Кастэнкі перадаваўся ўсім, хто быў побач. Па яго ініцыятыве і пры актыўнай падтрымцы праводзіліся «Ходзькаўскія чытанні», што мелі галоўнай мэтай вяртанне з небыцця вялікай спадчыны нашага славутага земляка — пісьменніка і мемуарыста Ігнація Ходзькі, як і ўсяго роду Ходзькаў. Дзякуючы Віталю Кастэнку і яго паплечнікам у 2007-м годзе адбылася міжнародная беларуска-літоўская экспедыцыя па рацэ Віліі, прымеркаваная да 150-годдзя экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча. Ён марыў здзейсніць падарожжа на Арарат шляхам Ігнація Ходзькі, але не паспеў… Яго апошняй справай стала аднаўленне ўласнымі рукамі капліцы роду Гурыновічаў у вёсцы Золькі.
Яго сябры, краязнаўцы з Вілейкі, Лагойска, Смаргоні, Мядзела, іншых гарадоў памятаюць, як ён мог хутка арганізаваць каманду, арандаваць за свой кошт аўтобус і паехаць у Гальшаны, Баруны, Лагойск, Полацк ці Барысаў — у гэтым быў увесь Віталь Кастэнка. Ён выдаваў буклеты, артыкулы на беларускай мове, перакладаў творчую спадчыну Ходзькі на мову, хоць сам быў украінцам — бо палюбіў Беларусь, што стала яго другой радзімай. Яшчэ да афіцыйнага выдання кнігі Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі» на беларускай мове Віталь Кастэнка арганізаваў аматарскі пераклад гэтай кнігі з польскай мовы.
Зараз у Вілейскім раёне праводзяцца штогадовыя турыстычныя злёты памяці Віталя Кастэнкі, выдадзена мультымедыйная энцыклапедыя гісторыі Вілейшчыны ў гонар памяці нашага земляка. Частка яго напрацовак і матэрыялаў захоўваецца ў фондах Вілейскага краязнаўчага музея.
Памяць пра гэтага вялікага чалавека, турыста і краязнаўца, застанецца назаўсёды з віляйчанамі.

Віталь Кастэнка разам са сваімі сябрамі краязнаўцамі Аляксандрам Зайцавым,
Анатолем Рогачам і Анатолем Капцюгом








