Гэты год стаў знакавым для цяпер ужо невялічкага мястэчка на беразе Вілейскага вадасховішча – вёскі Касуты. У верасні 150 гадоў адзначыла мясцовая святыня – храм Святых апосталаў Пятра і Паўла, а на свята Пакроў сусветная грамадскасць адзначыла 346-ую гадавіну з дня нараджэння сына двух брацкіх народаў, ураджэнца Касуты, гетмана і аўтара першай канстытуцыі Украіны Піліпа Орліка.
У мінулую нядзелю, 22 кастрычніка, у гонар юбілею мясцовага храма і свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, да якога прымяркоўваецца адзначэнне дня народзінаў Піліпа Орліка, вёску Касута наведала ўкраінская дэлегацыя. Для ўсіх жыхароў і прыхаджан касуцкага храма ўкраінскія сябры прывезлі падарунак, што стане першым экспанатам у будучы музей гісторыі вёскі і яе знакамітых ураджэнцаў – абраз «Пакроў Багародіцы». Дадзены абраз быў створаны лепшымі майстрамі Чарнігаўшчыны, апраўлены ў кіёт з чырвонага дрэва па замове сям’і былога пасла Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Пятра Шапавала і зараз намаганнямі Мінскага грамадскага аб’яднання украінцаў «Запавіт», пры падтрымцы пасольства Украіны, перададзены касуцкаму прыходу. Падчас урачыстасці ў храме Апосталаў Пятра і Паўла вёскі Касута былі выкананы некалькі песнапенняў фальклорным украінскім ансамблям песні і абрадаў «Ватра» Мінскага аб’яднання ўкраінцаў у Беларусі.
– Заўжды з благагавейнасцю наведваю Касуту, радзіму нашага знакамітага гетмана і сына беларускай зямлі Піліпа Орліка, – адзначыла Галіна Калюжная, старшыня Грамадскай камісіі па ўвекавечванні памяці Піліпа Орліка. – Шчыра дзякую ўсім жыхарам Касуты і прыхаджанам гэтага цудоўнага храма, настаяцелю айцу Аляксандру, старшыні Крывасельскага сельсавета Ірыне Супрановіч і нашаму даўняму сябру, старасту храма і старажылу вёскі Івану Міхайлавічу Анасовічу. Дзякуючы вашым сумесным намаганням і пры падтрымцы мясцовай адміністрацыі памяць пра выбітнага сына двух брацкіх народаў жыве ў нашых душах і праз 346 гадоў. Нізкі ўсім вам паклон!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара