Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Автопробег по местам захоронений периода Первой мировой войны

На Вілейшчыне 20 кастрычніка прайшоў чарговы этап аўтапрабегу па месцах пахаванняў воінаў Першай сусветнай вайны, прымеркаваны да 100-годдзя заканчэння Вялікай вайны. На гэты раз удзельнікі аўтапрабегу ахапілі тэрыторыю Іжскага сельсавета. Трэба адзначыць, што Іжаншчына ў перыяд Першай сусветнай вайны была як месцам баёў, так і прыфрантавой зонай. Тут побач, на возеры Нарач, у сакавіку 1916 года праходзіла кровапралітная Нарачанская аперацыя, што цаной соцень тысяч чалавечых жыццяў аслабіла націск кайзераўскай арміі на французскі Вердэн і тым самым выратавала яго і Парыж ад поўнага знішчэння.

Тысячы салдат у гады Першай сусветнай вайны знайшлі супакой на іжанскай зямлі, прычым, як Рускай арміі, так і германскай. Нават праз сто гадоў маўклівамі сведкамі гэтай кровапралітнай вайны пачатку мінулага стагоддзя застаюцца паўсюдна па лясах і палях лініі абарончых умацаванняў, бетонныя «ДОТы» і безыменныя брацкія магілы. Першая сусветная вайна працягвалася 1568 дзён. Яна забрала жыцці 18,6 мільёнаў чалавек. Але, нягледзячы на забыццё, памяць аб вайне паўсюдна. У наш час, у пэўныя моманты, мы толькі пачынаем адраджаць гэту памяць – магчыма, так было наканавана нашаму пакаленню праз сто гадоў мець дотык да памяці, мець абавязак – памятаць.

Калона аўтапрабегу па месцах пахаванняў воінаў Першай сусветнай вайны з дзясятка аўтамашын адправілася ад Цэнтральнай плошчы Вілейкі, дзе перад пачаткам адбылася афіцыйная частка мерапрыемства. Тут прывітальныя словы ўсім удзельнікам мерапрыемства ад імя раённага выканаўчага камітэта выказала намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга.

– Гэта вялікая справа – адраджэнне памяці той забытай вайны. Шчырыя словы падзякі ўсім арганізатарам маштабнага рэгіянальнага фестывалю «Званы памяці», прымеркаванага да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны, а асабліва галоўным падзвіжнікам гэтай тэмы на Вілейшчыне – сям’і Цітовічаў. Вельмі прыемна сярод шматлікіх удзельнікаў аўтапрабегу бачыць маладое пакаленне. Сённяшнія школьнікі ўжо заўтра прыйдуць на змену тым, хто сёння аднаўляе памяць нашай агульнай гісторыі – і яны павінны ведаць тыя важкія падзеі, што адбываліся на іх роднай зямлі, – адзначыла Святлана Міхайлаўна.

Першае месца, якое наведала калона ўдзельнікаў аўтапрабегу, рухаючыся на Іжаншчыну – вёска Каралеўцы. Гэта старажытная мясцовасць, якая мае вялікую і слаўную гісторыю. Тут на вясковых могілках таксама маюцца пахаванні салдат Першай сусветнай. Пакуль дакладнае месца іх пахавання не вядома, але частку прозвішчаў тых, хто быў пахаваны тут у брацкай магіле мы ведаем па архіўных дадзеных. Падчас аўтапрабегу была асвечана памятная дошка на сцяне могілкавай капліцы ў Каралеўцах.

– Чытаючы прозвішчы пахаваных салдат, мы разумеем, якой шматнацыянальнай была ў той перыяд Руская імператарская армія, – адзначыў адзін з арганізатараў аўтапрабегу, стваральнік музея Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне Барыс Цітовіч. – Сярод пахаваных у брацкай магіле ў Каралеўцах мы сустракаем і беларускія прозвішчы: Міцкевіч, Бяроза. Гэта нашы суайчыннікі, нашы дзяды і прадзеды. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе мы даведаемся і іншыя прозвішчы пахаваных тут салдат. І неўзабаве паставім крыж на непасрэдным месцы іх пахавання. Словы падзякі хочацца выказаць за дапамогу ва ўсталяванні гэтай і іншых памятных дошак, нашаму паплечніку, падпалкоўніку Станіславу Сушы, для якога гэтыя мясціны – малая радзіма.
На месцы пахавання салдат Першай сусветнай вайны ў вёсцы Каралеўцы была адпраўлена памінальная ліція і аддадзены ваенныя ўшанаванні ўсім загінуўшым.

– Знаходзячыся тут, у Каралеўцах, немагчыма не ўспомніць і нашага знакамітага земляка і краязнаўца, ураджэнца гэтай вёскі – Анатоля Рогача, – узяла слова Святлана Дзяруга. – Яго намаганнямі былі адкрыты дзясяткі імёнаў нашых славутых землякоў, адноўлены старонкі гісторыі нашага краю, а самае галоўнае, усталявана некалькі дзясяткаў памятных знакаў на ўспамін аб знакавых падзеях і імёнах нашай малой радзімы. Таксама хочацца адзначыць і намаганні мясцовай улады на чале са старшынёй сельвыканкама Валянцінай Навасёлак, якая падтрымлівае ўсе пачынанні і з’яўляецца галоўным ініцыятарам многіх знакавых падзей на Іжаншчыне.
Наступным месцам наведвання ўдзельнікамі аўтапрабегу была вёска Любкі. Тут на мясцовых могілках адноўлены дзве брацкія магілы. Сама вёска, якая мае вялікую плошчу ў цэнтры Любак, як быццам сапраўднае мястэчка, абавязана гэтым Першай сусветнай вайне. Тут у ваенны час у вайсковай пральні адбыўся пажар – тады выгарала палова вёскі. Людзі не сталі адбудоўвацца на пажарышчы, а пачалі будаваць свае хаты абапал – так узнікла месца вясковай плошчы.

– Гэтыя помнікі былі ўсталяваны ў 2015 годдзе таксама намаганнямі Станіслава Сушы і фонда «Крокі», – адзначыў Барыс Цітовіч. – Вялікую працу па дагляду за брацкімі магіламі праводзяць мясцовыя актывісты і сельвыканкам, а асабліва хочацца адзначыць і падзякаваць мясцоваму жыхару Сяргею Пляско.
Трэба заўважыць, што аўтапрабег па Іжаншчыне быў асабліва чуллівы і насычаны душэўнасцю і шчырасцю. Людзі выказвалі свае думкі, не саромеліся гаварыць словы падзякі тым, хто адраджае памяць, хто вяртае з небыцця імёны нашых продкаў. І выкананая каля брацкіх магіл у Любках Таццянай Захарыч, адным з рэжысёраў і арганізатараў фестывалю «Званы памяці», песня «Спіце, салдацікі», як і вершы, прачытаныя Валянцінай Цітовіч на кожным брацкім пахаванні, – былі звышэмацыянальнымі момантамі аўтапрабегу.

Затым удзельнікі аўтапрабегу наведалі вёску Дварэц, дзе размяшчаюцца пахаванні Першай сусветнай вайны на мясцовых могілках, і могілкі недалёка ў лесе.
– Тут паўсюль рэальныя пазіцыі перыяду Першай сусветнай вайны, – распавёў Барыс Цітовіч. – Тут праходзілі баі, а побач хавалі загінуўшых салдат. Вядомыя нам брацкія магілы не апошнія. Не шмат імён загінуўшых мы ведаем, але гэта пытанне часу. Дзякуючы навуковаму супрацоўніку Вілейскага музея Андрэю Каркотку, з часам адкрываецца больш і больш імён.
– Стоячы тут, каля брацкіх магіл, разумееш, якая недарэчная вайна, – адзначыла Валянціна Навасёлак, старшыня Іжскага сельвыканкама. – Чалавек нараджаецца, каб жыць, ствараць, даваць жыццё – і раптам вайна… Добра, што сярод нас шмат школьнікаў: з Вілейкі, з Іжы, Лыцавіч – дзеці павінны разумець кошт жыцця. Чалавечае жыццё – самае галоўнае, што ёсць на свеце і гэтыя маладыя салдацікі, што тут пахаваныя, таксама хацелі жыць…

На працягу ўсяго аўтапрабегу побач з удзельнікамі мерапрыемства былі рэканструктары, якія стваралі адмысловую атмасферу і аддавалі ваенную пашану на кожным пахаванні. Да іх далучыліся выхаванцы мясцовага абаронна-патрыятычнага клуба «Патрыёт», які ўзначальвае Дзяніс Шарафановіч пры Лыцавічскім СДК.

Апошнім месцам наведвання быў царкоўны пагост у вёсцы Іжа. Тут, каля мясцовай царквы, таксама намаганнямі Станіслава Сушы і фонду «Крокі» адноўлена брацкае пахаванне.

– Сярод вядомых нам імёнаў пахаваных тут салдат ёсць прозвішча Рогач. Гэта мясцовае прозвішча, і ўраджэнец Іжаншчыны быў пахаваны пасля баёў непасрэдна ў родных мясцінах, – адзначыў Барыс Цітовіч.

Пасля памінальнай ліціі, якую адправіў айцец Вячаслаў, настаяцель Свята-Ціханаўскай царквы г. Вілейка, удзельнікі аўтапрабегу наведалі мясцовы драўляны храм. Гэта была апошняя кропка наведвання суботняга аўтапрабегу, але не канчатковая падзея мерапрыемства. Крыху адпачыўшы, кожны жадаючы мог падзяліцца ўражаннямі і паразмаўляць з удзельнікамі і арганізатарамі аўтапрабегу пад гарачую юшку і смачную паходную кашу, якую арганізавалі мясцовая гаспадарка, сельвыканкам, лясгас і супрацоўнікі культуры і адукацыі Іжаншчыны.

Напрыканцы хочацца прывесці словы Валянціны Цітовіч, рэжысёра і аднаго з галоўных арганізатараў фестывалю «Званы памяці» да 100-годдзя Першай сусветнай вайны, якая адзначыла: «Нам Гасподзь даў магчымасць дакрануцца да гісторыі і ўвекавечыць памяць продкаў. Гэта, у першую чаргу, патрэбна нам, а не тым салдатам, што атрымалі за свае подзвігі «вянцы» ад Бога. Уся наша зямля прапітана крывёю нашых дзядоў і прадзедаў, і мы павінны благагавейна жыць на ёй. Нашыя продкі стваралі нашу будучыню, яны гінулі за наша шчасце, і калі мы забудземся на іх – будзем аддадзены забыццю і самі…»

Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries