Не ніжэйшая за 18 градусаў тэмпература паветра павінна быць забяспечана ў кватэрах беларусаў незалежна ад надвор’я. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Мікалай Ліпень.
«Эканоміць трэба, але мінімальны стандарт павінен выконвацца», — сказаў ён.
У сувязі з тым, што тэмпература паветра ў лістападзе была значна вышэйшая за кліматычную норму, адключэнне ад ацяплення адміністрацыйных і прамысловых будынкаў можа ажыццяўляцца па рашэнню мясцовых улад. Так, у Мінску такое рашэнне прынята. «Пры цяперашніх метэаралагічных умовах мы рэкамендуем пераводзіць сістэму ацяплення ў рэжым працеплівання, калі гэта магчыма», — адзначыў намеснік міністра.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што аб адключэнні ацяплення ў жылым фондзе размовы не ідзе. «Гэтага не можа быць. У кватэрах у любым выпадку павінен забяспечвацца сацыяльны стандарт 18 градусаў», — рэзюмаваў Мікалай Ліпень.
БелТА







