Вось яскравы прыклад гэтаму і своеасаблівая замалёўка з натуры: вірлівы аўтамабільны рух па вуліцы 1 Мая – і нерухомасць і цішыня, што пануюць на могілках, якія знаходзяцца побач. Ушанаванне памяці пра памерлых – даўняя хрысціянская традыцыя. І шэраг дагледжаных магілак сведчыць пра гэта. Але і сярод іх, як таксама супрацьлегласць, дзе-нідзе трапляюцца захаванні, якія родныя, відавочна, наведвалі вельмі даўно. Сухая расліннасць вышэй за агароджу, што пакрылася ўжо іржой і пахілілася. А некаторыя – і ўвогуле з зямлёй зраўняліся.
Розныя гэтаму прычыны. І думаць, што нехта проста забыўся пра сваіх родных, мне не хочацца. Але парадак на месцы апошняга спачыну павінен быць. І ў мінулую пятніцу прайшоў суботнік – работнікі жыллёва-камунальнай службы наводзілі на могілках парадак перад зімой. Яны прыбіралі смецце, выносілі сухую траву і расліннасць – каб вясной там, дзе ўсе знаходзяць апошні прытулак, ужо быў парадак.
Суботнік для горада і раёна, як расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, быў арганізаваны па іх ініцыятыве. Каб не толькі могілкі, але і свае тэрыторыі арганізацыі і службы прывялі ў парадак перад зімой. І ў адпаведным рашэнні ёсць шэраг рэкамендацый па навядзенні парадку, сярод іх – і зняцце старых агароджаў. Што павінна зрабіць уборку для работнікаў ЖКГ больш зручнай. Як расказала намеснік дырэктара Вілейскай ЖКГ Марына Андрыеўская, са свайго боку іх служба робіць усё магчымае: рэгулярна прыбіраюцца могілкі, своечасова абкошваецца трава, вывозіцца смецце. І пытанні часам узнікаюць таму, што шмат такіх магілак, да якіх па нейкіх прычынах не даходзяць іх родныя…
Наконт гэтага чула такія меркаванні. Адно – што, магчыма, на ўтрыманне могілак трэба адлічваць пэўныя сродкі, і спецыяльны чалавек будзе даглядаць іх. Бо жыццё непрадказальнае – нехта можа апынуцца зусім на іншым баку свету, і добра, калі хоць аднойчы ў год ён зможа прыехаць на могілкі родных. А на некаторыя могілкі ўжо і няма каму прыйсці… Такое рашэнне можна назваць цывілізаваным, і ў многіх краінах практыкуецца менавіта такая альтэрнатыва. Іншае меркаванне – нібыта тых, хто не прыбірае могілкі родных, трэба штрафаваць….
У любой сітуацыі чалавек павінен заставацца чалавекам. І ў гэтым выпадку сітуацыю таксама, лічу, трэба вырашаць як і належыць людзям. «На зямлі ўсе мы госці» – гэтыя радкі Максіма Багдановіча з’явіліся даўно, але і па сёння яны застаюцца актуальнымі.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара
Работнікі ЖКГ навялі парадак на могілках
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ










