Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Навагодняя казка на Вілляніным хутары

Навагоднімі днямі Дзеда Мароза і яго ўнучку Снягурачку можна было ўбачыць у розных куточках горада. Яны віншавалі, сыпалі пажаданнямі, дарылі падарункі і клікалі ў вясёлы карагод. А тых, каго не спалохалі мароз і вецер, можна было ўбачыць на Вілляніным хутары.
Там, згодна адпаведным шыльдам ля ўвахода на дзіцячую пляцоўку, размясціліся дзве рэзідэнцыі – Дзеда Мароза і Бабы Ягі. На мяжы іх суседства і ладзілася навагодняя праграма, сумна падчас якой нікому не было. Да елачкі, упрыгожанай цукеркамі, прыйшлі мамы і таты, бабулі і дзядулі з дзеткамі. А казачныя персанажы не шкадавалі для сваіх гасцей ні гульняў, ні жартаў. Удзельнікі праграмы перадавалі адзін аднаму срэбную «сняжынку», расказвалі вершы і танцавалі ў дружным вясёлым карагодзе. А ў імправізаванай хаце, дзе ў печы ўтульна патрэсквалі дровы, па якіх бегаў агеньчык, а з коміна плыў дымок, гасцей прымалі самі Дзед Мароз са Снягурачкай. Сярод снегу і маляўнічай прыроды яны выглядалі так, быццам сышлі з выявы на навагодняй паштоўцы.
І маленькія ўдзельнікі свята з пачырванелымі шчочкамі і носікамі, але з вясёлымі ўсмешкамі на вуснах, было відаць, паверылі ў казку. Яна, створаная ў яркіх вобразах творчымі і артыстычнымі супрацоўнікамі Палаца культуры, прыйшлася даспадобы не толькі ім. Казка знайшла водгук і ў сэрцах дарослых, якія былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх конкурсаў. Што ні кажыце, а павінна ў жыцці кожнага чалавека, незалежна ад узросту, знайсціся месца казцы, асабліва перад Калядамі.
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота аўтара




Visited 8 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries