Магія памяці – у яе прыцягальнасці. Наведваючы краіны, далёкія і блізкія, ідучы па турысцкіх маршрутах роднай Беларусі, мы найперш цягнемся да тых мясцін, якія пазначаны сувяззю з гісторыяй і традыцыямі. Характар народа, як і кожнага асобнага чалавека, не фарміруецца ў адначас. Забыццё мінулага рве карані. Адкуль мы пайшлі і ёсць, – адвечнае пытанне, якое задае сабе кожны народ, імкнучыся быць самадастатковым і заняць на зорным небасхіле вечнасці сваё пачэснае месца.
Пра гэта думалася ў час невялікай па часе, але ладна скроенай па сюжэту дзеі, якую наладзілі для ўдзельнікаў мерапрыемства самадзейныя артысты Людвіноўскага дома культуры. Ідэя канцэрта гучала ва ўнісон тэме, вызначанай для абмеркавання на прэзідыуме. «Народ – гэта не толькі тыя людзі, якія жывуць зараз, але і тыя, што жылі стагоддзі назад». Мы не можам гэтаму запярэчыць, бо трымаем у сваім сэрцы ніці той духоўнай спадчыны, якая знаходзіць сваё матэрыяльнае ўвасабленне на нашай зямлі. У выглядзе старадаўніх курганоў, камянёў-сімвалаў, алегарычных і рэальных вобразах мінулага, занатаваных у помніках і мемарыялах. Іх і наведалі ўдзельнікі мерапрыемства, перш чым пачаць абмеркаванне парадку дня.
Своеасаблівы культурна-этнічны комплекс каля Карэкаўцаў, ідэйным натхніцелем яго стварэння стаў стараста вёскі Пётр Саковіч, вянчае капліца. Яна – сімвал духоўнага пачатку матэрыяльных аб’ектаў спадчыны: памятнага знака на радзіме пісьменніка Эдварда Жэлігоўскага, мемарыяльнай дошкі з імёнамі загінуўшых землякоў, ландшафтных кампазіцый з каларытам мінуўшчыны. Да аб’ектаў нашай гісторыка-культурнай спадчыны адносіцца і касцёл у Касцяневічах, пад сутарэннямі якога прасіла благаславенне ва Усявышняга не адно пакаленне мясцовых жыхароў. Бо ўжо амаль два з паловаю стагоддзі гэты каталіцкі храм яднае душы веруючых у іх самых лепшых памкненнях і надзеях.
Брацкая магіла. Памятны знак на месцы сядзібы «Заблошчына», дзе нарадзіўся Ігнацій Ходзька, беларускі паэт-лірык, адзін з вершаў якога ў майстэрскім выкананні прагучаў на канцэрце ў Людвіноўскім ДК. Рэшткі сядзібы Козел-Паклёўскіх у Сэрвачы, лёс якой можна вырашыць у кантэксце стварэння тут аб’екта агра-экатурызму… Справы даўно мінулых дзён, паданні даўніны глыбокай нанізваюць на свой трывалы сімвалічны стрыжань падзеі навейшага часу, радасныя і трагічныя, аднолькава дарагія нам, паколькі ўсе яны прыналежныя да стварэння гісторыі роднага краю…
Праявіўшы неардынарны падыход да правядзення ўвогуле радавога мерапрыемства, члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў стварылі для сябе атмасферу зацікаўленага, нераўнадушнага абмеркавання тэмы парадку дня: «Аб стане работы па захоўванню гісторыка-культурнай спадчыны і добраўпарадкаванню памятных мясцін».
Начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Паўлоўскі, выступаючы перад членамі прэзідыума па акрэсленай вышэй праблеме, ужо мог абапірацца на канкрэтныя ўражанні ўдзельнікаў мерапрыемства, якія здзейснілі своеасаблівае турнэ па Касцяневіцкаму рэгіёну. Сяргей Фёдаравіч канстатаваў, што згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, зацверджаны спіс помнікаў гісторыі і культуры горада Вілейкі і раёна. Ён уключае 300 помнікаў, 26 з іх уваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны (катэгорыя «3»). У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, зацверджаны ахоўныя абавязацельствы на ўтрыманне яе каштоўнасцей. На тэрыторыі Касцяневіцкага сельсавета знаходзіцца 30 помнікаў, два з іх: царква ў імя 40 пакутнікаў севасційскіх (1856 год) у вёсцы Кастыкі і касцёл езуітаў з брамай і агароджай (1763 год) у Касцяневічах – занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Кантроль за станам помнікаў на тэрыторыі сельсавета ўскладзены на старшыню сельвыканкама Наталлю Шавялёву. А дапамагаюць ёй у гэтай справе на грамадскіх пачатках установы культуры, адукацыі, настаяцелі храмаў, жыхары вёсак. Толькі ў апошнія гады, згодна рашэння абласнога мастацка-экспертнага савета па манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву, на тэрыторыі Касцяневіцкага сельсавета з’явіліся памятныя знакі, на радзіме пісьменнікаў Ігнація Ходзькі і Эдварда Жэлігоўскага, капліца ў памяць загінуўшых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Карэкаўцы і ў вёсцы Людвінова – памятны знак герою Савецкага Саюза, першаму дырэктару зверасаўгаса, камандзіру першай антыфашысцкай брыгады Івану Цімчуку.
Балючым пытаннем назваў Сяргей Паўлоўскі невырашальны пакуль лёс былых знакамітых сяліб, такіх, як радавы маёнтак Козел-Паклёўскіх у Сэрвачы.
Толькі дзве капліцы засталіся на месцы маёнтка, які ў свой час любіў наведваць Міхал Клеафас Агінскі, кампазітар, сусветную вядомасць якому прынёс паланез «Развітанне з Радзімай». З 31 помніка, зарэгістраванага ў Нарачанскім сельсавеце, адзін занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей – гэта менавіта рэшткі былой сядзібы Агінскіх. Наогул, дзякуючы сапраўды падзвіжніцкай дзейнасці сям’і Цітовічаў, якіх дзейсна падтрымлівае мясцовая ўлада, нарачанскі рэгіён мае адметны каларыт. Ён – у беражліва-асэнсаваных адносінах да спадчыны, уменні знаходзіць яе, паглыбляючыся ў падмурак мінулага, выстаўляць напаказ сучаснікам і захоўваць для будучага. Менавіта ў такім кірунку працуюць Барыс і Валянціна Цітовічы. Неацэнная іх заслуга ў стварэнні мемарыяльнага комплекса памяці Першай Сусветнай вайны. Аўтарам яго праекта з’яўляецца Барыс Цітовіч, член Беларускага Саюза мастакоў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Знайшоўшы ў асобе старшыні Нарачанскага сельскага Савета Анатоля Бяганскага сабе аднадумца, Барыс Барысавіч многа зрабіў па ўзнаўленню гістарычнай памяці гэтых мясцін. Адрэзак часу даўжынёй у стагоддзе аддзяляе нас ад падзей Першай Сусветнай. І сёння мы вядзём размову пра вытокі патрыятызму, народжаныя падзеямі тых часоў, якія стварылі перадумову нашай перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Бо, як неаднойчы падкрэсліваў Барыс Цітовіч, на яе франтах змагаліся сыны тых, хто адстойваў Радзіму ў час Першай Сусветнай. Такая вось дзейсная пераемнасць у гістарычнай памяці. Як звяно аднаго ланцуга – нядаўні дзіцячы плэнер, прысвечаны памяці нашага земляка Нікадзіма Сілівановіча. Адбыўся ён у Заброддзі, дзе каларыт краявідаў, заснаваны на памяці, даў маладым безліч новых уражанняў і, галоўнае, надзяліў натхненнем прагнучыя творчага палону юныя душы.
У прынятым рашэнні прэзідыум раённага Савета дэпутатаў канстатаваў, што аддзелы ідэалагічнай работы і культуры вядуць работу па ўдакладненню і аднаўленню спісаў помнікаў і памятных мясцін на тэрыторыі раёна, замацаванню за арганізацыямі і ўстановамі гісторыка-культурных аб’ектаў для аказання шэфскай дапамогі па іх добраўпарадкаванню. Сельвыканкамы, краязнаўчы музей, аддзел ідэалагічнай работы абавязваюцца да забеспячэння пастаяннага кантролю за захаваннем помнікаў і прылягаючых да іх тэрыторый. Замест асобных пунктаў рашэння выпрацаваны ў час непасрэднага знаёмства з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны.
… Будзем Янкамі, а не Іванамі, што не помняць сваёй радні, – неяк не пакідаюць, бударажаць свядомасць прагучаўшыя са сцэны Людвіноўскага дома культуры вершаваныя радкі.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
Нататкі з выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ










