Раённыя ўлады арганізавалі традыцыйнае ўшанаванне жанчын-маці. У сустрэчы ўдзельнічалі старшыня райвыканкама Яўген Сініла, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага Савета жанчын Святлана Дзяруга.
– Ён будзе гаварыць самыя прыгожыя словы, абараняць цябе ад усяго злога, ахоўваць і дапамагаць.
– Як завуць гэту добразычлівую істоту? І як я пазнаю яе на зямлі?
– У Анёла шмат імён. Але ты будзеш называць яго Мамай.
З гэтага ўяўнага дыялогу паміж Усявышнім і тым, каму наканавана вось-вось з’явіцца на свет, пачаўся відэасюжэт, падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама. Датасаваны ён быў да Дня Маці і той традыцыйнай сустрэчы з кіраўнікамі раённых улад, якая ў сувязі з ім штогод праводзіцца на Вілейшчыне.
Трыццаць прадстаўніц слабай палавіны, што аднак відавочна дэманструе сваю жыццястойкасць, прымалі віншаванні і шчырыя зычэнні, якія яны па праву заслугоўваюць, выконваючы сваё галоўнае прызначэнне на зямлі – нарадзіць і выхаваць Чалавека. Як Маці Божая ахінае сваім покрывам свет, ратуючы яго ад болю, нянавісці і здрады, так Маці зямная аберагае ад гэтых заган сусветнага зла ў пакутах народжаных сваіх дзяцей. Пра невыпадковае супадзенне хрысціянскага свята і каляндарнай свецкай даты гаварыла, звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага Савета жанчын, – Святлана Дзяруга.
Яўген Сініла, старшыня раённага выканаўчага камітэта, сам вырас у шматдзетнай сям’і. Пяцёра сыноў выгадавала яго маці. Менавіта яна, падкрэсліў Яўген Васільевіч, была галоўным выхавацелем. Не навучала, а ўласным прыкладам прывівала жыццёвую мудрасць і чыста мужчынскія рысы характару. Напэўна, таму ў кіраўніка раённай выканаўчай улады такія трапяткія, паважальныя адносіны да шматдзетных маці і тых, хто прыёмных дзетак гадуе як сваіх, не шкадуючы для іх ні ласкі, ні любові, ні міласэрнасці. Жанчыны, бывае, бяруць на сябе ў грамадстве вядучую ролю, – падкрэсліў Яўген Сініла. І спраўляюцца з ёю не горш, а ў асобных выпадках, яшчэ лепш за мужчын. Жанчына-кіраўнік – гэта паняцце як сінонім прыстойнасці, высокіх дзелавых якасцей і захопленасці справай, якой яна служыць.
У прапанаваным увазе ўдзельнікаў сустрэчы відэасюжэце – інтэрв’ю з жанчынамі-маці. Ці лічыце Вы сябе шчаслівай? Што для Вас быць мамай? Што значыць – сям’я? Пытанні звычайныя, жыццёвыя. І такія ж немудрагелістыя на іх адказы. Яны ўсе шчаслівыя на гэтым свеце, жанчыны, якім лёс наканаваў быць мамамі. Бо ўвесь свет – у гэтым кароткім і такім мілагучным слове. Бо няма на свеце больш бескарыслівай і шчырай любові, чым мацярынская. Няма большай адказнасці і больш высокага прызначэння.
Самыя лепшыя мастацкія творы прысвечаны маці. Успомнім вядомага беларускага мастака Міхася Савіцкага, які ў сваіх палотнах занатаваў аблічча партызанскай мадонны. Жанчына і вайна – гэта тэма вечная ў сваім непераходзячым парадоксе. Народжаная гушкаць на руках жыццё, яна штодня спатыкаецца са смерцю і не губляе пры гэтым сваіх прыродных пачаткаў. Аб гэтым, дарэчы, разважала ўдзельніца сустрэчы Таццяна Карасёва, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, якая з зайздросным жыццёвым аптымізмам праз два гады адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Тэма Маці гучала ў кантэксце ўспамінаў. Пра тых, хто побач і хто ўжо адыйшоў у вечнасць. Наталля Занкавіч, дырэктар пятай гарадской школы, не хаваючы хвалявання, расказала пра сваю маму, якая і сёння, з высокай вечнасці, штодня працягвае ёй руку дапамогі і падтрымкі. Шэсць дзяцей нарадзіла і выхавала Галіна Іванаўна. Усім дапамагла атрымаць вышэйшую адукацыю. Яе імя – у кнізе «Маці Міншчыны», публіцыстычным выданні, якое Наталля Мікалаеўна захоўвае ў сваім рабочым кабінеце. Каб натхняцца штодня веліччу мацярынскага подзвігу, той вышэйшай вартасцю, што належыць сёння не толькі сям’і Міргалоўскіх, а цэлай краіне. У дыялогах вядучага Аляксандра Пуцэйкі і прысутных жанчын не было надуманасці, іх шчырасці пазайздросціў бы любы прафесійны журналіст. Бо вельмі ўжо спрыяльная, вельмі кранальная ў сваёй ненадуманасці гэта тэма – жанчына-маці ў грамадстве.
А яшчэ былі цудоўныя музычныя кампазіцыі, удала падабраныя па каларыту, у выкананні артыстаў гарадскога Палаца культуры Леаніда Гайчука, Наталлі Блізнюк, Алены Саўрук, Казіміра Талстыкі. Не абыйшлося без пачастункаў, традыцыйнага бакалу шампанскага, падарункаў і кветак.
Мудрасці жаночай, мацярынскага цярпення і шчасця ў дзецях пажадала прысутным старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
Калі вярстаўся нумар
Урачыстасці, прысвечаныя Дню маці, завяршыліся ў мінулы панядзелак святочным канцэртам у гарадскім Палацы культуры. «Мама – у гэтым слове жыццё» – так вызначылі яго тэматыку арганізатары мерапрыемства. Перад пачаткам канцэрта былі ўшанаваны прадстаўніцы Вілейшчыны, якім сёлета, падчас урачыстасці ў Мінаблвыканкаме, быў уручаны Ордэн Маці. Марыну Хацяновіч, Алену Шупляк, Алену Савіцкую і Вікторыю Кізюкевіч з высокай узнагародай павіншаваў старшыня райвыканкама Яўген Сініла.













