Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На рахунку перадавога сямейнага экіпажа камбайнераў ААТ «Нарачанскія зоры» Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў больш за 2200 тон намалочанага збожжа

Мінулая нядзеля для кожнага з нас стала запамінальнай той важнай агульнадзяржаўнай падзеяй, якая прахо­дзіла ў гэты дзень – асноўны дзень галасавання за кандыдатаў на пасаду кіраўніка нашай дзяржавы.


Для перадавога сямейнага экіпажа Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў з ААТ «Нарачанскія зоры» гэты дзень быў адметны і яшчэ адной важнай для іх і ўсёй гаспадаркі падзеяй – менавіта ў нядзелю бацька і сын дасягнулі, бадай што, небывалага выніку для іх працоўнай дзейнасці – 2099 тон намалочанага збожжа. І гэты паказчык – без уліку рапсу. Што і казаць, дасягненне высокае, заслугоўваючае пашаны.
У панядзелак, калі мы сустрэліся з перадавым экіпажам і галоўным аграномам «Нарачанскіх зораў» Віктарам Драчылоўскім на жытнёвым полі, намалот Гарэлікаў набліжаўся да 2200.
– Да вечара перакрыюць і гэту лічбу, – з упэўненасцю адзначыў Віктар Драчылоўскі.
– Дык, можа, і да трох тысяч падбяруцца? – пацікавілася я ў галоўнага агранома.
– Не атрымаецца, – усміхнуўся Віктар Уладзіміравіч, – па той прычыне, што ўжо болей за 85 працэнтаў плошчаў убраны. Засталося, як бачыце, ужо нямнога. Так што не будзе фронту работ, каб да трох тысяч дайсці…
Бацька і сын. Ужо многія гады яны – Мікалай Аркадзьевіч і Аляксандр – у жніўную пару становяцца з’яднаным экіпажам, нібыта адным цэлым. Спачатку галоўным камбайнерам быў бацька, цяпер жа ўжо некалькі ўборачных сезонаў за галоўнага сын. Працуюць зладжана, нястомна, адказна. І, галоўнае, вынік, якога дабіваюцца Гарэлікі на сваім «Лексіёне», вунь які дастойны. Што тут скажаш – планка, дасягнуць якой дадзена далёка не ўсім.
– А на адпачынак знаходзіце час? – пацікавілася пры сустрэчы ў Гарэлікаў.
– Знаходзім, – усміхнуўся Мікалай Аркадзьевіч і паважліва-цёпла пагля­дзеў на галоўнага камбайнера – сына-пераемніка, выхаванага ім на ўласным прыкладзе, калі галоўным прыярытэтам была і застаецца праца. Нялёгкая, да сёмага поту, самаадданая. Ды годная, высакародная, бо дае людзям хлеб надзённы.

Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 149 queries