Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На абласным фестывалі «Дажынкі» сваю традыцыйную ўзнагароду журналісты раёнкі ўручаць механізатару прадпрыемства меліярацыйных сістэм Аляксандру Саўчыцу

На першы ўрок у прафтэхвучылішчы  Саша звычайна спазняўся. Маршрутны аўтобус не сувымяраў графік свайго руху з раскладам заняткаў гэтай навучальнай установы.  І яе дырэктар, Іосіф Антонавіч Бохан, замест запозненага прывітання, указваў юнаку на месца каля дошкі. Вось так, міжволі, агранамія стала любімым прадметам Аляксандра Саўчыца. А ўрокі дырэктара яшчэ як прыйшліся да месца ў яго ўжо дарослым жыцці.

На першы ўрок у прафтэхвучылішчы  Саша звычайна спазняўся. Маршрутны аўтобус не сувымяраў графік свайго руху з раскладам заняткаў гэтай навучальнай установы.  І яе дырэктар, Іосіф Антонавіч Бохан, замест запозненага прывітання, указваў юнаку на месца каля дошкі. Вось так, міжволі, агранамія стала любімым прадметам Аляксандра Саўчыца. А ўрокі дырэктара яшчэ як прыйшліся да месца ў яго ўжо дарослым жыцці.

Але напачатку было юнацтва. Вёска Крывое Сяло, выгінастая вуліца якой упаўне адпавядала назве паселішча. Цяжкасці для аўтамабілістаў існавалі аж да таго часу, пакуль па ініцыятыве колішняга старшыні калгаса «Бальшавік» Анатоля Праснякова за аселіцай не праклалі аб’язную дарогу. Бацькоўскі дом з яго дагледжанай сялібай, на якую знаходзіўся час у гаспадара – калгаснага механізатара і гаспадыні – загадчыка мясцовага прадпрыемства бытавых паслуг… – Я з такіх вось гадоў, – Аляксандр на які метр узнімае далоню над галавой, – каля бацькі круціўся. Па полі ўпэўнена  на трактары ехаў.

Бацькавы ўрокі – у аснове сённяшніх прафесійных навыкаў большасці сельскіх механізатараў. І калі яны мелі месца, юнакі моцна прывязваліся да зямлі. А калі хто і адрываўся ад каранёў, то праз колькі часу з пачуццём перажытага пакаяння вяртаўся да родных берагоў. У Аляксандра нават часовага адчуджэння ад бацькаўшчыны не здарылася. Пасля вучылішча Анатоль Міхайлавіч прапанаваў новы трактар. Мудры быў кіраўнік, тонкі псіхолаг. Усяго некалькі месяцаў прайшло, і атрымаў Саша павестку з ваенкамата.  Пакутнае адчуванне развітання, хоць і ўсвядомленае, як неабходнасць, не пакідала сям’ю. Два гады таму, падчас службы ў Германіі, загінуў пры выкананні воінскага абавязку старэйшы сын Алег. Можна толькі здагадвацца, якія трывожныя думкі вярэдзілі думкі родных напярэдадні яшчэ адных провадаў. Былі і слёзы маці, і зацятае маўчанне бацькі. Але цешыла абяцанне старшыні, што пасля службы хлопца будзе чакаць новы трактар, а ў выпадку, калі жаніцца надумае, – і новы дом. Гэтая перспектыва была свайго роду гарантыяй абавязковага вяртання.

Служыць Саша трапіў у такі род войск, які ён і сёння, праз гады, называе «асобым». З месца дыслакацыі вайсковай часці – Заходняй Украіны, даводзілася перамяшчацца ў Малдавію, Расію, Казахстан… Затое свету пабачыў. Здзіўляў лад жыцця сельскага насельніцтва ва Украіне. Яшчэ тады, пры Саюзе, там былі буйныя, накшталт фермерскіх, прыватныя гаспадаркі. У гарах пасвіліся атары авечак. На плантацыях –гародніны, фруктаў – не мерана. Грэцкія арэхі гронкамі віслі над дарогамі – і імі можна было ласавацца, працягнуўшы руку з кабіны аўтамабіля.

…У калгасе трымалі слова. Напачатку выдзелілі новы трактар. Праўда, ключы ад жылля ў двухкватэрным доме ўручылі не адразу.

– Сам вінаваты, – усміхаецца Аляксандр Рамуальдавіч. – З будучай жонкай, Валянцінай, два гады сустракаліся.  Яна родам з суседніх Грыцукоў.

Валянціна Пятроўна, так паважліва называлі маладую дзяўчыну вяскоўцы, настаўнічала ў Абадоўцах. Яе кантынгент – вучні-пачаткоўцы. Яшчэ не меўшы сваіх дзетак, Валянціна такімі лічыла чужых.  Не паблажліва адносілася да іх – патрабавальна, але з тым бачным клопатам, які адразу зацанілі маладыя бацькі.  І па-свойму перажывалі, калі іх настаўніца па сямейных абставінах перавялася ў Крывасельскую школу.  Абставіны вядома якія: выйшла замуж.  За самага прыгожага на вёсцы хлопца.  У Аляксандра сапраўды адбою не было ад дзявочай увагі. Яго абаяльнасць, камунікабельнасць, непадробленая адкрытасць выклікалі  зразумелую схільнасць слабай палавіны. Але яе прадстаўніц чакала расчараванне. Зразумелі, што з Валянцінай у яго сур’ёзна і назаўсёды.

Асталяваліся ў сваім доме. Абжыліся. Па перыметру сядзібы пасадзілі кусты маліны, парэчак. Яны дружна пайшлі ў рост, пускаючы атожылкі і цешачы гаспадароў буйнымі гронкамі спелых ягад.  Вось калі ў поўнай меры прыгадзіліся Аляксандру яго агранамічныя веды – і ў доглядзе ўласнай сядзібы, і ў працы на калгасным палетку.

– У мяне быў падрад на вырошчванне бульбы, – успамінае мой герой.– З выбарам сартоў і тэхналогіяй гаспадарцы дапамагаў навуковец, яго ў нас называлі прафесарам. З ім мы на полі і доследы ставілі. Апрабоўвалі розныя  метады пасадкі, догляду. Памятаю,  прапанаваў прафесар на развод нямецкі сорт – «каратон» называецца. Клубеньчыкі маленькія, як слівіны. Бульбоўнік выйшаў нізенькі. Не бачыў нават, каб ён цвіў. А бульба вырасла – у дзве далоні не сашчэпіш.

Аляксандр сёння са шкадаваннем гаворыць аб тых забытых тэхналогіях. Аб выпрабаванні сартоў, кожны з якіх высаджваўся асобна, на аддаленых адзін ад аднаго палетках, каб не адбылося ўзаемаапыленне. Штогод гаспадарка вырошчвала бульбу на 200-гектарнай плошчы. Бывала,  садзілі і 250: у першай брыгадзе – адзін сорт, у другой – іншы і гэтак далей. Многае з набытага вопыту ў сельгасарганізацыі сёння страчана. Але Аляксандр паспяхова прымяняе яго на ўласнай сядзібе. Увесну, кажа, пасадзіў два з паловай мяхі, увосень трыццаць выбраў. І сабе, і дзецям, і на гаспадарку хопіць.

У сям’і Саўчыцаў выраслі дзве дачушкі. Старэйшая ўжо замужам, жыве ля Навагрудка. Пацешыла дзеда з бабуляй унучкай Сашкай. Цэлае лета яна правяла на іх сядзібе.  Штодзень сустракала дзядулю з працы, выглядаючы, калі спыніцца на шашы транспарт з ПМС. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм, дзе цяпер працуе Аляксандр, завозіць людзей на аб’екты сваім транспартам. У выпадку, калі яны аказваюць дапамогу сельгасарганізацыям, апошнія і займаюцца дастаўкай, прысылаючы сваю тэхніку да месцаў жыхарства.  За лета Саша дасканала асвоіла гэтыя нюансы.  І не было выпадку, калі б яна здалёк не вылічыла дзедаву постаць, не ўчапілася маленькай  пухнатай далонькай у шурпатую мужчынскую руку, якая яшчэ захоўвала напружанасць працоўнага дня.

Стаўшы меліяратарам, асаблівых змен у накірунку сваіх абавязкаў Аляксандр не адчуў.  Кабіна трактара, магчыма,  некалькі іншага дызайну (Сёння ён працуе на «МТЗ 3522»). Пад коламі – зямля, якая аднолькава прагне людскога клопату.  Тэхніка прадпрыемства меліярацыйных сістэм трывала абасноўвалася на палях  сельгасарганізацый. Так і сёлета. З вясны – вываз і ўнясенне арганікі. Ворыва. Перадпасяўная апрацоўка глебы. І паслядоўнасць, і рытм работ для Аляксандра прывычныя. Працаваў на адвозцы травяной масы да сянажнай траншэі. Пасля – на ўздыме зябліва. На зарунелых азімінай палетках амаль у кожнай сельгасарганізацыі раёна – як і штогод, – яго прыкметны след.

У гэтыя дні пяць энерганасычаных трактараў вядуць завяршальны комплекс палявых работ на землях адкрытага акцыянернага таварыста «Новая Вілія». Штодня ў складзе механізаванага атрада меліяратараў Аляксандр цяпер кіруе на палеткі гэтай сельгасарганізацыі. Калі кароткі асенні дзень схіляе голаў пад крыло прыдарожнага кустоўя, механізатары вяртаюцца ў свае сялібы, дзе многіх з іх яшчэ чакае звыклы сялянскі клопат.  Яго Аляксандр дзеліць з жонкай Валянцінай і малодшай дачкой Наташай. Дзяўчына скончыла медыцынскі каледж і працуе медсястрой у хірургічным аддзяленні раённай бальніцы. Сапраўдны парастак роду Саўчыцаў, Наташа ўзяла ад яго  ў спадчыну працавітасць, шчырасць і адкрытасць, якія выклікаюць да яе асаблівую людскую схільнасць. Дзяўчына стрымана, поглядам, горнецца да бацькі. Дзеліцца сваімі дзённымі трывогамі і радасцямі Валянціна.  І ў сям’і наступае  вячэрняя ідылія, якую нішто не рушыць. Хіба што восень, зачапіўшыся ў залатым лісці, вядзе сваю мінорную мелодыю на струнах ветру.

Марыя КУЗАЎКІНА.

Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 173 queries