Нядаўна свой дзень нараджэння адзначала Ніна Аляксандраўна Сыракваш. Падарункам ад Аляксандра Бядрыцкага, дырэктара райаграсервісу, стаў новы мабільны тэлефон – як знак падзякі за шматгадовую бездакорную працу ў гаспадарцы «Асіпавічы».
На пытанне пра ўзрост Ніна Аляксандраўна адказвае жартам:
– Не верце, што мне семдзесят шэсць, маняць, мне ж толькі пяцьдзесят з «хвосцікам»!
А з ёю, ведаеце, можна смела пагадзіцца, бо перада мной стаіць рухавая жанчына з адкрытым маладжавым тварам, цёплай усмешкай на вуснах і добразычлівым позіркам. Вочы – люстра душы, і на дне іх я не заўважыла незадаволенасці ні днём мінулым, ні днём сучасным, чым часта грашаць сёння некаторыя людзі сталага ўзросту.
– Як жылося, Ніна Аляксандраўна?
– Жылі, як усе людзі жывуць. Калі – горай, калі – лепей… Я ўсё жыццё працую ў калгасе. Пакуль магу – трэба ж рабіць. Калгас мне заўсёды дапамагае. Яўгенавіч зерня выпіша, як папрашу, ды і так ніколі не адмаўляе.
Ніна Аляксандраўна даглядае цялят, і, як адзначае Аляксандр Бядрыцкі, прывагі ў яе заўсёды на ўзроўні. Як сабралася яна ісці на пенсію – адразу ж справы пагоршыліся. Вярнулася – усё наладзілася. Містыка? Хутчэй за ўсё – адданасць працы. Калі ставіцца да яе, як Ніна Аляксандраўна, – па-гаспадарску, укладваючы душу і сэрца, – то і вынікі будуць адпаведныя. На дваіх з напарніцай у іх агульны клопат – 240 галоў цялят: кожнага накарміць, падаслаць, дагледзець…
– А ці ёсць якая жывёла дома?
– Раней трымала і каня, і карову, а як нага забалела – збыла. Цяпер вось толькі «сталінская карова» (каза) ды два кабанчыкі, куры.
У Ніны Аляксандраўны – дзве дачкі і ўжо нават тры праўнучкі. Дзеці заўсёды дапамагаюць, хоць жывуць не разам з ёю.
Калі даведалася, што ў «шляхоўцы» будзе размешчаны пра яе матэрыял, на просьбу яе сфатаграфаваць Ніна Аляксандраўна горача запэўнівала мяне:
– Нашто ўжо пра мяне пісаць, пра маладых трэба! У мяне ж усё ёсць, усё ў мяне добра…
А я дазволю сабе не пагадзіцца – сучаснай бы моладзі такую адданасць працы на роднай зямлі і сціпласць… А добрыя вочы Ніны Аляксандраўны трывала засталіся ў маёй памяці.
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота аўтара







