Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мая бабуля Марыя

АД РЭДАКТАРА
Гэта не журналісцкі матэрыял. Але напісаны са шчырым, трапяткім хваляваннем маладой душы, здолеўшай цераз лёс блізкага чалавека перажыць страшную трагедыю вайны. Апавядальны, роўны тон, якім карыстаецца аўтарка, утрымлівае глыбокі эмацыянальны падтэкст.
Калі налятае віхура, кволыя птушкі хаваюцца ў гнёзды, але шалёныя парывы ветру ўшчэнт, бывае, разбураюць іх ненадзейныя прытулкі. Такім неўтаймаваным смерчам пранеслася над нашай пакутнай зямлёй вайна. Яго бязлітасныя віхры ўсмоктвалі ў сваю вогненную варонку ўсё жывое і нежывое, знішчаючы фізічна, прычыняючы невыказальна пякучы душэўны боль. Лінія фронту раздзяляла салдат супрацьстаяўшых армій, чотка размежаваўшы паняцці «свой» і «чужы». У тыле не было лініі фронту. І небяспека магла заходзіць не толькі ад салдата, апранутага ў форму варожага войска.
На жаль, мы рэдка звяртаемся да тэмы «чалавек і вайна» ў яе немілітарызаваным, а, так бы мовіць, цывільным гучанні. І таму мы ўдзячныя Надзеі Аўдзей, дарэчы, супрацоўніцы вілейскага краязнаўчага музея, з якім мы рэалізуем гэты праект. Удзячны за нетрадыцыйны падыход да ваеннай тэмы, за імкненне перакінуць мост пераемнасці ад мінулага ў сёння і засведчыць, што ў гэтым судакрананні пакаленняў ёсць глыбокі сэнс, які не дазволіць нам забыць. Марыя КУЗАЎКІНА

У кожнай светлай усмешцы, у кожнай слязінцы нашай Радзімы – лёс чалавека.
Вось ужо споўніцца 70 год з таго дня, як нашы мужныя дзядулі і адважныя бабулі вызвалілі землі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што можа быць лепей, чым абараняць сваю радзіму? І сёння мы вельмі ўдзячны ім за тое, што зараз можам хадзіць па любай Вілейцы, гутарыць са сваімі сябрамі і жыць спакойна.

Я хачу расказаць Вам гісторыю сваёй бабулі. Прачытаўшы яе, хтосьці скажа: што ж тут асаблівага, гераічнага? Гераічнае – гэта не толькі ўдалая ваенная аперацыя, але і само жыццё падчас вайны.
Нарадзілася Саўчыц Марыя Андрэеўна (у дзявоцтве Ількевіч) ў 1916 годзе ў вёсцы Рабунь ў сям’і настаўніка. Ішла Першая сусветная вайна. Свайго бацькі амаль не памятала. З дзяцінства застаўся адзін толькі ўспамін. Была ранняя вясна. Чатырохгадовая Маруся разам са сваім бацькам хадзіла да ракі і ён часта кашляў. А потым памятае, як у хаце і на вуліцы было многа людзей. Малая дзяўчынка не разумела, што адбывалася і па дзіцячаму радавалася, гуляла, скакала па дошках, ад якіх пахла свежым дрэвам, а суседзі штосьці майстравалі. Толькі праз некаторы час Маруся зразумела, што бацька памёр, а з дошак суседзі рабілі труну для яго.
Маруся жыла з мамай і братам. Старэйшая сястра Насця была ўжо замужам. Жанатым быў і брат Сяргей. У іх ужо былі свае дзеці.
Ішоў 1929 год, сям’я святкавала Вялікдзень, у хаце стаяў пах булак, на стале стаялі разнастайныя прысмакі, свянцоныя яйкі і кулічы. Раптоўна ў гэты дзень памірае маці. Так Маруся засталася поўнай сіратой у 13 год. Засталася яна жыць з братам Барысам, які быў яшчэ не жанатым. У гэты час на плечы дзяўчынкі лягла ўся гаспадарка, так скончылася дзяцінства Марусі. Брат працаваў на спілаванні лесу. На працу ездзіў на кані, таму што патрэбна было спілены лез адвозіць да дарогі. Калі ён прыязджаў змораны да дому, то Марусі патрэбна было даглядаць яшчэ і каня.
Ішоў час, Маруся ўжо стала дарослай і вырашыла паехаць на заробкі ў Прыбалтыку (Эстонія).
Трапіла яна да вельмі добрых гаспадароў, дзе і працавала. Гэтыя людзі былі ўжо ва ўзросце, сваіх дзяцей не мелі. Маруся ім вельмі спадабалася і гаспадары адносіліся да яе як да сваёй роднай дачкі. І прапаноўвалі яе ўдачарыць, каб ёй засталося ўсё, што яны мелі. Але Маруся адмовілася.
Зарабіўшы грошай, яна вярнулася назад дадому. На гэтыя грошы змагла купіць адзенне. У гэты час яна дасягнула таго ўзросту, калі дзяўчаты ідуць замуж. Маруся была прыгожая, статная і хлопцаў, якія б на ёй хацелі ажаніцца, было не мала. Але ўсе, хто б не прыходзіў у сваты, атрымоўвалі адказ. Яна казала, што сірата і пасаг ёй даць няма каму.
І вось аднойчы маладыя дзяўчаты з вёскі сабраліся і пайшлі ў Вілейку. У горадзе на плошчы Георгіеўскай, зараз плошча Свабоды, разгарнуўся вялікі кірмаш. Сярод натоўпу народу Маруся сустракае маладога хлопца. Яго звалі Андрэй. З першага погляду хлапец закахаўся і нават купіў ёй цукерку на палачцы. А праз дзень ён разам са сваімі братамі прыйшоў у сваты. Барыс, Маруся і сваты сядзелі за адным сталом і вялі гаворку аб шлюбе. І яна пачала сваю ўлюбёную фразу, што яна сірата і пасагу ў яе няма. На што, малады хлапец устаў і сказаў, што вельмі кахае яе і бярэ ў тым, у чым яна стаіць, а яшчэ дадаў: «– У мяне ёсць два паліто: адно табе перашыем, а другое – мне». На гэтыя словы ёй не было чаго сказаць. Маруся згадзілася.
Згулялі вяселле, і браты, канешне, далі пасаг: зямлю, лес, карову і адзенне. Увогуле з усяго, што мелі, частку далі сястры.
Так пачалося новае жыццё. Маруся перайшла жыць у сям’ю мужа. Сям’я была вялікая. Работы было многа. Калі садзіліся есці, то елі з адной міскі і вельмі хутка, а паколькі Маруся расла разам з братам, да такога тэмпу не прывыкла. Здаралася так, што не паспявала паесці і тады свякроў налівала ў місачку заціркі і прыносіла ёй ў запечак.
У 1937 годзе ў сям’і Марусі і Андрэя нарадзіўся сын, назвалі яго Мікалай. Але жыў сын нядоўга, захварэў на сухоты і памёр. Пахаваўшы сына, маладая сям’я адпраўляецца на заробкі ў Латвію. Але працавалі нядоўга. Пасля з’яднання ўсходняй і заходняй Беларусі яны вяртаюцца на радзіму. Усе заробленыя грошы прапалі, паколькі на гэтай тэрыторыі цаны не мелі.
Вярнуўшыся дадому, муж Андрэй ідзе на працу ў міліцыю ў горадзе Вілейка. У 1941 годзе ў іх нараджаецца дачка, але жыве нядоўга і ў хуткім часе памірае ў бальніцы. Не паспела маладая жанчына аправіцца ад няшчасця, як грымнула вайна. Мужа разам з міліцыяй эвакуіравалі, накіравалі ў тыл для аховы ўрада Беларусі. А Маруся засталася адна. І пачынаецца самае цяжкае. Не маючы прытулку,з першых дзён вайны маладая жанчына шукае яго па родзічах, якія жылі ў розных кутках Вілейскага раёна. Сястра – у Рыбчыне. Брат Сяргей – у Вязыні, яшчэ адзін брат – у Рабуні, тут жа жыў і дзядзька Іосіф. У вёсцы Нясцёркі жыла цётка Таццяна, а ў Клынях – дзядзька Ігнат. Потым Марыя ўспамінала: «Прыходжу да сваёй сястры, а паколькі я жонка міліцыянера, паліцаі ўжо ідуць за мной. Не паспею нават паесці – за катомкі – і ў лес. Берагло толькі тое, што было вельмі многа лясоў, дзе можна было схавацца». Ходзячы па знаёмых сцяжынках, заходзіла яна і да іншых родных, якія не адмаўлялі ёй у начлезе. Нідзе доўга не затрымлівалася, бо баялася паліцаяў і не хацела падстаўляць гаспадароў. Такі лад жыцця вяла Марыя ад пачатку вайны да ліпеня 1943 года.
І вось аднойчы ў Вілейцы Маруся сустракаецца са сваёй сяброўкай Лізай Пагуда і яны ўдваіх вырашылі пайсці ў партызаны. Але ў дамоўлены час Ліза не прыйшла, бо ў яе сям’і здарылася няшчасце, немцы расстралялі бацькоў і брата, і яна разам з сястрой Лідай і братам Мішам пайшлі ў партызаны раней дамоўленага часу. А Марыя, прыйшоўшы ў Вілейку, трапіла ў рукі паліцаяў, якія пасадзілі яе на падводу ў абозе, што рухаўся на Вязынь.
Брат Сяргей, адчуваючы штосьці нядобрае, пайшоў за сваёй сястрой у Вілейку, але з ёй не сустрэўся, яго затрымалі немцы, і ён цэлы дзень на вакзале разгружаў калючы дрот. А потым ён даведаўся, што Марусю схапілі паліцаі і павязлі ў Вязынь, і што падвода, на якой яна ехала,падарвалася на міне.
Абоз спыніўся каля вёскі Располле, і некалькі паліцаяў пайшлі ў вёску за яйкамі, а падвода ехала за абозам і наехала на міну. Выбухной хваляй адкінула Марусю ў лес, дзе і знайшоў яе брат Сяргей. Яна была вельмі моцна паранена, але жывая. Больш за ўсё былі пашкоджаны рукі і ногі, была паранена галава. Брат забраў яе з лесу і прывёз дахаты.
Доктара ў вёсцы не было, а фельчар за дапамогу запрасіла тры пуды збожжа, тады брату нічога не засталося, як звярнуцца да нямецкага доктара. Доктар прыйшоў разам з перакладчыкам,палякам, агледзеў Марусю і даў ёй нейкі ўкол і пакінуў перакісь вадароду для апрацоўкі ран.
Марыя да апошняга памятала той дзень 2 ліпеня 1944 года. Яна была ў вёсцы Рыбчына ў сваёй сястры Насці, калі пачула нарастаючы гул у небе і ўбачыла самалёты. Спачатку ахапіў жах, а потым,калі ўбачыла чырвоныя зоркі на крылах, душу перапаўняла радасць. Яна рушыла на бераг Віліі. Там убачыла, што самалёты накіраваліся на горад і праз некалькі хвілін пачуліся выбухі – гэта бамбілі Вілейку. Разам з выбухамі быў чутны і грукат на другім беразе ракі: па гасцінцу ішлі танкі, яны рухаліся ў бок горада.
Маруся стаяла на беразе ракі і была такая шчаслівая і свабодная, што ёй здавалася, яна можа ўзняцца ўвысь і паляцець. Не трэба было больш баяцца.
Шмат яшчэ шчаслівых дзён было ў яе жыцці. Гэта і вяртанне мужа, і 9 мая 1945 года, Парад Перамогі ў Мінску, які яна бачыла сваімі вачыма. Бо, калі яна сустрэлася пасля вайны з мужам, ён вярнуўся з эвакуацыі разам з урадам Беларусі ў Мінск і яшчэ некаторы час працаваў там. У іх нараджаецца сын. Затым сям’я пераязджае ў Вілейку. Тут будуюць хату. Затым нараджаецца дачка. Пачынаецца шчаслівае жыццё без вайны. Але да апошняга свайго часу Марыя ўспамінала 2 ліпеня 1944 года, як самы шчаслівы дзень у яе жыцці.
Надзея АЎДЗЕЙ,
унучка Саўчыц Марыі Андрэеўны.
Фота з уласнага архіву

Доктара ў вёсцы не было, а фельчар за дапамогу запрасіла тры пуды збожжа, тады брату нічога не засталося, як звярнуцца да нямецкага доктара. Доктар прыйшоў разам з перакладчыкам,палякам, агледзеў Марусю і даў ёй нейкі ўкол і пакінуў перакісь вадароду для апрацоўкі ран.

Visited 14 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 229 queries