Гэтыя цюльпаны ў руках хлапчука-падлетка прыцягнулі не адзін позірк. Незвычайная, колеру ранішняга неба, чырвань – у абрамленні махровых завіткоў. І дзе толькі выпеставана такая прыгажосць?
– Бабуля ў агародчыку вырасціла, – прыадчыніў завесу тайны падлетак. Не толькі з нагоды свята прыйшоў юны віляйчанін на ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню Перамогі, з букетам цюльпанаў. Ён усклаў іх да мемарыяльнай пліты, на якой занатаваны імёны нашых землякоў, загінуўшых за свабоду і незалежнасць Радзімы. Сярод іх – прозвішча Чарапан. Яго насіў прадзед Мішы, бацька яго бабулі. Вось так выпадковая сустрэча на плошчы Свабоды адкрыла таямніцу лёсу адной толькі беларускай сям’і. Напэўна, свая гісторыя, свае рахункі з вайной у кожнага ўдзельніка мерапрыемства. Варта толькі ўглядзецца ў твары, якія з непадробным хваляваннем рэагуюць на мерны гук метранома, што адлічвае хвіліну маўчання.
У памяці няма ўзросту. Гэта яшчэ раз пацвердзілі юныя ўдзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі. Яна папярэднічала мітынгу і памінальнай малітве, што затым прагучала над плошчай, з’яднаўшы сэрцы прысутных у парыве іх высокага звяртання да Неба.
– Хрыстос уваскрос, – праваслаўны святар Дзмітрый Власенка менавіта гэтымі словамі прывітаў прысутных, падкрэсліўшы тым самым, што Дзень Перамогі – святы дзень, благаславёны Усявышнім.
Урачысты мітынг адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла. Ён канстатаваў неўміручасць памяці і нашу нязменную любоў і павагу да ветэранаў вайны:
– Мы свята шануем памяць загінуўшых за наша будучае, за шчасце нашых дзяцей, за волю і незалежнасць нашага агульнага дому… Вось ужо 67 год, дзякуючы мужнасці і самаадданасці герояў Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікоў тылу, мы жывем у мірнай краіне. Але ніхто з нас не забывае аб тых ахвярах, якія панёс беларускі народ у імя Перамогі.
– У гэты святы дзень жадаю ўсім здароўя, бадзёрага настрою, дабрабыту і шчасця ў імя росквіту нашай Радзімы, – звярнулася да прысутных старшыня раённага Савета ветэранаў Ганна Шэпелева. Яна ж агучыла рашэнне абласнога Савета ветэранаў аб зацвярджэнні звання «Ганаровы ветэран». Яно прысвоена траім прадстаўнікам Вілейшчыны – Івану Корсаку, Антаніне Гарчаковай і Любові Міхайлавай.
– Мы ўшаноўваем паўшых і жывых, воінаў і мірных жыхароў – усіх, хто на франтах і ў тыле каваў Перамогу, – падкрэсліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Спільнічэнка. – Урокі Вялікай Айчыннай вучаць нас цаніць сваю волю і незалежнасць, выхоўваюць патрыятызм у сэрцах маладых нашчадкаў баявой славы нашага народа… І няхай у небе грымяць залпы толькі святочных салютаў, – гэтым пажаданнем завяршыў сваё прывітальнае слова дэпутат Парламента.
Схіляем галовы перад памяццю тых, хто так і не пачуў пераможнага салюта, які гучаў у іх гонар, – хваляванне, з якім вымавіў гэтыя словы Юрый Савічаў, камандзір вайсковай часці, прадстаўнік Узброеных Сіл Расіі, імгненна перадалося прысутным. Ужо хутка 70 год споўніцца, як урачыстым поступам крочыць па беларускай зямлі пераможны май. А наша памяць зноў і зноў вяртаецца да дарагіх абліччаў, занатаваных на старых, пажухлых ад часу фотаздымках. І жыве ў сэрцах горкі боль ад усведамлення таго, што без іх расцвітаюць чаромха і бэз, без іх жыве на зямлі любоў і састарыліся адзінокія ўдовы, захаваўшы вернасць сваім абраннікам.
Менее на свеце тых, каму лёс наканаваў выжыць. А ў сэрцах жывых, хто сёння слухае віншаванні ў свой гонар, як патрывожанае вуголле ў прытухлым прыску, зноў пачынае палымнець памяць. Пра баявых сяброў успамінае сёння Міхаіл Квяткевіч з вёскі Кузьмічы. Ён ваяваў у складзе другога беларускага фронту, а Перамогу сустрэў на Одэры. Доўгае жыццё падарыў лёс яшчэ аднаму ветэрану вайны, таксама ўдзельніку мітынга ў гонар Дня Перамогі, – Уладзіміру Юркевічу. Салдату Вялікай Айчыннай споўнілася 93 гады. Але ён памятае, як прызываўся на тэрміновую ў саракавым, як ваяваў у Закарпацці. Памятае Румынію і Венгрыю – краіны, якія ён, воін-беларус, вызваляў ад фашысцкай навалы.
…Працяг урачыстасці – на цэнтральнай плошчы горада. Сюды ў суправаджэнні духавога аркестра рухаюцца святочныя калоны. Менавіта тут праходзіць цырымонія ўшанавання Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.
Прысутных вітае старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч. Пачэснае права ўзняць Сцяг прадстаўляецца Любові Міхайлавай, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, Віктару Герасімаву, супрацоўніку райваенкамата, Паўлу Пагурку, галоўнаму механіку завода буддэталей і Вікторыі Місюль, удзельніцы ўзорнай эстраднай студыі «Экспромт», пераможцы рэспубліканскага творчага конкурсу «Маладыя таленты Беларусі».
А на імправізаванай сцэне, у антуражы майскай вясны, пачынаецца вялікі святочны канцэрт. Удала падабраныя інсцэніроўкі ствараюць перад гледачамі жывыя сюжэты і вобразы. Гучаць песні ваенных гадоў і тыя, што створаны нашымі сучаснікамі, нашчадкамі перамогі. Вырваўшыся з зімовага палону, струменіць фантан, і ў дробных россыпах вады – урачыстасць вясёлкавых фарбаў. Урачыстасць вялікага Дня.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара і Марыны Пуцэйкі
Лунаюць майскія сцягі над іхняй доляю і славай (фото)
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ

























