Мікіта Абрамчук, вучань 11 класа сярэдней школы №3 Вілейкі, названы лепшым вучнем Мінскай вобласці ў намінацыі «Праектная дзейнасць». Мы сустрэліся з Мікітам і распыталі хлопца пра шлях да перамогі.
Уважлівыя нашы чытачы, напэўна памятаюць Мікіту як ініцыятара і аднаго са стваральнікаў праекта па папулярызацыі навукі «Планета навуковых цудаў», які дзейнічае пры Вілейскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Менавіта праз ідэю – што навука можа быць даступная кожнаму і пры гэтым абсалютна бяспечная – і пачаўся ўласны шлях Мікіты да прызнання лепшым вучнем вобласці.
За два з паловаю гады ідэя «Планеты» стала рэальнасцю, горад атрымаў цікавую навуковую пляцоўку на агульнагарадскіх святах, а Мікіта – вялікі уласны досвед у стварэнні і прасоўванні свайго праекту.
– Мікіта, з чаго пачаўся праект і што ён уяўляе сабой зараз?
– Ідэя стварэння з’явілася ў выніку сацапытання школьнікаў. Яно паказала, што амаль кожны пяты апытаны хацеў бы дадаткова займацца навукай і праводзіць доследы. Аднак у горадзе на той час не было лабараторыі, даступнай для ўсіх жадаючых. Так і ўзнікла ідэя праекта, які б папулярызаваў навуку.
З самага пачатку мы заявілі пра сябе на SOCIAL WEEKEND. І галоўнае, што атрымалі ад гэтага конкурса – усведамленне, як рухацца наперад да рэалізацыі сваёй мары. Па-першае, мы сталі заяўляць пра сябе на розных конкурсах. А па-другое, сталі рабіць ўсё, што можам, каб «раскруціць» свой праект ва ўласным горадзе. Гараджане змаглі пазнаёміцца з дзейнасцю «Планеты» на мерапрыемствах «Энергія маладосці» і «Уха-фэст». Жадаючых правесці займальныя доследы было шмат, і не толькі сярод дзяцей, але і сярод дарослых. І нашу групу ў сацсетках таксама папоўнілі дарослыя, а не только дзеці. Урэшце нас заўважылі і ў конкурсах. Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні», напрыклад, перадала цэнтру 11 планшэтаў.
Зараз у праекце стала ўдзельнічаюць 10 валанцёраў. Нас ведаюць у горадзе і запрашаюць на розныя мерапрыемствы. Нават сталі звяртацца бацькі з пытаннем, з якога ўзросту можна прыводзіць дзяцей. Цэнтр дадатковай адукацыі праз праект атрымаў магчымасць значна палепшыць сваю матэрыяльную базу.
– А што асабіста Вам даў удзел у праекце? Вы самі змяніліся за гэты час?
– Канешне, змены ёсць, і вялікія. Шмат я ўзяў з удзелу ў праекце velcom YOUTH. Інтэрактыўнае навучанне ў рамках праекта, майстар-класы з экспертамі маўлення, штодзённая сувязь з імі памаглі значна пашырыць свае магчымасці самапрэзентацыі, палепшыць валоданне роднай моваю, засвоіць азы красамоўства. Я «пракачаў» лагічнае мысленне, стаў значна больш лагічна выказваць свае думкі, аналізаваць словы іншых людзей. Зараз адчуваю сябе камфортна падчас размовы з экспертамі, а раней – быў больш закрыты, сарамлівы.
– Мікіта, не магу не запытаць пра планы на жыццё. Куды збіраецеся паступаць?
– Планую абраць або фізіку, альбо праграміраванне. З канкрэтным ВНУ яшчэ не вызначыўся, буду глядзець, як здам рэпетыцыйнае тэсціраванне. Канешне, праграміраванне прыцягвае магчымасцю зарабляць добрыя грошы, аднак і прафесія настаўніка фізікі таксама нядрэнны варыянт. Тым больш што мне падабаецца праца з дзецьмі.
– Напэўна, увесь час зараз ідзе на падрыхтоўку да тэсціравання? Ці займаецеся яшчэ чым?
– З 8 кастрычніка ў Беларусі стартаваў сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – конкурс яскравых ідэй навучэнцаў 9, 10 і 11-х класаў. Я таксама там удзельнічаю з новай ідэяй (пакуль не хачу раскрываць усе карты). 10 фіналістаў праекта, якіх абярэ журы, атрымаюць персанальных ментараў і з іх дапамогай будуць рыхтавацца да свайго вялікага публічнага выступу на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.
А яшчэ з лета заняўся пасткросінгам – абменам паштоўкамі з людзьмі па усім свеце. Рэальна гэта зацягвае. Цікава атрымліваць паштоўкі ды і самому іх адпраўляць. На сёння ў мяне ўжо каля 80 картак з усяго свету. Ёсць не толькі з Еўропы, але з Кітая, Аўстраліі, Канады. З жанчынай з Італіі мы сапраўды пасябравалі – актыўна перапісваемся, віншуем адзін аднаго са святамі, расказваем пра свае захапленні. Ну і, канешне, гэта хоббі «падцягвае» англійскую мову.
– Пойдзеце вучыцца, а хто будзе рухаць «Планету»?
– Я не збіраюся сыходзіць з праекту. Буду працягваць весці сацыяльныя сеткі, магчыма, знойдзецца іншая роля. А ў «Планеты» зараз ёсць добрая каманда валанцёраў, значыць, яна працягне свой рух.
Ірына ТРУБАЧ