Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Туліся да родных

Нягледзячы на тое, што гэта падзея адбылася ў мінулым годзе, хочацца сёння нагадаць чытачам «раёнкі» пра сустрэчу, якая пакінула ў душы кожнага з нас вельмі добры след і застанецца назаўсёды ў памяці.

Родныя і блізкія – выхадцы з вёскі Субачы – сабраліся разам, как захаваць памяць пра сваіх продкаў. Фота прадстаўлена Маяй БУДЗЬКО

Напярэдадні Радуніцы, 5 мая, мы сустрэліся на могілках у Зарэчным. Мы – гэта вялікая сям’я, у якую сёння ўваходзіць 100 чалавек. Сустрэча прайшла ў месцы, дзе ляжаць тыя, ад каго мы ўсе нарадзіліся, ад каго мы ўсе пайшлі – Антон і Кацярына Будзько (па-вясковаму Будзькі). Нас назбіралася 23 чалавекі, 16 з якіх кроўныя, з агульнымі каранямі. Зляцеліся родныя з Вілейкі, Субач, Выгалавіч, Нарачы, Крывіч, Мінска, Гродна, Калінкавіч, Маладзечна, Магiлёва. Мы наведалі могілкі ў Субачах, бо там наш пачатак, а таксама могілкі ў Зарэчным і ў Княгініне, бо жыццё раскідала і жывых, і памерлых. Пастаялі, памаліліся, памаўчалі… Нам пашанцавала, бо ў гэты дзень айцец Канстанцін асвячаў могілкі. А потым па традыцыі ўсе пайшлі за стол, каб успомніць кожнага добрым словам, падняць чарку і паглядзець сямейны фільм. Стол нам арганізавалі родныя ў Княгініне, добразычлівыя гаспадары, згодныя прыняць у сябе такую вялікую кампанію.

Фільм «Карані» атрымаўся цікавым і шчымлівым. Амаль год для яго збіраўся матэрыял па ўсім свеце, бо людзі з нашых жывуць сёння і ў Расіі (Масква, Варонеж, Уладзімір, Іркуцк, Тулун), і ў Польшы (Чэнстахова, Гранова), і ў Англіі, і ў Іспаніі, і ў ЗША, і ў Турцыі. Вось такая шырокая геаграфія! У двух серыях апавядаецца пра сям’ю Будзькаў. Першая серыя прысвечана нашым дзядам і бацькам, другая – нашым дзецям і ўнукам. Шэсць глаў нагадваюць пра шэсць галін вялікага дрэва: Вольга, Іван, Мікалай, Уладзімір, Ніна і Соф’я. Сотні фотаздымкаў, фотакалажаў, архіўныя дакументы, рарытэтныя фота, статыстычныя дадзеныя, генеалагічнае дрэва – усё гэта ўвайшло ў фільм. Першая серыя заканчваецца хвілінай маўчання ў памяць пра тых, каго ўжо няма сярод нас. Калі на экране з’явіліся помнікі родных, калі кожны ўстаў з-за стала, немагчыма было стрымаць слёзы. Плакалі ўсе: і малыя, і старыя, і мужчыны, і жанчыны, і браты, і сёстры… Так мы памянулі нашых продкаў, нашых бацькоў…

Другая серыя весялейшая, таму што ў ёй фота з вяселляў, дзяцінства, сустрэч, сумеснай працы. У фільме падлічана наша колькасць і падабраны «самыя»: «самы старэйшы у сям’і», «самы маладзейшы», «самае папулярнае імя», «доўгажыхар», «тыя, хто дачакаўся праўнукаў» і розныя цікавыя факты з жыцця блізкіх. Прыемна, што ў фільме гучаць песні, якія спявае Будзько Юзефа Паўлаўна, вядомая ў нашай сям’і пявуння. Так добра, што захаваўся запіс з жывымі галасамі тых, каго цяпер можна пачуць толькі па запісе.

Фільм заканчваецца аптымістычна, з верай у працяг – фотаздымкамі дзядоў і ўнукаў. Кожны, хто прыехаў на гэту сустрэчу, адчуў самы светлы настрой. Сярод нас былі і малазнаёмыя, і рознаўзроставыя, але пачуццё роднасці, блізкасці нас вельмі хутка аб’яднала – не хацелася развітвацца.

Пасля сустрэчы мы яшчэ доўга абменьваліся ўражаннямі. Дзякуючы сучаснай тэхніцы, адправілі фільм кожнаму і атрымалі самыя прыемныя словы ад «замежнай» радні. Людзі пісалі, тэлефанавалі, дзякавалі за добрую справу.

Трэба сустракацца, трэба бачыцца, пакуль яшчэ жывыя тыя, хто нас аб’яднае, пакуль ячшэ ёсць тыя, хто ведае родных. Адзін з нашых братоў падняў тост за тое, каб у наступны раз сабрацца з дзецьмі і абавязкова пазнаёміць іх.

Наша малая радзіма – Субачы, вёска, у якой жыве сёння адзін жыхар. Трэба прызнацца, што, на жаль, хутка гэтай вёскі не будзе. Але ёсць на свеце тыя, хто адтуль выйшаў, хто яшчэ памятае, як там жылі. Мы спадзяёмся на будучыя сустрэчы, нам вельмі спадабалася разам накрываць стол, сядзець побач, успамінаць, жартаваць, гаварыць па тэлефонах з тымі, хто не змог прыехаць, але падтрымліваў нас і быў побач з намі…

Туліцеся і вы да родных!

Мая БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 31 queries