Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Купалле пачнецца са святочнага шэсця па горадзе

6 ліпеня ў чароўную купальскую ноч віляйчанам і гасцям горада не прыйдзецца сумаваць – гэта гарантуюць арганізатары. Кожны, паабяцала Алеся Высоцкая, дырэктар Палаца культуры, знойдзе сабе занятак па душы.

Купалле пачнецца са святочнага шэсця па горадзе. Яго ўдзельнікі будуць збірацца а 21 гадзіне ля Палаца культуры. Святочная калона накіруецца ў Ніжні парк, дзе а 22 гадзіне пачнецца мерапрыемства. Жадаючыя змогуць паспяваць і павесяліцца, паўдзельнічаць ў конкурсах. Вязанне венікаў – на гэты конкурс чакаюць тых, хто сапраўды валодае гэтым майстэрствам, таму галоўным крытэрыем ацэнкі і гарантыяй атрымання прыза стане не хуткасць, а якасць. Плесці ж вяночкі, па традыцыі, будуць дзяўчаты. Арганізатары абяцаюць здзівіць не толькі сцэнарыем свята, але і падарункамі на слупе. Ад шакаладкі да бытавой тэхнікі – такія прызы знойдуць на яго вяршыні смелыя і ўмелыя. Акрамя таго, для гасцей свята будзе арганізаваны і гандаль.
Ачышчальнае купальскае вогнішча збярэ вакол сябе ўсіх жадаючых. І чаму б аматарам раскладаць у сваім дварышчы вогнішча са старых пакрышак і іншых спадручных матэрыялаў, парушаючы гэтым супрацьпажарную бяспеку, не адысці ад такога звычаю, каб далучыцца да агульнага свята? Апоўначы ў Ніжнім парку князь Купаліш з Купалінкаю запаляць сонечнае кола і павядуць усіх у карагод, скокі і гульні – пабыць проста гледачом нікому не ўдасца! І кожны, хто апынецца побач з вогнішчам, стане ўдзельнікам спрадвечнага абраду, ачысціцца душой, стане дабрэй і весялей.
– Калі ёсць у вас нейкая рэч, – раіць Алеся Высоцкая, – з якой звязаны непрыемны ўспамін, нясіце, кідайце ў вогнішча. Калі ж і ў душы ў вас нешта «завалялася» – даўнішняя крыўда, зайздрасць або злосць – прыходзьце абавязкова. Ачышчальная сіла агню абавязкова дапаможа.
Таццяна ШАРШНЁВА

Visited 19 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries