Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Kалядны канцэрт «Святло Нараджэння Хрыстова»

– Добры вечар добрым людзям! Святы вечар…
Так прывіталі ўсіх, хто сабраўся ў глядзельнай зале Палаца культуры калядоўшчыкі – выхаванцы Цэнтра эстэтычнага выхавання. У іх выкананні прагучалі традыцыйныя песні, настроіўшы гледачоў на хвалю таго настрою, які пануе ў гэтыя дні, што спрадвеку называюць Святкамі. Парадаваўшы гледачоў сваім выступленнем і цудоўнымі ўборамі, «ражаныя» пайшлі «далей па Вілейцы Каляду шукаць». А залу напоўніў святочны перазвон – велічны і ўрачысты ў сваёй чысціні. Так пачаўся калядны канцэрт «Святло Нараджэння Хрыстова».
З дзіцячых вуснаў гучалі словы малітвы, пад кіраўніцтвам рэгента Мікалая Шкета выступалі ўдзельнікі хору храма Прападобнай Марыі Егіпецкай. Вядучыя, аўтар-выканаўца і дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч і рэжысёр, артыст Беларускага Радыё Алег Вінярскі павіншавалі ўсіх са святам і запрасілі на сцэну благачыннага Вілейскай акругі Сімяона Мацюха. Расказваючы пра Святкі, ён акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што ў гэты час трэба, у першую чаргу, адпачываць духоўна, асабліва адносіцца да блізкіх – з любоўю, спагадліва і паблажліва. Вяртанне да традыцыі, магчыма, і ў змененым выглядзе – аснова хрысціянскага жыцця, сказаў айцец Сімяон і пажадаў, каб Віфлеемская зорка дакранулася да кожнага, каб кожны мог сказаць – «З намі Бог!». Пасля айца Сімяона выступіла Алена Міхаленка, галоўны рэдактар духоўна-прасветніцкай газеты «Воскресение» і падаравала благачыннаму зборнік паэзіі для прыходскай бібліятэкі. Людміла Мітаковіч, каментатар Першага нацыянальнага канала Беларускага Радыё і канала «Культура», расказала аб праграме «Святло душы». Менавіта гэта святло імкнуцца данесці да ўсіх яе заснавальнікі, сказала Людміла Сяргееўна, і заклікала заставацца разам з імі. Святочны канцэрт працягнуўся. У ім песнапенні хору храма Прападобнай Марыі Егіпецкай чаргаваліся з выступленнямі выхавальніц нядзельнай школы, якія чыталі вершы пра Нараджэнне Хрыстова. У выкананні Алега Вінярскага пад акампанемент калектыву аўтарскай песні «Элегія» гучалі вершы Івана Лашуткі. Зала апладысментамі сустракала хор «Вясёлыя ноткі» вілейскай гімназіі №2, ансамбль скрыпачоў школы мастацтваў. Напэўна, не толькі мне запомніліся і прыгожыя нумары ансамблю танца «Карусель» гімназіі №1 «Логас», літаратурна-музычная кампазіцыя на вершы Алены Міхалевіч і Таццяны Дашкевіч, падрыхтаваная студыяй «Домісолька» Цэнтра эстэтычнага выхавання. Ва ўні-сон з сэрцамі слухачоў злі-лося папуры на тэмы песень Ігара Лучанка ў выкананні акампаніятара народнага хору ветэранаў Уладзіміра Навуменкава. А чароўнае гучанне «Нараджэння Хрыстова», што прапанавалі ўвазе слухачоў выхаванцы школы мастацтваў, удала дапаўняла маленькая Маша Жаўняровіч у вобразе анёла. Дарэчы, у той вечар шмат дзетак было не толькі на сцэне, але і ў глядацкай зале. Нараўне з дарослымі яны ўважліва слухалі прытчу «Святая ноч», якую пранікнёна прачытала Валянціна Цітовіч. Сапраўдным падарункам стала выступленне “Казацкага ансамбля славянскіх народаў” горада Мінска пад кіраўніцтвам Аляксандра Важніка. Дарэчы, калектыў выступае ўсяго толькі другі сезон, а ўжо добра вядомы і на пляцоўках Украіны, Расіі, Германіі. Выхад салістаў калектыву ў мундзірах казакоў напрыканцы канцэртнай праграмы (а яна доўжылася каля дзвюх гадзін) прымусіў гледачоў пазбавіцца рэшткаў некаторай стомленасці. І зала адгукнулася дружнымі авацыямі. Яны былі адрасаваныя і іншым ўдзельнікам канцэрту, што ўсе разам выйшлі на сцэну. Да іх звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга. Яна падзякавала арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства за іх вялікі ўклад у справу духоўнага выхавання і павіншавала ўсіх са святам. Сваё выступленне яна завяршыла словамі Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла: «Я хачу, каб мы ўсе навучыліся захоўваць сваю любоў». І ў іх – неаспрэчная ісціна, якую на працягу вякоў пацвярджаюць пакаленні хрысціян.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара









Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries