Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі ж даручэнні не будуць выкананы, вінаватых працягнуць да адказнасці

Для кантролю за навядзеннем парадку ў горадзе і раёне рашэннем райвыканкама ад 9 лютага бягучага года №175 створаны рабочыя групы, якія выязджаюць у рэйды, выяўляюць, што называецца, астраўкі безгаспадарчасці, акрэсліваюць час, за які павінен быць наведзены парадак. На першы раз будзе так. Калі ж даручэнні не будуць выкананы, вінаватых працягнуць да адказнасці.
Адной з рабочых груп кіруе начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Галіна Кажарновіч. У мінулы чацвер гэта група праехала па аддаленых ад цэнтра раёнах горада і ўбачыла нямала таго, што трэба неадкладна выпраўляць.
– Кожны з нас бачыць, што ў горадзе вельмі многа добраўпарадкаваных сядзіб, на якія прыемна глядзець, – дзеліцца Галіна Іосіфаўна. – І гэта не абавязкова шыкоўныя пабудовы. Дастаткова, каб была бачна гаспадарская рука: дагледжаны дом, акуратны двор. Падчас рэйду, напрыклад, я зайшла да дзвюх немаладых жанчын і была прыемна ўражана парадкам і ў доме, даволі сціплым, але такім акуратным, і ў двары. Адразу бачна, што сапраўдныя гаспадары жывуць. І на фоне такіх дагледжаных домаўладанняў непрыгожымі плямамі глядзяцца тыя, дзе беспарадак, бруд, паваленыя платы, смецце…
Як расказала Галіна Кажарновіч, рэйдавая наведалася спачатку ў Макаўе, прайшла па завулках Сасновых. Звярнулі ўвагу, што лесапаркавая тэрыторыя, якая прылягае да прысядзібных участкаў, занята самым розным – піламатэрыяламі, смеццем. З’езды на рэспубліканскую трасу зроблены дзе каму зручна.
– Між тым, столькі людзей адказваюць за парадак, – разважае Галіна Кажарновіч. – І арганізацыі замацаваны за вуліцамі, і цэнтр гігіены і эпідэміялогіі сочыць, і жыллёва-камунальная служба… А атрымліваецца, як у той прымаўцы, што ў сямі нянек дзіця без вока. Не вельмі бачная пакуль работа ўсіх гэтых арганізацый, хоць узяцца за яе пара. Месячнік па навядзенні парадку пачаўся ўжо з 20 сакавіка, таму працаваць трэба неадкладна.
Далей маршрут рэйдавай пралёг у паўночны мікрараён горада. І тут, у так званым «Шанхаі», многае Кінулася ў вочы. Ля некаторых домаўладанняў ляжаць скінутыя дровы. Ляжаць не ў сваіх дварах, а на гарадскіх тэрыторыях, займаць якія ніхто не мае права. Па правілах, тыя ж дровы павінны быць спарадкаваны на працягу 72 гадзін. Між тым, ля некаторых двароў яны ляжаць падоўгу…
Аналагічныя заўвагі наконт дроў былі зроблены некаторым гаспадарам у Воўкаўшчыне. Былі і больш сур’ёзныя праблемы. Так, двое суседзяў пачалі абвінавачваць адно аднаго ў самапраўдным узвядзенні гаспадарчых пабудоў. Як высветлілася, праблема з гэтым у абодвух гаспадароў. Не жадаюць яны чамусьці прытрымлівацца адведзеных ім межаў, так і стараюцца вылезці за іх. Мы, маў-ляў, гаспадары, самі вырашаем, што рабіць і як. Няўжо не ведаюць, што нікому не дадзена права займаць гарадскія землі, што распачынаць любое будаўніцтва патрэбна толькі пры дазволе райвыканкама? Калі не ведаюць, то хочацца, каб цяпер ведалі.
Яшчэ адна праблема – нежылыя домаўладанні. Яны іншы раз вылучаюцца сярод іншых сваёй недагледжанасцю, захламленасцю ўчасткаў. Вось і падчас рэйду такі дом у Воўкаўшчыне кінуўся ў вочы. Захламлены двор, беспарадак «выпаўз» і за яго межы. Хоць і нежылы дом, але ж наследнікі ёсць. Галіна Кажарновіч знайшла іх, пагутарыла. Тыя толькі разводзяць рукамі, маўляў, дайце людзей, дапамажыце прыбраць двор і наваколле. Так вось і атрымліваецца, што гаспадары ёсць, а давесці свае ўладанні да парадку не могуць. А можа, проста не жадаюць?
– Смецце, паваленыя платы, склады дроў, піламатэрыялаў, самапраўныя пабудовы, парушэнне межаў участкаў – гэта назіраецца вельмі часта, – завяршаючы размову, адзначыла Галіна Кажарновіч. – Кожны рэйд пацвярджае гэта. Мэта работы нашых груп – не караць, а працаваць на прафілактыку, каб людзі ўрэшце зразумелі свае правы і абавязкі. Ніякіх складанасцяў тут няма – трэба проста быць дбайным гаспадаром, утрымліваць у парадку сваё домаўладанне і цвёрда ведаць, што займаць без дазволу гарадскія тэрыторыі не мае права ніхто.
Месячнік па навядзенні парадку на зямлі і паляпшэння санітарнага становішча тэрыторый горада і раёна працягваецца. Рабочыя групы плануюць пабываць ва ўсіх куточках Вілейшчыны. Вы навялі ў сябе парадак?
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries