Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі збяруцца выпускнікі…

Быццам адкрасаваўшае восеньскае лісце, абляцелі студзеньскія лісткі календара. І ўжо ўпэўнена, на правах гаспадара, крочыць па зямлі люты. Прыкметна падоўжаў дзень, і калі-нікалі праглядвае сонца, праганяючы зімовую дэпрэсію і скіроўваючы думкі на блізкую вясну. А добрай нагодай, што сагрэе сэрца ў першыя дні апошняга зімовага месяца, стане традыцыйная сустрэча выпускнікоў.
Праз прызму часу драбнейшым здаецца будынак школы, а твары настаўнікаў, што трывала адбіліся ў памяці, аказваецца, не шкадуе няўмольны час… І зусім іншымі знешне сталі аднакласнікі. У многіх змяніліся светапогляд, стаўленне да жыцця. З напружаннем шукаеш ранейшыя, звыклыя рысы ў абліччы і характары, і з кожным годам знаходзіш іх усё менш. Але, калі падчас сустрэчы пачынаецца гутарка, знікаюць усялякія бар’еры, а ўспаміны пераносяць у школьнае жыццё з яго клопатамі і дарагімі сэрцу момантамі. А тэм для размоў збіраецца столькі, што гаварыць – не перагаварыць. І як прыемна, калі хай не з году ў год, а праз пяць, дзесяць, пятнаццаць год і гэтак далей ёсць каму сабрацца, каб расказаць, як склаўся лёс, падзяліцца сваімі поспехамі, дасягненнямі, прыемнымі – а то і не вельмі – навінамі. Многа былых выпускнікоў збярэцца ў гэтым годзе 5-га лютага, каб аддаць даніну павагі сваёй школе, што стала важнай прыступкай на шляху ў самастойнае жыццё. І ніякія сацыяльныя сеткі, тэлефонныя размовы не заменяць жывых зносін. Сапраўды, сярод працоўных будняў не так проста знайсці час на сустрэчу, таму проста выдатна, што ёсць такі дзень, калі, без запрашэння і папярэдняй дамоўленасці, вас усё роўна будуць чакаць. У школе…
Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries