Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ёсць першыя камбайнеры-тысячнікі!

Па добрай шматгадовай традыцыі першая тысяча тон намалочанага збожжа –
у камбайнавага экіпажа ААТ «Нарачанскія зоры». Сёлета, як і ў папярэднія гады, спіс перадавікоў-тысячнікаў раёна адкрылі вядомыя ў нас Аляксандр і Мікалай Гарэлікі.

Першыя тысячнікі – Аляксандр і Мікалай Гарэлікі

Павіншаваць знакамітых камбайнераў «Нарачанскіх зораў» з важнай падзеяй у мінулую сераду прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Бегунец, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Анатоль Завацкі, старшыня райкама праф­саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Брыль, кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко і галоўны аграном Віктар Драчылоўскі.

На дзень нашай сустрэчы (29 ліпеня-аўт.) у гаспадарцы ўжо было ўбрана больш за трыццаць працэнтаў збожжавых, і здабыткі жніва радуюць. Так, як адзначыў Віктар Драчылоўскі, ураджайнасць ячменю, які ўжо ўвесь убраны, склала 56 цэнтнераў з гектара, трыцікале, што на дзень сустрэчы ўбіраўся, – 55 цэнтнераў з гектара. Што і казаць, лічбы ўражваюць, хоць для «…зораў» яны – норма.

«Лексіён» Гарэлікаў мы засталі за звыклай справай – бацька і сын убіралі трыцікале непадалёк ад Бараўцаў. На працягу многіх гадоў гэты сямейны экіпаж нязменна ў лідарах на жніве. Гадоў некалькі назад змянілася хіба што адно – бацьку, Мікалая Аркадзьевіча, на месцы галоўнага камбайнера памяняў сын Аляксандр, які доўгія гады быў памочнікам у экіпажы. Месцамі памяняліся, ды на выніках працы Гарэлікаў гэта ніяк не адбілася – як былі ў лідарах, так і застаюцца.

З цёплымі словамі да тысячнікаў звярнуўся Алег Бегунец. Ён падзякаваў хлебаробам за іх шчырую працу, за высокія ў ёй дасягненні, якія бацька і сын штогод дэманструюць на жніве, уручыў падзячныя лісты. І неяк асабліва цёпла прагучалі пажаданні старшыні райвыканкама не толькі далейшага плёну, але і самага галоўнага для кожнага чалавека – спакойнай і бяспечнай працы і моцнага здароўя.

Ад імя раённага праф­саюза работнікаў АПК да працаўнікоў звярнуўся Аляксандр Брыль, які, падзякаваўшы за дасягненні ў працы, уручыў камбайнерам падарункі – га­дзіннікі. А кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко, шчыра павіншаваўшы Гарэлікаў, заахвоціў іх матэрыяльна, што, згадзіцеся, немалаважна і стымулюе на дасягненне новых вышынь.
Калі кароценькая ўрачыс­тасць на полі закончылася, я, ідучы да машыны, звярнула ўвагу на зялёную мяжу, якая нібыта дзеліць поле напалам. На жоўтым фоне гэта зялёная рыска адразу кідаецца ў вочы.

– А гэта проса, – адказаў на маё пытанне Віктар Драчылоўскі. – Тут раней была дарога. Пакінулі б яе – зарастала б пустазеллем. Мы пасеялі тут проса, і цяпер падвойная карысць: і пустазелля няма, і маем што падкасіць для жывёлы.

Здавалася б, дробязь. А вось жа нават у іх, у гэтакіх дробязях, бачацца гаспадарлівасць, сялянскі разлік, мудры падыход да справы і неабыякавасць. Менавіта гэта, як паказвае жыццё, і з’яўляецца складаемымі поспеху ў любой справе.

Сямейны экіпаж Андрэя і Паўла Садоўскіх

Далей мы ўзялі курс на Рускае Сяло, дзе ў гэты дзень убіраў пшаніцу на сваім «Палессі-1218» яшчэ адзін знакаміты сямейны экіпаж – Андрэй Іванавіч і Павел Садоўскія. Сёлетняе жніво яны пачалі з рапсу, а цяпер вось узяліся за пшаніцу. Працавітая дынастыя Са­доўскіх таксама добра вядомая ў раёне і штогод дэманструе высокія дасягненні ў працы. Думаецца, бацька з сынам хутка папоўняць кагорту тысячнікаў. Плёну ў працы пажадалі ім і прадстаўнікі ўлады, якія сардэчна падзякавалі камбайнерам і падарункі.

У «Нарачанскіх зорах» жніво ў самым разгары. Неўзабаве, калі будзе спрыяць надвор’е, будзе зроблена палова важнейшай справы, а там, глядзіш, і яе заканчэнне. Тэмпы ўзяты належныя, настрой у працаўнікоў жніва аптымістычны, справа спорыцца, здабыткі радуюць. А што яшчэ трэба?

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries