Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Імгненне паміж мінулым і будучым

Тэмы, з якімі звярталіся ў апошні час у рэдакцыю нашы чытачы, так ці інакш датычылі нядаўна прайшоўшага Дня пажылых людзей. Званілі і самі пенсіянеры, і ад іх імя людзі маладзейшыя. Вось такой была рэдакцыйная пошта пачатку кастрычніка:

Павіншавалі
Дырэктара Куранецкага дома культуры Ніну Малафей і мастацкага кіраўніка гэтай установы Зою P1010004Бабарыка прывялі ў рэдакцыю ўражанні, якія перапаўняюць жанчын пасля сустрэчы з добрымі людзьмі.
– У Дзень пажылых людзей мы наведаліся ў Куранецкі дом-інтэрнат, дзе на сённяшні дзень пражывае 31 нямоглы чалавек, 9 з якіх – ляжачыя, – расказалі культработнікі. – Для бабуляў і дзядуляў мы падрыхтавалі канцэрт, занеслі ім кніжкі і газеты. Як цёпла нас сустракалі і самі пажылыя, і дырэктар установы Анатоль Бура! Кожнаму са старэнькіх людзей хацелася расказаць пра свой няпросты лёс. А як расчуліліся яны, калі мы заспявалі!
У гэты ж дзень куранецкія культработнікі наведаліся да 99-гадовай Веры Андрэеўны Андрыянавай, мужнай жанчыны, былой медработніцы, якая прайшла ўсю вайну. Нягледзячы на паважаны ўзрост, жанчына рада сустракацца з маладым пакаленнем, узгадваць пра выпрабаванні, якія выпалі на лёс ваеннага пакалення.
Справы жыцейскія
Віляйчанка Зінаіда Ількевіч патэлефанавала ў рэдакцыю з падзякай.
– Давялося мне нядаўна ўстанаўліваць новую газавую пліту, – расказала жанчына. – Звярнулася да спецыялістаў у газавую гаспадарку. Прыехалі два маладыя хлопцы, якія ўсю справу выканалі кваліфікавана, усё мне растлумачылі, пракансультавалі. І такія сціплыя хлопцы, нават прозвішчы называць саромеліся. Але ж я прачытала на «бэйджыках» – Д.Г.Галкін і С.П.Ількевіч. Дзякуй ім вялікі за чалавечнасць і прафесіяналізм.
Жыхар Ільі Георгій Ясінскі звярнуўся ў рэдакцыю вось з якой праблемай. Яго немаладыя бацькі (бацька – інвалід Вялікай Айчынай вайны) жывуць у Абадоўцах. Зразумела, што людзям такога ўзросту часта даводзіцца звяртацца за дапамогай медработнікаў.
– Аднак у вёсцы такая вуліца, што ні праехаць ні прайсці. Звярталіся мы ўсюды, але пакуль што ўсё застаецца па-ранейшаму…
Па тэлефоне мы звязаліся з дырэктарам ДРБУ-162 Мікалаем Майстровічам,пагутарылі. Думаецца, у хуткім часе вуліца ў Абадоўцах будзе прыведзена ў парадак.
Ад імя пенсіянераў мікрараёна «Зеніт» у рэдакцыю патэлефанавала жанчына, якая закранула пытанне здачы шклатары. У многіх магазінах прадаюцца напоі ў бутэльках, а здаць тару – праблема.
– У аддзеле гандлю райвыканкама параілі здаваць бутэлькі ў кіёск на вуліцы Кастрычніцкай, – сказала жанчына. – Але ж як нялёгка нам, пенсіянерам, ад «Зеніта» дабрацца з бутэлькамі да гэтага ларка. Няўжо нельга адвесці месца для прыёму шклатары дзе-небудзь у нашым мікрараёне?
Рэдакцыя плануе атрымаць адказы на ўсе паднятыя віляйчанамі пытанні.
…І нават салдацкая каша
Пра цудоўнае мерапрыемства – спартакіяду для дзяцей і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі – расказала старшыня раённай арганізацыі ГА «БелАПДІіМІ» Людміла Святоха:
– У верасні мы прынялі ўдзел у міжрэгіянальным спартыўна-турысцкім злёце «Усе перашкоды пераадольныя». На старт выйшлі прадстаўнікі Вілейшчыны, Смаргоншчыны, Маладзечаншчыны. Сяброўская атмасфера, узаемадапамога пры праходжанні эстафет панавалі ў зале. Кожны з удзельнікаў атрымаў падарунак, а каманды былі ўзнагароджаны граматамі. Па традыцыі ўсе ўдзельнікі пачаставаліся салдацкай кашай з палявой кухні.
Вілейская каманда «Дэльфін», адзначыла Людміла Святоха, шчыра дзякуе за арганізацыю і правядзенне злёта Смаргонскай пярвічнай арганізацыі ГА » БелАПДІіМІ» (старшыня Д.Р.Рак),дырэктару ГУ «ВТЦСАН» Л.М.Сляпцовай за прадастаўлены транспарт (асаблівая падзяка – вадзіцелю А.Э.Святоху).
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries