Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

І не было тады смачнейшай стравы, чым малако з кавалкам хлеба

Незабыўны малюнак з далёкага дзяцінства, які жыве ў памяці. Цёплы летні вечар. Па вясковай вуліцы, падымаючы клубы пылу, павольна вяртаецца з пашы статак. Круглабокія кароўкі звыкла заходзяць у свае двары. А неўзабаве звонкія струмені малака ўжо дзынькаюць у даёнкі. Пахне травой і сырадоем…

У нашай невялічкай вёсачцы, дзе было крышку болей за два дзясяткі двароў, кожная сям’я трымала карову. Быў час, што і не адну мелі некаторыя гаспадары. Не забываліся на козаў, якія камфортна адчувалі сябе ў статку. А як жа інакш – жыць у вёсцы і не трымаць на падворку жывёлу-карміцельку? Вось і трымалі. І не было тады смачнейшай стравы, чым малако з кавалкам хлеба. Набегаўшыся па вуліцы, мы, вясковая дзетвара, любілі малако (хто – сырадой, а хто – ахалоджанае) і з задавальненнем яго спажывалі. Трэба сказаць, што цану яму ведалі з самага дзяцінства. Бачылі, колькі клопату ў бацькоў штодня з каровай. А як старанна нарыхтоўвалі ёй кармы на зіму! І самі, спачатку дзецьмі, а пазней падлеткамі, уносілі пасільны ўклад у гэту справу. Пасвілі, даілі кароў, касілі, нарыхтоўвалі для іх сена… Нялёгка. Але ж усе цяжкасці забываліся, бо на стале заўсёды былі малако, масла, сыр. Не купленыя ў магазіне, а свае, ад той Зоркі ці Красулі, якая была ўжо, лічы, членам сям’і. І калі здаралася гаспадарам па нейкай прычыне збываць карміцельку – занемаглі старыя, а ў дзяцей даўно сваё жыццё, свае клопаты, – то развітанне для іх было сапраўднай бядой, са слязьмі і вялікім шкадаваннем… А яшчэ – з пачуццём вінаватасці перад кароўкай, маўляў, даруй, рагулька, што развітваемся…
Бываючы ў вёсках і знаёмячыся з маладымі сем’ямі, ужо на працягу некалькіх гадоў назіраеш гэту тэндэнцыю – збываюць вяскоўцы кароў. І гутарка не пра нямоглых пенсіянераў, а пра маладых і здаровых людзей. Клопатна, кажуць, з гаспадаркай ды і купіць цяпер можна ўсё, былі б грошы. І спрачацца з гэтым не станеш – кожны сам выбірае, як яму жыць і чым займацца. І ўсё ж агортвае невыказны сум, калі ў вялікай вёсцы бачыш па кароўцы толькі на падворку – другім.
А цяпер пра тое, што ўсяляе аптымізм. Не, не ўсе вяскоўцы прызвычаіліся жыць, што называецца, «па-гарадскому», без жывёлы на падворку. Ведаю сем’і, і часам зусім маладыя, якія сумеснае жыццё пачалі не з набыцця мэблевага гарнітура ці пральнай машыны, а з каровы ды кабанчыка. Гэта тыя, у каго нялёгкая сялянская праца – у крыві.
Нядаўна атрымала цікавую інфармацыю ад старшыні Асіпавіцкага сельвыканкама Мікалая Гіля – са здадзеных сельсаветам дзяржаве ў мінулым годзе 104 тон малака роўна палова – ад каровак гаспадароў Іосіфа Браніслававіча і Марыны Іванаўны Ляшковічаў. Што тут скажаш, сапраўдная малочная рэчка… І колькі ж за гэтай лічбай – 52 тоны – працы гэтых дбайных гаспадароў!
– У іх цяпер дзевяць кароў, а раней было чатырнаццаць, – расказваў Мікалай Гіль. – Упраўляюцца з гаспадаркай самі. Канешне, вельмі няпроста. Але ж па-іншаму гэтыя людзі не могуць.
І нізкі паклон ім і іншым гэтакім жа нястомным працаўнікам за гэта. Я звязалася з Іосіфам Браніслававічам па тэлефоне.
– А што пра нас пісаць! – адразу ж заўпарціўся ён. – Працуем, а як жа інакш?
Чалавеку сціпламу і заўсёды занятаму, яму не да размоў з журналістам. І гэта зразумела, бо кожную хвіліну чакаюць поле, агароды, жывёла. Але ж галоўнае Іосіф Браніслававіч сказаў:
– Канешне ж, нялёгка. У чатыры гадзіны штодня ўстаю – і да цямна. Без выхадных, адпускоў і бальнічных… А працаваць хіба бывае лёгка? Ды не падумайце, што скарджуся – як здаваў малако, так і буду здаваць.
Так вось коратка, зразумела і па-сялянску сказаў чалавек, усё жыццё якога – адвечныя сялянскія клопаты. З гэтага, мусіць, і бяруць свае вытокі малочныя рэкі. І не толькі яны.
Ірына БУДЗЬКО

Visited 9 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries