Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гоніць спёка да вады. А будуць жа і халады…

У жнівеньскія спякотныя дні, калі тэмпература перавальвае за трыццаць градусаў, пра ацяпленне не толькі гаварыць, але і думаць не хочацца. Здаецца, не будзе канца гэтаму сонцапёку. А думаць пра халады трэба. Каб не стаць той страказой, якая «лета краснае прапела…»

У Вілейскім філіяле ДП «Мінаблпаліва» ведаюць, што ў летнія месяцы вяскоўцы і гараджане «забываюцца» пра тое, што менавіта ў гэту пару трэба рыхтавацца да зімы. Як гэта традыцыйна рабілі нашы продкі. Праўда, у той час гэтай няпростай справай – нарыхтоўкай дроў – яны займаліся самі. Цяпер жа, калі можна набыць гатовае паліва, многія цягнуць з гэтай справай, лічы, аж да халадоў. Адзін, пяты, дзясяты, дваццаты – глядзіш, і чарга ўтварылася. Між тым, пазбегнуць яе вельмі лёгка – проста не марудзіць і заказаць паліва ўлетку.
– Цяпер, дарэчы, на колатыя дровы чаргі няма – у дзень заказу і адпускаем, – расказаў дырэктар Вілейскага філіяла ДП «Мінаблпаліва» Андрэй Худалей. – На складах гатовых дроў у дастатку. Таму, хто вырашыў запасціся брыкетам, давядзецца пачакаць недзе каля тыдня, пакуль даставім яго. Ёсць у нас для гэтага свая тэхніка. А пажадае чалавек забраць паліва на сваёй – калі ласка. Дастаўка дроў па горадзе нашай машынай на сёння каштуе прыкладна 1200000 рублёў, на далейшую адлегласць будзе даражэй. Тона брыкету каштуе зараз 180000 рублёў. Вось і лічыце, колькі трэба на зіму ды запасайцеся. Як кажуць старыя людзі, па народных прыкметах яна абяцае быць суровай. Так ці не, а без паліва ўсё роўна не абысціся.
На пасадзе кіраўніка філіяла Андрэй Уладзіміравіч зусім нядаўна – недзе з месяц. Аднак ужо ўнік у справы, пазнаёміўся з людзьмі, акрэсліў асноўныя праблемы і прыярытэты.
– Калектыў у нас невялікі – чатыры дзясяткі чалавек, – расказаў дырэктар. – Не ставіў сабе мэту мяняць яго, нешта падстройваць пад сябе. Кожны чалавек, хто працуе сумленна, стараецца, будзе працаваць тут і далей, атрымліваць зарплату за зробленае. З парушальнікамі ж дысцыпліны мірыцца не будзем. Дзверы нашай арганізацыі адчынены для тых, хто хоча працаваць. А для перакаці-поле тут не месца. Вось і цяпер нам патрэбны дрываколы, фармоўшчыкі бетонных платоў, таму рады будзем прыняць дастойных людзей. Якія будуць заробкі? У залежнасці ад працы. Некаторыя прадстаўнікі гэтых прафесій атрымліваюць у нас па пяць-шэсць мільёнаў, а нехта і па тры. Так што ўсё залежыць ад саміх. А ўвогуле, мне вельмі падабаецца выказванне: хто хоча працаваць – шукае спосаб выканаць пастаўленую задачу, а хто не хоча – шукае прычыну, якая апраўдвае яго бяздзейнасць. У жыцці яно так і ёсць.
Сёння ў філіяле аказваюцца многія паслугі насельніцтву. Акрамя традыцыйнага – забеспячэння людзей палівам – тут робяць бетонныя платы нават з паследуючай іх устаноўкай, рэалізоўваюцца піламатэрыялы як са сваёй, так і з сыравіны заказчыка. Хто пажадае, можа скарыстацца і тэхнікай філіяла – трактарам з пагрузчыкам, лесавозам. Купіў, дапусцім, чалавек недзе зруб, а трэба ж яго даставіць у Вілейку. Вось тут якраз дарэчы і прыйдзецца ўзяць на пэўны час у арэнду лесавоз.
З нядаўняга часу ў філіяле асвоена і вытворчасць паліўных саламяных пілетаў. Бярэцца звычайная салома, дробна-дробна здрабняецца, а затым прасуецца. Вось вам і паліва.
– Мне давялося неяк быць у Дзяржынску і бачыць, як працуе кацёл на гэтым паліве, – расказаў Андрэй Худалей. – Так, для яго патрэбен спецыяльны кацёл. Затое пасля не патрэбны вялікія расходы – кацёл запраўляецца і можа тыдзень працаваць без тых жа качагараў. Выгадна.
І яшчэ адна навінка, якая хутка павінна стаць рэаліяй – вытворчасць грануліраванага камбікорму. Гэтую паслугу філіял будзе аказваць свайму суседу па Стаханаўскай – камбікормаваму заводу. Ужо выпушчана пробная партыя гэтай прадукцыі.
Ёсць у Андрэя Уладзіміравіча і новыя задумкі, пра рэалізацыю якіх гаварыць пакуль рана. Галоўнае, што ёсць яны і ёсць разуменне таго, якой павінна быць падначаленая яму вытворчасць у сучасных умовах. А гэта галоўнае.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Visited 14 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 229 queries