Ля вёскі Золькі, на мясцовых могілках, у мінулую суботу з’явіўся абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Дзякуючы намаганням людзей, неабыякавых да гісторыі роднага краю і памяці, святы лік цяпер будзе ахоўваць сон нябожчыкаў.
Абраз з’явіўся на родавай капліцы Адама Гурыновіча – паэта і рэвалюцыянера. Аўтарам работы стаў архітэктар Анатоль Капцюг, які падчас адкрыцця зазначыў, што работы па аднаўленню каплічкі вялі ўтраіх – разам з краязнаўцамі Віталем Кастэнкам і Анатолем Рогачам, якіх ужо, на жаль, няма сярод жывых. Менавіта гэтыя людзі прыклалі шмат намаганняў па ўзвядзенню капліцы. Вялікі ўплыў на аднаўленне памяці аказала раённая арганізацыя Таварыства аховы помнікаў на чале з Дзянісам Канецкім.
Ксёндз Павел адслужыў малебен па памерлым, узгадаўшы пра тое, што трэба шанаваць памяць тых, хто зрабіў нямала для свайго краю і гісторыі:
– Гэта добрая справа, якая будзе заўважана там, на Небе.
Анатоль ЗАНКАВІЧ,
фота аўтара








