Некалькі дзён назад мы пісалі пра вадзіцеля Генадзя Кубацкага, які перавёз тысячу тон збажыны з палёў РСУП «Першы Беларускі». Тады шчыры працаўнік з аптымізмам зазначыў, што гэта толькі пачатак, і ён на шляху да новых працоўных перамог.

І чарговая не прымусіла доўга чакаць: напрыканцы мінулага тыдня на пшанічным полі ля вёскі Задвор’е адбылася кароценькая ўрачыстасць, на якой старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Супрановіч і прадстаўнік адміністрацыі гаспадаркі Генадзь Жыгалаў віншавалі пераможцаў жніва: Генадзя Кубацкага – з дзвюма тысячамі тон перавезенага збожжа, а камбайнавы экіпаж Максіма Косача і яго памочніка Міхаіла Рахоўскага – з тысячай тон намалочанага збожжа.

У гэты ж дзень віншаванні з першай тысячай тон намалочанай збажыны прымаў экіпаж з «Даўгінава» – на рахунку камбайнера Станіслава Калягі, які працуе ў пары з сынам Аляксандрам, з’явілася першая лічба з трыма нулямі. Спадзяёмся, не апошняя!

Ірына БУДЗЬКО/ Фота прадастаўлена Ірынай СУПРАНОВІЧ







