Вось і лета прайшло. Пачаўся верасень. Ажылі, зазвінелі дзіцячымі галасамі школы, светлыя, адноўленыя, дбайна падрыхтаваныя да прыёму сваіх няўрымслівых насельнікаў. І пачаўся чарговы навучальны год. Для некага – першы, а для кагосьці – апошні. У любым выпадку – незабывальны. На ўсё жыццё. У гэтым упэўніліся мы, дарослыя, чые школьныя гады, на вялікі жаль, ужо гісторыя. А пачуцці, як і раней, шчымліва-сумнавата-хвалюючыя. Не, гэта на ўсё жыццё: родная школа, любімыя настаўнікі, аднакласнікі…
Пра ўсё гэта думалася, калі прысутнічала на традыцыйнай жнівеньскай настаўніцкай нарадзе – своеасаблівай справаздачы аддзела адукацыі за мінулы навучальны год, размове аб дні сённяшнім і планах на будучыню. Залу Палаца культуры запоўнілі людзі самай, бадай, высакароднай прафесіі. У гэты дзень усё было пра іх і для іх.
Як і штогод, мерапрыемства было прадстаўнічым – павіншаваць сейбітаў разумнага, добрага, вечнага прыйшлі старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Спільнічэнка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга, намеснік дырэктара вучэбна-метадычнай установы «Мінскі дзяржаўны абласны вучэбна-метадычны кабінет» Віталь Стрыгельскі, начальнік Галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Вілейскай выбарчай акрузе №74 Віктар Русак. У кожнага з іх знайшлося столькі цёплых слоў і пажаданняў настаўнікам! Сярод педагогаў прысутнічалі і тыя, хто 1 верасня ўпершыню ўвойдзе ў класы ў новай якасці – 27 маладых спецыялістаў, перад якімі гасцінна расчыняюць дзверы навучальныя ўстановы Вілейшчыны.
Настаўніца замежнай мовы Дар’я Капцюг пачынае працоўны шлях у навучальнай ўстанове, якую пяць гадоў таму назад закончыла – у трэцяй школе. Хвалюецца? Крышку, прызналася, ёсць, аднак супакойвае, што за плячыма – багаты багаж ведаў ды і старэйшыя калегі, у якіх калісьці вучылася сама, падкажуць і дапамогуць. А яшчэ ўсведамляе, што будзе зноў у сценах роднай школы, а яны, як вядома, дапамагаюць…
Майстрамі вытворчага навучання прыйшлі сёлета працаваць у прафесіянальна-тэхнічны каледж Генадзь Бекач, Аляксандр Коўшык і Сяргей Горбач. У хлопцаў – мноства тэм для размовы. Упэўненыя, самадастатковыя, маладыя майстры, вядома ж, знойдуць агульную мову са сваімі выхаванцамі, змогуць зацікавіць іх вельмі запатрабаванымі сёння рабочымі спецыяльнасцямі.
Адукацыйная прастора нашага раёна – гэта 53 установы, дзе працуюць людзі, місія якіх – адкрываць жыццё іншым. Педагог – гэта не толькі штодзённая праца з дзецьмі, але і праца над сабой. Дзеля таго, каб адпавядаць свайму высокаму прадназначэнню, быць сапраўдным Настаўнікам.
Мінулы навучальны год 14 выпускнікоў атрымалі пасведчанні з адзнакай. Больш за 55 працэнтаў выпускнікоў сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. У адышоўшым навучальным годзе ў скарбонцы раёна паболела Дыпломаў, заваяваных юнымі і іх настаўнікамі на канферэнцыях, алімпіядах, турнірах. Чацвёра навучэнцаў сталі стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Юныя віляйчане вызначаюцца не толькі высокімі поспехамі ў вучобе, але і ў даследчай, навуковай, вынаходніцкай дзейнасці, пацвярджаючы, што разнастайныя гурткі, студыі, дзе яны займаюцца пасля школы, – зусім не другараднае для развіцця асобы.
Змястоўным, насычаным цікавай інфармацыяй быў даклад начальніка аддзела адукацыі Валянціна Скаржэўскага. Ён гаварыў аб прыярытэтных накірунках дзейнасці ўстаноў адукацыі ў новым навучальным годзе, спыніўся на яго асаблівасцях. Расказаўшы пра станоўчае, Валянцін Мікалаевіч закрануў праблемы, якія стаяць перад педагагічнымі калектывамі. Вядома ж, ёсць складанасці, вядома ж, вучыць няпроста. Урэшце, яшчэ Кант у свой час сказаў, што ёсць два самыя цяжкія чалавечыя вынаходніцтвы – майстэрства кіраваць і майстэрства выхоўваць. Хіба не актуальна гэта сёння?
Выхоўваючы юных, школа і бацькі павінны быць у цеснай сувязі – толькі пры гэтай умове можна дабіцца поспехаў у высакароднай справе. На гэта звярнуў увагу педагогаў, павіншаваўшы іх з пачаткам новага навучальнага года, Яўген Сініла. Ён адзначыў, што сёння ў грамадстве асабліва запатрабаваны высакакласныя рабочыя, таму неабходна арыентаваць юных на выбар такіх спецыяльнасцей. Яўген Сініла нагадаў, што камп’ютарызацыя павінна абавязкова спалучацца з актыўнымі заняткамі спортам. Мы, дарослыя, павінны зрабіць усё для таго, каб дзеці, выбіраючы паміж кнігай і камп’ютарам, аддалі перавагу першаму. Гэта надзвычайна важна, таму бягучы год у нашай краіне і аб’яўлены Годам кнігі.
Мерапрыемства атрымалася сапраўды ўрачыстым. Тут было ўсё: віншаванні і пажаданні, уручэнне шматлікіх узнагарод і мноства кветак; хваляванне і нават слязінкі радасці…
А яшчэ быў цудоўны канцэрт юных віляйчан, таленавітых выхаванцаў людзей, што сядзелі ў зале, падымаліся на сцэну, уручалі і прымалі ўзнагароды, віншавалі, дзяліліся планамі і па-бацькоўску цёпла прымалі ў свае рады папаўненне – маладых педагогаў, якім цяпер вучыць і выхоўваць.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: моманты жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі.
Фота аўтара і прадастаўлены
аддзелам адукацыі












