Напярэдадні Новага года мы ўсе, незалежна ад узросту, чакаем нечага незвычайнага, казачнага. Так хочацца, каб збылося самае-самае запаветнае жаданне! І нярэдка бывае, што збываецца…
Дзевяцікласніца трэцяй гарадской школы Таццяна Баркоўская ў гэтым годзе атрымала самы запамінальны падарунак у жыцці. Што там цукеркі, цацкі, кніжкі пад ёлкай – дзяўчыне пашчасціла ў складзе дэлегацыі Вілейскага раёна пабываць на галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі.
Пачуцці перапаўняюць дзяўчыну, ёй хочацца расказаць літаральна пра ўсё, што ўбачыла і што ўсхвалявала.
– Гэта ўражанні на ўсё жыццё, – лічыць Таццяна. – Як цёпла прымалі нас у Палацы Рэспублікі! Спачатку мы паглядзелі прыгожую выставу ёлак, зробленых з паперы, бісеру і нават… з макароны. А якія забаўныя на выставе былі цацкі! У асноўным – пашытыя і зробленыя тыграняткі, сімвал надыходзячага года. Галоўная ёлка ўразіла велічнасцю і прыгажосцю. Ля яе ладзілася цікавая забаўляльная праграма. Якіх толькі казачных герояў тут ні было!
А затым мерапрыемства перанеслася ў глядзельную залу. Юных прывітаў Дзядуля Мароз, які і аб’явіў: «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка». Прэзідэнт краіны цёпла павіншаваў юных гледачоў са святамі, пажадаў ім поспехаў ва ўсіх справах, расказаў аб многім, што робіцца ў нашай краіне для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі набывалі грунтоўныя веды, сябравалі са спортам, дасягалі намечанага.
– А яшчэ Аляксандр Рыгоравіч нам раскрыў сакрэт, што Дзядуля Мароз на свяце – з самай Белавежскай пушчы, – усміхаецца Таццяна.
А свята працягвалася далей. Гледачы, затаіўшы дыханне, глядзелі своеасаблівае лазернае шоу: вось з’явілася карта Беларусі, яе змянілі краявіды нашай цудоўнай сталіцы… Затым гледачам прапанавалі захапляльны музычны спектакль.
– Праграма свята была насычанай, але я ніколечкі не стамілася, – прызналася Таццяна. – Наадварот, хацелася як мага даўжэй пабыць у казачнай атмасферы, сярод цікавых людзей і такой прыгажосці.
Не абышлося і без традыцыйных падарункаў. Кожны юны ўдзельнік свята атрымаў вялікі пакунак ласункаў і прыгожую мяккую цацку. Здагадваецеся, якую? Канешне ж, тыгрыка.
– Я ўдзячна ўсім тым, хто дапамог стаць удзельніцай такога свята, – дзеліцца Таццяна. – І ў першую чаргу дырэктару нашай школы Мікалаю Мікалаевічу Гіро, які столькі робіць для нас! Ён, як бацька, перажывае літаральна за кожнага, клапоціцца, каб у школе нам было ўтульна і цёпла ва ўсіх адносінах. Прызнаюся шчыра, што ўсе яркія ўспаміны аб школе ў мяне звязаны менавіта з Мікалаем Мікалаевічам. Дзякуй яму вялікі!
А яшчэ Таццяна расказала, што ў адыходзячым годзе ёй пашчасціла ўдзельнічаць у раённай навукова-практычнай канферэнцыі, заняць першае месца ( у гэтым, лічыць дзяўчына, велізарная заслуга яе настаўніцы Таццяны Мікалаеўны Парахонька) і прыняць удзел у абласной.
– Карацей, год 2009-ы для мяне запамінальны многімі падзеямі, – кажа дзяўчына. – І галоўная ёлка краіны – самая з іх яркая.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: дзевяцікласніца сярэдняй школы №3 Таццяна Баркоўская – выдатніца, актывістка, спартсменка і проста прыгажуня.
Фота аўтара
ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
На свята ў Палацы Рэспублікі былі запрошаны 2370 дзяцей ва ўзросце 8-14 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. У склад дэлегацый уключаны дзеці-сіроты; дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў; дзеці, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях; дзеці сем’яў бежанцаў; пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.
Акрамя яркага казачнага музычна-сцэнічнага шоу ў выкананні лепшых творчых калектываў краіны, элементам праграмы свята стала ўручэнне дзецям падарункаў ад Прэзідэнта Беларусі.







