Цудоўны і непаўторны час летніх канікул! Як хораша, што і летам мы, аднакласнікі, можам пабыць разам. Такую магчымасць мы атрымалі ў аздараўленчым лагеры палатачнага тыпу, які быў арганізаваны на базе Даўгінаўскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы. Дзевятнаццаць вучняў і тры настаўнікі жылі тут адзінай сям’ёй. Мы разам працавалі, разам адпачывалі. А гэтыя бясконцыя начныя размовы пра нас саміх, пра наша будучае самастойнае жыццё, якое ўжо не за гарамі! Гэта была сапраўдная рамантыка!
І ўсё ж найбольш запамінальнай стала паездка на Мядзельшчыну. Мы размясцілі наш лагер на маляўнічым беразе Белага возера. Не вельмі спрыяльнае надвор’е не змагло перашкодзіць атрымаць нам незабыўныя ўражанні ад непаўторнай прыгажосці запаведных краявідаў. Нас здзівіла крыштальная чысціня азёрнай вады, духмяны водар свежага паветра. А дождж прымусіў праявіць свае турысцкія навыкі: неабходна было захоўваць сухімі палаткі, гатаваць ежу на вогнішчы з сырых дроў. Узаемападтрымка, узаемадапамога, цудоўны настрой, добрыя песні ля вогнішча дапамаглі нам справіцца з усімі выпрабаваннямі. Мы яшчэ больш згуртаваліся, адчулі сябе сапраўднымі сябрамі, набраліся жыццёвага вопыту.
Завяршальным этапам стала паездка вакол возера Нарач з наведваннем дэндра-сада, экскурсіяй да абеліска ў гонар воінаў і партызан, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Перад самым ад’ездам адпачылі на галоўным пляжы “Прыазёрны”.
У апошні дзень лагера адбылася акцыя “Памяць і помнікі”, прысвечаная 70-годдзю пачатку вайны. Мы наведалі яўрэйскія могілкі, навялі парадак ля помнікаў ахвярам Халакоста. А на вячэрнім мітынгу, які адбыўся ў 21 гадзіну, разам з мясцовымі жыхарамі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто аддаў жыццё за нашу будучыню.
Дзевяць дзён у лагеры праляцелі як адно імгненне. Мы не толькі ўмацавалі сваё здароўе, але і даведаліся шмат новага, пашырылі свае веды пра родны край, набраліся новых уражанняў. І цяпер з нецярпеннем будзем чакаць нашай сустрэчы першага верасня, калі мы ўжо будзем адзінаццацікласнікамі і новы навучальны год стане для нас апошнім. Але ўспаміны пра наш лагер, пра ўсё наша змястоўнае і цікавае школьнае жыццё будуць грэць нашы сэрцы доўгія гады.
Надзея МАЛАШЭВІЧ, вучаніца 11 класа Даўгінаўскай АСШ
Дзевяць дзён у лагеры праляцелі як адно імгненне
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ











