Ёсць свая адметнасць і ўрачыстасць у гэтым першым вераснёўскім дні. Акрамя аздобы пышных кветак, якія так пасуюць да святочнага ўбрання школьнікаў, пазалоты прыбаўляе восень. Лёгкія завіткі-пасмачкі з жоўтым адлівам заблыталіся ў бярозавым голлі. Гонкія прыгажуні – сімвал роднага краю, першымі ўспыхваюць яркай зеленню і першымі раняюць долу свой убор. Своеасаблівая расплата за паспешлівасць. І кожнаму, хто даўно развітаўся са школьнымі гадамі, не пазбавіцца ў гэты дзень мінорнага суму. Якой бы святочнасцю не было пазначана першае верасня, яно нясе душы настальгічны ўспамін. Даўгінаўская школа, дзе мне давялося пабыць на ўрачыстай лінейцы, – адметная сваёй прыналежнасцю да маёй малой радзімы. З ёю звязаны сюжэты дзяцінства, сталення, тых самых ростаняў, якія на самай справе сімвалізуюць месцы былых сустрэч.
Сёлета школа адзначыла 150-гадовы юбілей. І, дзякуючы населенаму мястэчку з яго глыбіннай гісторыяй, захавалася як агульнаадукацыйная ўстанова, што мае акрэслены жыццёвы патэнцыял. Не ў прыклад многім школкам, якія спакваля знікаюць з карты раёна. І не іх у тым віна. Час карэктуе не толькі лёсы людзей, але сваім няўмольна-жорсткім крылом кранаецца створаных імі ж матэрыяльных аб’ектаў. Бо не заўсёды чалавек уладны над развіццём. А бывае, часам, і наадварот.
Даўгінаўская школа сустрэла навучэнцаў пахам свежапафарбаваных класных пакояў, адноўленай мэбляй, папоўненымі камп’ютарнымі класамі. Гэта вынік старання ўсяго педкалектыву, бацькоў, саміх вучняў, спонсарскай дапамогі. І вядома ж, той увагі, якую аказваюць школе мясцовы сельвыканкам, адміністрацыя акцыянернага таварыства «Даўгінава». Аб усім гэтым гаварыў на школьнай лінейцы, прысвечанай першавераснёўскай урачыстасці, дырэктар навучальнай установы Іван Навуменка. Увогуле, яго выступленне прагучала як наказ тым, хто ў Дзень ведаў ўпершыню пераступіў школьны парог і тым, для каго праз некалькі месяцаў у апошні раз прагучыць гуллівы званок. Два дзевятыя і два адзінаццатыя класы – гэта патэнцыяльныя выпускнікі. І калі ў дзевяцікласнікаў будзе права выбару, то адзінаццатаму іншага не дадзена, як назаўсёды пакінуць родную школу. Пакінуць, каб вяртацца зноў і зноў. На юбілеі, на вечары сустрэч і проста ісці туды без усялякай нагоды. Каб наталіцца цяплом школьных сцен, пабачыцца з любімымі настаўнікамі і папоўніць тым запас жыццёвых сіл.
Першакласнікаў ў школе – толькі чацвёра. Такі выдаўся год. Так склалася ў рэгіёне дэмаграфічная сітуацыя. Нясмелыя, зачараваныя маштабнасцю дзеі першага вераснёўскага дня, яны бліжэй туляцца да бацькоў, але ўжо з адкрытай дзіцячай даверлівасцю пазіраюць у вочы Ірыне Казіміраўне Седай. Яна ў іх – першая настаўніца. З яе дапамогай яны вывучылі па некалькі вершаваных радкоў і зараз голасна агучылі на ўсю пляцоўку сваё прывітанне школе.
– У нас – самыя добрыя, самыя творчыя, самыя справядлівыя настаўнікі, – перакананасць вядучай урачыстай лінейкі, намесніка дырэктара школы,Наталлі Пятроўны Пташнік адразу перадаецца прысутным. Нехта з іх ўпэўніўся ў праўдзівасці гэтых слоў. Камусьці яшчэ належыць пераканацца. Толькі добрая аўра Даўгінаўскай зямлі была, ёсць і будзе прысутнічаць у гэтых сценах. Пра гэта кажа старшыня сельвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Маліноўскі. Пра высокі ўзровень выхаваўчай работы ў педкалектыве гаворыць старшыня мясцовага сельгаспрадпрыемства Ян Казіміравіч Мінчык. Ён дзякуе вучням за дапамогу акцыянернаму таварыству «Даўгінава» ў час жніва і, каб аддзячыць ім за гэта, уручае падарунак ад удзячных хлебаробаў – мультымедыйную ўстаноўку для правядзення прэзентацый у час школьных мерапрыемстваў.
Сімвалічны ключ у краіну ведаў выпускнікі ўручаюць сваёй новай змене. Гучыць званок. З падарункам Прэзідэнта для першакласнікаў – маляўнічым выданнем, прысвечаным славутасцям нашай краіны, яе багатай гісторыі і сённяшняму дню, самыя маленькія вучні адной са старэйшых школ Вілейшчыны пераступаюць парог краіны ведаў. «Беларусь – наша Радзіма» – з гэтага ўрока пачнецца новы навучальны год. І мы прысутнічалі на дні яго нараджэння.
Марыя КУЗАЎКІНА
Дзень ведаў (фото)
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ



















