Жыццё ўвогуле штука складаная, а калі ўлічыць, што цяпер усе мы адчуваем на сабе праявы эканамічнага крызісу, то і яшчэ складаней. Вось і два пытанні, што паступілі ў рэдакцыю на днях, – аб нашых праблемах.
Восень. Аўтобуса просім…
Для віляйчан, якія вымушаны карыстацца грамадскім транспартам, восень – час выпрабаванняў. І калі мне пачынаюць расказваць, як гэта няпроста – дабірацца ў перапоўненых аўтобусах (якія, дарэчы, цяпер курсіруюць намнога радзей – частка задзейнічана на падвозцы-адвозцы людзей на сельгасработы), гавару, што мне гэта вельмі добра знаёма, сама жыву ў аддалёным раёне і карыстаюся грамадскім транспартам. Канешне ж, цяжка. Аднак вельмі многія людзі ставяцца да праблемы з разуменнем, усведамляючы, што і аўтобуснаму парку, напэўна, няпроста. І так хочацца, каб у гэты складаны для ўсіх нас час замест азлобленасці і нервознасці панавалі ўзаемаразуменне і чалавечнасць!
У рэдакцыю патэлефанавала віляйчанка, якая жыве ў мікрараёне «Воўкаўшчына», і расказала, што на днях яе дачка спазнілася на школьныя ўрокі. Не, яна не праспала, якраз жа выйшла з добрым запасам часу. Аўтобус, у якім ехала, сапсаваўся на лініі, давялося чакаць другога. А час ішоў…
– Самае крыўднае, што міма людзей праязджалі пустыя аўтобусы – хто ў адстой, хто яшчэ куды, – расказвала жанчына. – Няўжо нельга паступіць проста па-чалавечы: прыпыніцца і па дарозе давезці людзей хаця б у цэнтр, адкуль кожны хутчэй дойдзе туды, куды яму трэба…
Калі па-чалавечы, то яно так. Ды хто яго ведае, куды і па якіх справах трымаюць курс тыя пустыя аўтобусы… Хоць, калі шчыра, вельмі хочацца, каб голас нашай чытачкі пачулі ў аўтобусным парку.
Для чаго той інфакіёск?
Гэта канкрэтнае пытанне адрасаваў рэдакцыі віляйчанін Анатоль Баслык, які жыве ў «зенітаўскім» раёне. Вось што расказаў Анатоль Пятровіч:
– Я ўладальнік пластыкавай карткі «Беларусбанк», а гэта, на першы погляд, – вялікая зручнасць. Так, можна хутка і без праблем аплаціць камунальныя паслугі. Якраз і хадзіць далёка не трэба – інфакіёск побач, на вуліцы Талстога. Ды вось праблема – ён вельмі часта не працуе. Ва ўсялякім разе, я ў гэтым сам пераканаўся. Мне могуць параіць, маўляў, схадзі ў банк і аплаці. Але ж навошта тады гэты кіёск – для «мэблі»?
Пытанне нашага чытача я адрасавала дырэктару Вілейскага цэнтра банкаўскіх паслуг №632 ААТ «АБ Беларусбанк» Ірыне Бандарчук. Вось што адказала Ірына Андрэеўна:
– Сапраўды, перабоі ў рабоце інфакіёска былі. Па просьбе жыхароў горада,14 верасня па вуліцы Талстога на месцы вышэйузгаданага, устаноўлены больш сучасны інфакіёск, збояў у рабоце якога не павінна быць. Праўда, на правядзенне рэгламентных работ будзе ў пэўны час адключацца і ён – ад гэтага нікуды не дзецца.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО







