Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дажынкі-2013

Аграрная галіна, якая паспяхова развіваецца, з’яўляецца гарантам харчовай бяспекі краіны і важнейшай часткай беларускага экспарту. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 28 верасня на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2013».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па добрай традыцыі гэта свята падводзіць вынікі ўборкі збожжа: «Сямнаццаць гадоў таму, адраджаючы «Дажынкі», мы пастараліся не толькі захаваць старадаўнія звычаі, але і надаць ім новае дыханне. Сёння галоўнай падзеяй фествалю-кірмашу становіцца ўшанаванне герояў жніва, якія сваімі мазолістымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому – хлеб».
Паводле яго слоў, сучасныя «Дажынкі» – гэта не толькі свята, але і важны сацыяльны праект. Ён садзейнічае павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню ўвагі моладзі да сельскагаспадарчых прафесій. Пераможцы гэтай уборачнай кампаніі – сапраўдныя героі нашага часу: паспяховыя людзі, якія служаць прыкладам падрастаючаму пакаленню, лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны год цэнтрам святкавання становіцца адзін з беларускіх гарадоў, якому ўся краіна дапамагае пераўтварыцца да ўрачыстасці і вырашыць многія жыццёва важныя пытанні. Жлобін – сёлетняя сталіца «Дажынак» – за кароткі тэрмін набыў другую маладосць. У ім пабудавана і рэканструявана больш як трыста аб’ектаў, абноўлены дамы і вуліцы, электрыфікавана чыгунка, якая звязвае горад з Мінскам.
«Тое, што мы бачым сёння ў фестывальнай сталіцы, служыць пацвярджэннем бясспрэчнай ісціны, якая ляжыць у аснове нашай палітыкі: будзем лепш працаваць – будзем лепш жыць, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, ад стану спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць устойлівае развіццё эканомікі, а значыць, – незалежнасць дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што за апошнія дваццаць гадоў краіна прайшла шлях ад пустых прылаўкаў і харчовых талонаў да прадуктовага багацця, экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі на $5 млрд. У суверэннай Беларусі, як ні ў адной краіне СНД, створана надзейная база аграпрамысловага комплексу, працуюць магутныя трактарны і аўтамабільны заводы, прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання і па вытворчасці ўгнаенняў, якія не толькі забяспечваюць патрэбнасці беларускіх аграрыяў, але і актыўна прасоўваюць прадукцыю на знешні рынак.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнка, дзякуючы сістэмнай дзяржаўнай палітыцы па адраджэнню і развіццю вёскі ў краіне не дапусцілі сур’ёзных памылак на шляху станаўлення аграрнай галіны і захавалі галоўны залог яе прагрэсіўнага развіцця – буйнатаварную вытворчасць.
На працягу шэрагу гадоў у разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД, а па збожжы ідзе на адным узроўні з вядомымі ўсесаюзнымі жытніцамі Украінай і Казахстанам. Па вытворчасці мяса Беларусь зраўнавалася з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы абганяе развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны. Параўнальна невялікая Беларусь уваходзіць у пяцёрку суветных лідараў па экспарту малакапрадуктаў.

«У Беларусі, нягледзячы на складананыя ўмовы надвор’я і праблемы, чаканы валавы збор збожжа дае магчымасць поўнасцю забяспечыць краіну харчовым і фуражным збожжам, уключаючы пшаніцу, нарыхтаваць неабходную колькасць піваварнага ячменю», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках спаборніцтваў, дзе ўлічваецца выніковасць работы, сабраны ўраджай і развіццё сацыяльнай сферы, аднаасобным пераможцам другі год запар стала Брэсцкая вобласць, перш за ўсё за кошт эфектыўнай эканомікі сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт адзначыў вынікі ўборкі збожжавых і ў іншых рэгіёнах. Як і папярэднія гады, усе вобласці перавысілі мільённы намалот збожжа (з улікам кукурузы). Звяртаючыся да кіраўнікоў усіх абласцей, Прэзідэнт заўважыў, што вынікі на хлебнай ніве могуць і павінны быць больш важкімі і 10 млнт збожжа ў год – гэта цалкам рэальны дасягальны рубеж.
«Каб яшчэ больш стымуляваць работу на канчатковы вынік, можа, нам трэба падумаць аб тым, каб вызначаць пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю сярод абласцей, раёнаў і сельскагаспадарчых арганізацый па выніках сельскагаспадарчага года, паклаўшы ў аснову дасягнутыя фінансава-эканамічныя паказчыкі», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён удакладніў, што час уносіць свае карэктывы, і сёння галоўным крытэрыем эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу павінен стаць атрыманы прыбытак.
Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі ў 2013 годзе першыя месцы. У якасці ўзнагароды перадавікі атрымалі легкавыя аўтамабілі і грашовыя прэміі.
Для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю-кірмашу была арганізавана шырокая культурна-забаўляльная праграма, цэнтральнай падзеяй якой стаў канцэрт майстроў мастацтваў «Гомельшчына фестывальная – працаўнікам вёскі Рэспублікі Беларусь».
У святочным Жлобіне Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці руху пасажырскіх электрапаяздоў на электрыфікаваным участку дарогі Асіповічы-Жлобін.
Ён таксама азнаёміўся з добраўпарадкаваннем і сацыяльна-эканамічным развіццём Жлобіна і Жлобінскага раёна, наведаў узведзеныя ў горадзе новыя аб’екты. Адзін з іх – універсальная спартыўная зала, дзе кіраўнік дзяржавы папрысутнічаў на матчы маладзёжных валейбольных каманд. Інфраструктура гэтага спартыўнага збудавання дае магчымасць развіваць такія гульнявыя віды спорту, як валейбол, баскетбол, гандбол і міні-футбол. Магчыма таксама прадастаўленне паслуг вялікага і настольнага тэніса, бадмінтона і правядзенне спаборніцтваў па спартыўных і бальных танцах.
Акрамя таго, Прэзідэнт наведаў гасцінічны комплекс «Дняпроўская жамчужына». Гасцініца была пабудавана ў рэкордныя тэрміны – за 6 месяцаў.
Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў.
У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся яго меркаваннем адносна перспектыў развіцця фестывалю-кірмашу «Дажынкі».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта свята магло б стаць турыстычным брэндам Беларусі.
«Я быў бы гэтаму вельмі рады. І наўрад ці знойдзецца чалавек, які выказаў бы процілеглы пункт гледжання. Гэта сапраўды было б добра», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што для сельскай гаспадаркі ў Беларусі сапраўды нямала зроблена: «Кожны год мы ўкладваем у сельскую гаспадарку, дапамагаем вёсцы на суму да $2 млрд. А ўвогуле амаль $50 млрд за апошнія гады інвесціравалі ў сельскую гаспадарку».
«Таму наступны крок павінен быць не за дзяржавай, а за аграрыямі. Сёння аграрыі павінны нам даць больш прадукцыі з меншымі затратамі. Гэта самае галоўнае. Калі мы не скароцім у сельскай гаспадарцы затраты на вытворчасць прадукцыі, мы будзем неканкурэнтаздольнымі нават на ўласным рынку», – адзначыў беларускі лідар.
Журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта сітуацыяй у грашова-крэдытнай сферы, папрасіўшы пракаменціраваць размовы аб магчымай дэнамінацыі і дэвальвацыі беларускага рубля.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пытанне дэвальвацыі нацыянальнай валюты на гэты час не стаіць: «Пытанне з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты наогул сёння не стаіць. Навошта ставіць задачу абясцэніць, дэвальваваць нацыянальную валюту?! Напэўна, ніводны кіраўнік такую задачу перад сабой не ставіць. Наадварот, нам трэба ад яе адысці».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо гаварыў, што ў краіне не будзе штучна падтрымлівацца беларускі рубель, як і іншыя валюты ў выпадку ўмацавання беларускага рубля. Паводле яго слоў, усё будзе залежаць ад попыту і прапанавання.
Прэзідэнт заўважыў, што гэта праблема цалкам знаходзіцца ў руках прадпрыемстваў і народа. «Калі вы будзеце бегаць з раніцы да вечара па абменных пунктах і скупляць валюту, калі суб’екты гаспадарання і банкі будуць спаць і бачыць, што пройдзе дэвальвацыя, нехта на гэтым выйграе, будуць спараджацца чаканні, а нашы нягоднікі, «свядомыя», якія «плявузгаюць» языкамі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, народ будуць падаграваць, а вы будзеце іх слухаць і зноў бегчы ў абменнікі – гасподзь вам у дарогу, значыць, вы самі прыведзяце да таго, што аслабіце нацыянальную валюту», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама пракаменціраваў сваю нядаўнюю заяву аб магчымасці ўвядзення выязной пошліны для беларускіх грамадзян.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі варыянт прапаноўваўся ў якасці магчымай меры для зніжэння адтоку валюты за мяжу.
«Я клапачуся не за тое, каб забараніць выезд нашым грамадзянам, я перажываю, што пад $3 млрд валюты вывозіцца штогод з краіны», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Кажуць: вы вырабляйце, як на Захадзе, – мы будзем гэтыя «шмоткі» купляць у Беларусі. Па-мойму, нашы нядрэнна сёння гандлююць і вырабляюць, і можна нармальна адзецца, – лічыць Прэзідэнт. – Па-другое, а калі ў гэтай сітуацыі трэба адзецца ў беларускае, пацярпець? Вось ты вельмі вялікі прыхільнік нямецкага адзення, напрыклад, ну пацярпі ў гэтай сітуацыі. Не, ніхто ж не хоча! Ён купіў тут долары або еўра, адносна нядорага, выехаў, вывез гэту валюту». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго непакоіць тое, што тым самым падтрымліваецца эканоміка Еўрапейскага саюза.
«Таму я і гавару, што трэба шукаць нейкія рычагі, як іншыя дзяржавы гэта робяць. Добра, не будзем з цябе браць сто долараў, але будзеш увозіць «шмоткі», як у іншых дзяржавах, заплаціш пошліну. Гэта ж нармальна, цывілізавана», – адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што ўрад па яго даручэнню думае над гэтым.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі неабходна вырабляць такую прадукцыю, каб насельніцтва не ехала за ёй за межы краіны.
Гаворачы аб сітуацыі ў калійнай сферы, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Мы і без іх спакойна пачынаем выруліваць, да нас прыязджаюць і на мяне асабіста выходзяць людзі, якія хочуць купіць калійныя ўгнаенні ў Беларусі». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускія калійныя ўгнаенні значна больш якасныя, чым у расійскай кампаніі, але самае галоўнае тое, што ўсе хочуць мець справу з надзейным партнёрам. «У нас дзяржаўная арганізацыя, кампанія. Яна сябе сур’ёзна зарэкамендавала. Мы гандлюем і будзем гандляваць, і расіяне да нас прыедуць», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што калійная тэма закраналася і ў яго размовах з Уладзімірам Пуціным. «Мы з ім як асобную праблему гэта не абмяркоўвалі. Але, калі закраналі тэму ў самалёце ў час пералёту ў Калінінград, я сказаў: «Усё роўна вы прыйдзеце да нас, у калійную кампанію». Ён адказаў, што зусім гэтага не выключае. Там змяняюцца ўласнікі, ёсць мора жадаючых купіць гэты актыў, сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«І тыя, хто хоча сёння купіць, нам ужо даюць сігналы да таго, што, беларусы, вы пачакайце крыху, мы ўсё роўна будзем з вамі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Толькі ідыёт можа працаваць сабе на шкоду. Таму што наша аб’яднанне з Расіяй зноў узніме цану на калійныя ўгнаенні. Наша раз’яднанне – гэта абавязкова падзенне цэн», – падкрэсліў беларускі лідар.
«А галоўнае – я сказаў: нікому не дазволена аб нас выціраць ногі. Мы суверэнная незалежная дзяржава і свае інтарэсы будзем як належыць абараняць», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА

6

7

Visited 9 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries