Беручыся за нейкую новую справу, чалавек перш-наперш адкрывае гэта новае для сябе. Пасля плады яго працы выкарыстоўваюцца іншымі людзьмі. Абавязкова так, бо, як некалі сказаў класік, жыць у грамадстве і быць ад яго вольным нельга. Таму, як бы там ні было, усе нашы справы пэўным чынам ацэньваюцца грамадствам, выкарыстоўваюцца ў жыцці.
Даследчая дзейнасць, якую на працягу многіх гадоў вядуць вучні гімназіі №2 пад кіраўніцтвам вядомага на Вілейшчыне і далёка за яе межамі педагога і паэта Віктара Кажуры, таксама прыносіць плён і юным даследчыкам, і іншым людзям. Нездарма ж і зборнік даследчыцкіх работ, выдадзены для настаўнікаў, носіць красамоўную назву «Сабе і людзям». Значыць, пішацца не пад сукно…
Пераважная большасць тэм, над якімі ўсе гэтыя гады працавалі гімназісты-даследчыкі пад кіраўніцтвам Віктара Кажуры – пра нашу малую радзіму – Вілейшчыну, яе багатую гісторыю і таленавітых людзей. Пятнаццаць гадоў назад была напісана першая даследчыцкая работа вучаніцы Бажэны Мацюк пад кіраўніцтвам Віктара Віктаравіча. «Што ні куточак, то галасочак» – такую назву насіла яна і была высока адзначана спачатку на раённым узроўні, а затым – і на абласным. Гэта быў пачатак вялікай і сур’ёзнай дзейнасці.
У 2013 годзе работы вучняў пад кіраўніцтвам Кажуры выйшлі і за межы Беларусі – пачалі ўдзельнічаць у конкурсе юнацкіх даследчых работ імя Вярнадскага ў Маскве, дзе былі высока ацэнены. У свой час работа Валерыі Кабак стала абсалютнай пераможцай у сваёй намінацыі, было нямала і дыпломаў пераможцаў. У бягучым годзе, дарэчы, таксама даслана работа на гэты конкурс. У канцы лютага будуць вядомы вынікі адбору, якія дадуць адказ на пытанне аб далейшым лёсе гэтай работы, аднак, падзяліўся Віктар Кажура, ёсць спадзяванні, што яе заўважаць і адзаначаць.
У мінулым годзе вучні гімназіі №2 – дзесяцікласнік Уладзіслаў Хмарэнка і пяцікласніца Ангеліна Прохарава – са сваім педагогам сталі ўдзельнікамі конкурсу «Першы крок у навуку», які праводзіла Расійская акадэмія прыродазнаўства. Уладзіслаў працаваў над тэмай «Супрацоўніцтва карэспандэнтаў Вілейскага павета з газетай «Наша ніва» ў 1912 годзе», Ангеліна ж даследавала спадчыну, якая дасталася нам ад продкаў на прыкладзе вёскі Карпавічы, дзе жыве яе прабабуля. Колькі новага, цікавага адкрылі для сябе юныя даследчыкі, іх бацькі, людзі, якія знаёміліся з работамі! Людзі, прозвішчы, мясціны, тэмы, традыцыі, мова, быт колішніх жыхароў Вілейшчыны, нашых продкаў – гэта толькі частка таго, што адкрываюць нам даследчыя вучнёўскія работы. Дамоў юныя віляйчане вярнуліся з дыпломамі пераможцаў.
– А яшчэ вельмі важна, што гэта дзейнасць вучыць хлопцаў і дзяўчат самастойнай працы, выклікае вялікую зацікаўленасць і, канешне ж, гонар за нашу малую радзіму, –лічыць Віктар Кажура. – Сэрца замірае, калі падчас віншавання пераможцаў конкурсу ў Маскве называецца наш невялікі гарадок, гучыць гімн краіны…
Высокія ўзнагароды вучні Кажуры не лічаць толькі сваім дасягненнем. У тых дыпломах ёсць уклад і супрацоўнікаў музея, і бібліятэкараў, і, канешне ж, бацькоў юных даследчыкаў, якія разумеюць важнасць гэтай дзейнасці і ва ўсім дапамагаюць.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Віктарам КАЖУРАМ