Шасцідзясяцігадовы віляйчанін Антон Бічун, які на днях патэлефанаваў у рэдакцыю, відаць па ўсім, газету выпісвае і чытае не адзін год. Вось і зрабіў заключэнне, што трэба мясцоваму выданню падымаць актуальныя пытанні. Згодна з Вамі, паважаны Антон Пятровіч, трэба. І рабіць гэта будзем разам з вамі, нашымі чытачамі. Узнікла праблема? Ёсць пытанне? Звяртайцеся, будзем разам разбірацца. Урэшце, так мы і робім. Вось і на Ваша, Антон Пятровіч, пытанне пастараліся знайсці адказ.
А цяпер – да справы. Антон Бічун задаў актуальнае, думаю, не толькі для яго пытанне: да каго звярнуцца, каб пераараць на зіму агарод? Справа гэта важная, хто ведае, магчыма, неўзабаве ўдараць марозы… У пошуках адрасоў, дзе могуць дапамагчы ў праблеме нашага чытача і многіх-многіх іншых, я пачала звяртацца ў арганізацыі.
Перш-наперш набрала нумар дыспетчарскай ГУП «Вілейская ЖКГ». Ведаю, што паслугу ў апрацоўцы ўчасткаў віляйчанам тут аказвалі. І сапраўды, аказвалі, пацвердзілі ў дыспетчарскай. Аднак літаральна на днях мотаблок сапсаваўся – тэхніка ёсць тэхніка – і адпраўлены на рамонт у Мінск. Так што давядзецца, відаць, пачакаць, пакуль ён зноў прыступіць да работы. А чакаць няма калі – не за гарамі зіма.
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе па ідэі магла б быць такая паслуга, на даны момант яе няма – нялёгка знайсці чалавека, які за невысокую зарплату згодны быў бы апрацоўваць участкі людзей. Падумалася, што, магчыма, пашукаць дапамогі ў Вілейскім камбінаце бытавога абслугоўвання. На вясковых КПП і сапраўды паслуга апрацоўкі ўчасткаў вельмі запатрабаваная, адзначыла дырэктар прадпрыемства Аляксандра Салава, таму там і ёсць мотаблокі. Гараджане ж пакуль такую праблему не падымалі. Яно і зразумела, той-сёй ужо мае ў гаспадарцы свой мотаблок, іншыя звяртаюцца то ў ЖКГ, то да сяброў, суседзяў, то да прыватнікаў. Дарэчы, у падатковай інспекцыі паведамілі, што ў горадзе ёсць прадпрымальнікі, якія аказваюць насельніцтву паслугі ў апрацоўцы прысядзібных участкаў. Заплаціў чалавек падатак і працуе, што называецца, з поўным на гэта правам.
Не ведаю, задаволены Антон Пятровіч адказам на яго пытанне ці не, аднак, думаецца, падказку для сябе ён у матэрыяле знойдзе. І не застанецца неўзараным яго агарод.
Ірына БУДЗЬКО
Да каго звярнуцца, каб пераараць на зіму агарод?
Visited 10 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








