Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Чаму вуліца 17 верасня ў Вілейцы так называецца

17 верасня а 17-й гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі “Назаўжды разам” да Дня народнага адзінства ў Беларусі. На выставе будуць прадстаўлены ўнікальныя дакументы і фотаздымкі з фондаў музея. Запрашаем усіх жадаючых.

17 верасня 1939 года – 82 гады таму – пачалося аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

17 верасня – дзень, які ўвойдзе ў гісторыю Беларусі і беларускага народа як Дзень народнага адзінства. Менавіта з гэтай нагоды 7 чэрвеня 2021 года быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб святкаванні гэтага дня. Падзеі восені 1939 года займаюць асаблівае месца ў гісторыі Беларусі і лёсах беларускага народа.

1 студзеня 1919 года Часовы Урад Беларусі абнародаваў маніфест у сувязі з утварэннем Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. “З сённяшняга дня Беларусь, – гаварылася ў дакуменце, – Савецкая рэспубліка, становіцца рэспублікай працоўнага народу, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў. З гэтага дня ўся ўлада ў Беларусі належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў”.

Вілейка, вул. Савецкая, 1 мая 1940 г.

Але ў выніку савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў і паводле Рыжскага мірнага дага-
вора ад 18 сакавіка 1921 года Заходняя Беларусь з тэрыторыяй больш за 100 тыс. кв. км. і з насельніцтвам звыш за 4 млн. чалавек перайшла ў склад Польшчы.

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай саюзнымі дагаворамі, 3 верасня 1939 года аб’явілі вайну Германіі. У той жа дзень у вайну ўступілі Аўстрыя, Новая Зеландыя і Індыя. Пачалася Другая сусветная вайна.

Маючы велізарную эканамічную і ваенную перавагу, нацысцкія войскі імкліва рухаліся па тэрыторыі Польшчы, падступілі да межаў Заходняй Беларусі і занялі некаторыя яе населеныя пункты, у тым ліку і Брэст. Над жыхарамі Заходняй Беларусі навісла рэальная небяспека нацысцкага зняволення.

17 верасня 1939 года па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі. Большасць насельніцтва ўспрыняла гэта як акт гістарычнай справядлівасці. Чырвонаармейцаў віталі як сваіх вызваліцеляў.

Не засталася ў баку ад лёсавызначальных падзей і Вілейшчына. Сёння адна з цэнтральных вуліц раённага цэнтра носіць назву 17-га Верасня, а таксама ёсць вуліцы з такімі назвамі ў аграгарадках Ілья і Вязынь.

У многіх гарадах і вёсках пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў будаваліся так званыя брамы, падобныя на аркі, якія ўпрыгожваліся кветкамі, партрэтамі Леніна і Сталіна. Так было і ў Вілейцы, па ўспамінах старажылаў – на перакрыжаванні сённяшніх вуліц Шубіна, Савецкай, Стаханаўскай. Да 25 верасня 1939 года ўся тэрыторыя Заходняй Беларусі была цалкам вызвалена.

Вілейка, будаўніцтва кінатэтра «Перамога», 1940 г.

28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Самыя дастойныя прадстаўлялі Вілейшчыну на сходзе, сярод іх былі віляйчанін Антон Сямёнавіч Малевіч, Ганна Аляксееўна Новік з в. Варонічы, Фёдар Мікалаевіч Камінскі з в. Забар’е, Мікалай Іосіфавіч Грынцэвіч з в. Савіна, Пётр Міронавіч Шушкевіч. Дэлегаты з’езда аднагалосна прынялі па дакладзе С.В. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама аднадушна выказаліся і за ўваходжанне ў БССР. Таксама вырашылі звярнуцца ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні з БССР.

У выніку аб’яднання тэрыторыя БССР на той час павялічылася са 125,6 тыс. кв. км. да 225,6 тыс., насельніцтва рэспублікі – з 5 млн. 562 тыс. чалавек да 10 млн. 239 тыс. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана пяць абласцей: Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая.

Вілейка – ціхі правінцыяльны гарадок – згодна ўказу Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 снежня 1939 года становіцца абласным цэнтрам.

У горадзе пачынаюцца сацыялістычныя пераўтварэнні. Перш за ўсё нацыяналізуюцца друкарні (іх было дзве), аптэкі, уладанні прамысловікоў і гандлёўцаў, гасцініцы з такімі гучнымі назвамі “Асторыя”, “Бельгія”, “Англія”, “Еўропа” і іншыя.

Ліквідуецца панскае землеўладанне. Беззямельныя і малазямельныя сяляне атрымліваюць надзелы, якія раней належалі панам, асаднікам і кулакам. Ствараюцца першыя калгасы і саўгасы. З усходу пачынаюць паступаць трактары, машыны, тэхнічнае абсталяванне. У Вілейцы наладжваюць вытворчасць два лесапільныя заводы – ”Беларусь” і “Перамога” (цяпер ААТ “Буддэталі”). Магутнасць завода “Беларусь” – 20 000 куб. метраў лесу ў год. Пры заводзе быў млын магутнасцю – 2,5 тоны мукі ў суткі. Млын перапрацоўваў жыта для горада і навакольных вёсак. На заводзе “Беларусь” у 1940 годзе працавала 50 рабочых. Завод планавалася пераабсталяваць пад выраб буддэталяў для будаўніцтва горада. Магутнасць лесапільнага завода “Перамога” ў 1940 годзе складала 20 000 кубаметраў лесу ў год. Пры заводзе таксама быў млын, магутнасцю 4 тоны мукі ў суткі. На заводзе працавалі 45 рабочых.

У Вілейцы арганізоўваецца аўтакалона, якая мае некалькі дзясяткаў аўтамашын. Наладжана пасажырская сувязь з адной трэцяй раёнаў вобласці. У Куранецкі і Ільянскія раёны аўтамашыны ходзяць двойчы ў дзень – раніцай і вечарам. Адкрыта пасажырская сувязь з Мінскам.

З устанаўленнем Савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі пачынаецца сапраўды культурная рэвалюцыя. У 1940 годзе на асвету, ахову здароўя, культуру выдзяляюцца асігнаванні. У Вілейцы пачынаюць працаваць беларуская школа, Дом піянераў, дзіцячая тэхнічная станцыя.

Горад Вілейка як абласны цэнтр становіцца своеасаблівым паказчыкам таго, як ідзе будаўніцтва новага жыцця. 4 сакавіка 1940 года ў прысутнасці прадстаўнікоў партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый адкрываецца новы кінатэатр, разлічаны на 150 месцаў і абсталяваны новай гукавой апаратурай. З 5 сакавіка ён адчынены для наведвальнікаў, дэманструецца мастацкі фільм “Наезднік з Кабарды”. Вілейская бальніца бясплатна (а тады гэта была здзіўляючая навіна) лечыць людзей. У 1940 годзе на ахову здароўя было зрасходавана ў вымярэнні таго часу 23 рублі 50 капеек на аднаго чалавека.

З лістапада 1939 года пачала выходзіць абласная газета “Вілейская праўда”, яна мела двайную нумарацыю як працяг сваёй папярэдніцы – “Віленскай праўды”.

Рэдакцыя размяшчалася ў доме №7 па вул. Георгіеўскай (цяпер – Вадап’янава, будынак Палаца культуры), друкарня побач – у доме №13. Газета вяла палітычную і агітацыйную работу сярод насельніцтва, змяшчала матэрыялы пра грамадскае і культурнае жыццё ў горадзе і павеце.

З 17 лютага 1940 года газета змяніла назву ўжо “Сялянская газета” – пачала выходзіць з новай нумерацыяй. У рэдакцыі газеты працуе 30 чалавек, 15 з іх тэхнічныя работнікі. У штаце рэдакцыі ўжо склаўся даволі прафесійны, творчы калектыў, вядомыя ўжо на той час паэты Максім Танк, Алесь Дубровіч, Мікалай Вішнеўскі, Наталля Арсеньева. Як успамінаў Максім Танк, рэдакцыю абласной газеты наведваў і вядомы мастак Язэп Драздовіч, які, нібыта, некаторы час працаваў у штаце рэдакцыі.

У сваім дзённіку “Лісткі каляндара” Максім Танк пісаў: “27/XI. Як хутка Вілейка мяняе сваё аблічча! Быццам нехта разбудзіў гэты горад, і ён ажыў, пачаў раптам будавацца, як не будаваўся за ўсю сваю гісторыю. Кожны дзень перавозяць сюды апусцелыя асадніцкія ды панскія асабнякі. Трэба было б некаму запісваць і ўчарашні, і сённяшні дзень Вілейкі, найбольш слаўныя даты, імёны былых падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. А то агледзімся мы, ды будзе позна, калі ўсё пакрыецца пылам забыцця. У кожным горадзе, пасёлку трэба, каб быў свой летапісец, каб нічога, вартага ўвагі, не загінула. Бо ніводная газетная хроніка не можа ахапіць усяго, ды часта яе аб’ектыў бывае пастаўлены толькі на парадную старану жыцця…”

Сёння да падзей 17 верасня 1939 года можна ставіцца па-рознаму, разглядаць іх як злачынства ці акт справядлівасці, шукаць аргументы і доказы да кожнага пункту гледжання. Але трэба памятаць галоўнае – тады была адноўлена цэласнасць нашай краіны і нашага народа. І хоць гэта адбылося не ў выніку нацыянальнай рэвалюцыі ці грамадзянскай вайны, вартасць гэтага аб’яднання не меншая.

Вольга КОЛАСАВА, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 110 queries