У мінулую нядзелю раённая Масленка «Як на маслянай нядзелі са стала бліны ляцелі», якая адбылася ў аграгарадку Вязынь, сабрала шмат людзей. Яшчэ з ранку тут чакалі і рыхтаваліся да важнай падзеі – нараджэння новага ў нашым культурным жыцці свята, якое ўжо к поўдню поўніла прастору вясёлым гоманам, пахам шашлыкоў ды бліноў, зазываннямі скамарохаў, якія раз’язджалі на санях з бразготкамі і свістулькамі па вуліцах вёскі, ззываючы людзей. Усе дарогі вялі ў Вязынь у гэтую раніцу з’язджаліся сюды лепшыя самадзейныя калектывы клубных устаноў Вілейшчыны, народныя майстры і госці – ўсе, хто жадаў весела развітацца з зімою і сустрэць вясну, разам з якой прыходзіць сонечная цеплыня і ажыўленне ў прыродзе.
А покуль імправізаванае ажыўленне панавала на пляцоўцы перад Вязынскім Цэнтрам культуры і вольнага часу. Менавіта тут адбываліся тэатралізаванныя святочныя дзеі. Відовішчна здзейснілася сустрэча Зімы з Вясной, паказвалі якую Даўгінаўскі і Куранецкі сельскія Дамы культуры. Сярод персанажаў падзеі былі Баба Яга, пудзілы, пужайлы, бо менавіта гэтыя міфалагізаваныя нячысцікі спакон веку рэгулявалі ўсе пераходныя моманты ў жыцці прыроды і чалавека. Забаўлялі прадстаўленнямі мядзведзя і цыган супрацоўнікі Язненскага СДК. Яскрава і гучна карагодзіў народ наўкол масленічнага вогнішча, на якім палала пудзіла. І пад аўтэінтычныя спевы сапраўды можна было адчуць на бессэнсоўным узроўні магічны сэнс гэтай рытуальнай дзеі.
Прыемна было гасцям свята, калі да іх звярталіся Гаспадар з Гаспадыняй (дырэктар Вязынскага Цэнтра культуры Наталля Чарток і старшыня Вязынскага сельвыканкама Ігар Судніковіч).
Гульні, абрады, забаўляльныя конкурсы – усё было накіравана на тое, каб узняць настрой удзельнікам раённай Масленіцы. Аматары актыўнага адпачынку мелі магчымасць паспрабаваць свае сілы ў перацягванні канату, падняцці штангі, гіры і іншых спартыўных выпрабаваннях. Іх праводзілі Людвіноўскі СДК і Селішчанскі СК. Забава катання на санях прыйшлася па душы. Ад малога да вялікага па хрумсткім снезе несліся на санях па ваколіцы. Традыцыйна быў арганізаваны гандаль, дзе жадаючыя мелі магчымасць падсілкавацца, папіць гарачых напояў, адведаць масленічных бліноў, разам з якімі перадаюцца моць і энергія свяціла. На выставе-кірмашы частавалі народ рознымі прысмакамі гаспадыні Іжскага, Карпавіцкага, Лукавецкага сельскіх Дамоў культуры, Старынкаўскага, Речкаўскага, Добравіцкага, Рабунскага, Мацькаўскага сельскіх клубаў, Жарскага і Малявіцкага сельскіх клубаў-бібліятэк; гралі музыкі і весялілі дарослых і дзяцей героі папулянай телевізійнай перадачы «Маскі-шоў» – пераапранутыя артысты Карпавіцкага СДК; майстры народных клуба-майстэрні «Лучынка» Нарачанскага СДК і студыі саломапляцення «Крывасельская вясёлка» Крывасельскага СДК, Вілейскага раённага Дома рамёстваў, Каловіцкага Дома майстроў прапаноўвалі сувеніры, каб зрабіць падарунак каханным, і ўсім, хто жадаў пакінуць памятныя ўспаміны ад Масленкі.
Дзякуючы агульным намаганням раённае мерапрыемства стала цікавай буфанадай, весялосцю, гульнёй і казкай. А тыя арганізацыі і ўстановы, якія садзейнічалі правядзенню свята – сельвыканкамы, аддзел адукацыі, сельскагаспадарчыя вытворчыя комплексы раёна, Вілейскае раённае аб’яднанне БГ «Чырвоны крыж» – таксама ўнеслі ўклад у развіццё мясцовай традыцыйнай культуры.
Вольга ШЛЯПО, загадчык аўтаклуба аддзела культуры Вілейскага райвыканкама







