Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Аркестр жаночы па вуліцах крочыў…

Гэтаму фотаздымку без малога 37 гадоў. Яго беражліва захоўвае віляйчанін Анатоль Додрыкаў (гэта ён на фота з дзяўчатамі-музыкамі). Жаночы духавы аркестр – яго колішняе дзецішча. А пачыналася любоў да музыкі ў дзяцінстве…duhovoj_orkestr

– У нашай сям’і было многа музыкаў, – узгадвае Анатоль Ягоравіч. – І дзядуля, і дзядзькі мае добра ігралі. Узяўся ў свой час за гармонік і я. А затым пайшлі духавыя інструменты.
У канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў Дуброўна на Віцебшчыне, дзе жыла сям’я Додрыкавых, з’явіўся духавы аркестр. Мясцовыя хлапчукі табуном хадзілі за музыкантамі. Праз пэўны час Анатоля ўзялі ў калектыў, дзе ён іграў спачатку на альце, затым – на трубе. А яшчэ пазней здольны хлопец самастойна асвоіў і кларнет.
Калі прыйшоў час служыць у арміі, Анатоля ўзялі ў адзін з лепшых беларускіх ваенных аркестраў.
Затым лёс закінуў Додрыкава на Вілейшчыну. Больш за дваццаць гадоў працаваў ён на рамонтным заводзе, дзе на грамадскіх пачатках кіраваў духавым аркестрам. Спачатку –мужчынскім, а пасля і жаночым. Трэба сказаць, што на той час у рэспубліцы жаночых музычных калектываў было нягуста, бадай, вядомы быў толькі эстрадны – «Чараўніцы». Вось і задумаў Додрыкаў стварыць арыгінальны духавы аркестр у Вілейцы, аб’яднаўшы ў ім жанчын, неабыякавых да музыкі…
У 1974 годзе віляйчане былі прыемна здзіўлены, калі на кастрычніцкія святы па гарадскіх вуліцах прайшоў жаночы духавы аркестр. У прыгожых касцюмах (чорныя спаднічкі і камізэлькі з нацыянальнай сімволікай) дзяўчаты глядзеліся прыгожа. А іх кіраўнік і галоўны музыка ў аркестры Анатоль Додрыкаў вылучаўся на іх фоне ў адмыслова пашытым канцэртным касцюме з нацыянальным арнаментам.
На жаль, жаночы калектыў праіснаваў нядоўга – да красавіка 1975 года. А затым дзяўчаты разляцеліся: у некаторых мужы былі супраць такога «хоббі» жонак, у другіх на руках былі маленькія дзеці – тут ужо не да аркестра, а трэцім адбілі ахвоту іграць чыесьці насмешкі…
У сваім гаражы Анатоль Додрыкаў беражліва захоўвае сабраную ім калекцыю духавых інструментаў. Кожны раз, калі перабірае іх, узгадвае той шлях, які прайшлі музыканты ад вяселляў і канцэртаў да пахаванняў. Жыццё ёсць жыццё.
А ўсё ж цікавую ідэю ажыццявіў у свой час Анатоль Додрыкаў – стварыў жаночы духавы аркестр. Яму б існаваць і развівацца, ды толькі шэрая будзённасць перамагла цягу да мастацтва… Думаецца, у Вілейцы жывуць многія з тых жанчын, каму выпала быць у складзе аркестра. Магчыма, нехта з іх, прачытаўшы гэты матэрыял, узгадае даўно мінулае і патэлефануе або напіша ў рэдакцыю. Будзе цікава разам падняць пласт няхай сабе і параўнальна нядаўняй, але ўжо гісторыі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлена
Анатолем Додрыкавым.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries