Напэўна, кожнаму з нас зразумелы сэнс выразу «зрабіць як для сябе». Гэта значыць выканаць справу дастойна – акуратна, без фальшы, каб была яна на карысць і сабе, і блізкім, і ўсім, хто побач. Падставай для такога роздуму сталі два звароты ў рэдакцыю. Іх аўтары, калі шчыра, не вельмі і спадзяюцца, што прапанаванае імі хуценька стане рэальнасцю (звярталіся раней у розныя службы, чулі розныя адказы – і абяцанні, і адмовы), а так хочацца, каб ажыццявілася!
Анатоль Ягоравіч Додрыкаў жыве ў мікрараёне «Воўкаўшчына», непадалёк ад магазіна № 18, што па вуліцы Чкалава. Марыцца нераўнадушнаму чалавеку, каб тэрыторыя ля вадаёма, што тут размешчаны, стала зонай адпачынку: каб зазелянелі вакол сажалкі дрэўцы, з’явіліся дзе-нідзе лавачкі для адпачываючых. А зімою каб паверхня вадаёма стала катком – не стыхійным, як гэта бывае, а дагледжаным, акультураным. Пакуль жа вакол сажалкі прывольна толькі брыдкасловам-выпівохам… А яшчэ Анатоль Ягоравіч паскардзіўся, што па вуліцы Чкалава на аўтамабілі ледзь праедзеш – яма на яме. Нібыта і робіцца перыядычна тут ямачны рамонт, але ж вельмі хутка дарога становіцца па-ранейшаму разбітай. У чым тут справа?
Ніну Антонаўну Жалняровіч, якая жыве па завулку Стаўкі, 17, у рэдакцыю прывяло вось што. Некалі праз рэчку, якая працякае тут, муж Ніны Антонаўны зрабіў добры масток з акуратных бярвенняў ды з поручнямі. Па ім зручна было пераходзіць на другі бок ракі, дзе не так даўно пабудавалася дачка Жалняровічаў. Ды і не толькі ім было зручна – многія людзі эканомілі час, пераходзячы на другі бок ракі па гэтым мастку. Ды, як кажуць, няма нічога вечнага… Не так даўно Ніна Антонаўна аўдавела, а мосцік, зроблены яе мужам, нехта разламаў.
– Цяпер нам далёка абыходзіць, каб трапіць на другі бок рэчкі, – паскардзілася жанчына. – Так добра было б, каб хтосьці яго адрамантаваў. Мы дзякавалі б за гэту справу заўсёды.
Што тут гаварыць, слушныя пытанні падымаюць людзі. Хочацца верыць, што іх пачуюць адпаведныя службы і адрэагуюць. А яшчэ было б вельмі добра, каб за справу ўзяліся і самі жыхары тых вуліц, пра якія ідзе размова вышэй. Жывуць жа тут, я ўпэўнена, ініцыятыўныя, неабыякавыя і здольныя, якім многае пад сілу. Чаму б ім не скааперавацца з адпаведнымі службамі і сумеснымі намаганнямі не навесці парадак? Для пачатку патрабуецца адно – жаданне і ініцыятыва.
Ірына БУДЗЬКО
Хатнік АПІ
Адна мая знаёмая вельмі верыць ва ўсялякія прыкметы ды варожбы. Не дай Бог убачыць чорнага ката, дык зробіць усё, каб толькі ён ёй не перайшоў дарогу. Даходзіць іншы раз да смешнага: жанчына бальзакаўскага ўзросту ледзь не навыперадкі бярэцца з чорным мурлыкам – толькі б не перабег ёй. Ды і пра розных там барабашак ды хатнікаў ёй дай толькі пагаварыць – усё ведае…
Нядаўна ў Ганны, так завуць гэту жанчыну, здарылася бяда – памёр бацька. Пражыў, трэба сказаць, нямала, але ж для родных усё роўна балючая страта. Пахавалі старога, адбылі жалобны стол, Ганна засталася начаваць у бацькоўскай хаце са старэнькай маці.
– Хоць і стамілася, а заснуць ніяк не магла, – расказвала пасля яна. – Мама паўздыхала, паплакала ды сцішылася. А я ўсё не магу. Варочалася-варочалася, а пасля нешта ўтаропілася ўгару ды ляжу. І бачу: нешта чырвоненькае блісне ды блісне на столі. Якраз над ложкам, дзе бацька некалі спаў. Думаю, здаецца штосьці, патру вочы, зноў гляну ўверх – бліскае. Не па сабе неяк стала, хоць ты да маці бяжы хавацца, як некалі ў дзяцінстве. Са страху стала клікаць яе. Тая спрасонку перапалохалася, усхапілася, бягом да мяне…
Ужо пасля разабраліся з чырвонавокім хатнікам. Як высветлілася, незадоўга да гэтага пенсіянерам пажарныя прымацавалі апавяшчальнік – АПІ, на выпадак пажару ў хаце. Дачка пра яго яшчэ не ведала. Гэта ён у цемры і падмігваў ёй сваім чырвоным «вокам».
Пра гэта расказала жанчына сама. Вось так бывае ў жыцці – побач з невясёлым ідзе вясёлае, нават смешнае. І гэта вельмі мудра – з’яўляецца аптымізм, знаходзяцца сілы радавацца жыццю.
Ірына БУДЗЬКО





