8 сакавіка спаўняецца роўна 75 год, як убачыў свет першы нумар вілейскай
газеты. З вялікім гонарам мы можам казаць, што з’яўляемся равеснікамі Перамогі
На стале ляжыць той самы першы нумар – зусім пажаўцелы ад часу аркуш паперы, які больш нагадвае баявы лісток, што ў гады ваеннага ліхалецця людзі чакалі, каб даведацца праўдзівыя словы аб становішчы на фронце і любыя іншыя весткі з Вялікай зямлі. Да Дня Перамогі заставалася роўна два месяцы, а ў раёне, што паўставаў з попелу разбурэння і знішчэння, ужо поўным ходам ішлі работы па вяртанні да мірнага жыцця. Аднаўляліся будынкі, праводзіліся веснавыя палявыя работы, адным словам, жыццё наладжвалася.
Першыя нумары раённай газеты пачалі друкавацца ў будынку раённага камітэта партыі ў мястэчку Куранец. Газету назвалі «За Савецкую Радзіму». Першы артыкул на галоўнай старонцы быў пра міжнародны камуністычны жаночы дзень, крыху ніжэй – аператыўныя зводкі з фронта. І вось 13 мая 1945 года выходзіць 5 нумар газеты, на якім вялікімі літарамі красуецца надпіс «Вораг разбіты! Перамога за намі!» і падаецца падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, Указ аб аб’яўленні 9 мая святам Перамогі і ўстанаўленні медаля «За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».
Першым рэдактарам газеты з’яўляўся былы партызан, камісар аднаго з атрадаў партызанскай брыгады імя Даватара Павел Якаўлевіч Мазуронак. У 1946 годзе цэнтр Куранецкага раёна з Куранца перанеслі ў Вілейку, перайменаваўшы раён у Вілейскі.
Адлік існаванню вілейскай газеты быў дадзены… За гэтыя 75 год было шмат. Журналісты раёнкі былі сведкамі ўсіх галоўных падзей у горадзе і раёне, яны асвятлялі штодзённыя клопаты віляйчан, іх жыццё і працоўныя перамогі. Першай газета расказвала і пра подзвігі Герояў Савецкага Саюза Канстанціна Зубовіча, Уладзіміра Лаўрыновіча, Андрэя Валынца, Аляксандра Азончыка, вызваліцеляў Вілейкі Міхаіла Львіцына, Азі Асланава, Івана Паўлава, а таксама пра баявыя заслугі тысяч франтавікоў, партызанаў і падпольшчыкаў. У 1973 годзе журналісты былі сведкамі важнага этапу стварэння Вілейска-Мінскай воднай сістэмы – перакрыцця рэчышча Віліі з удзелам Пятра Машэрава. Вілейская газета па праву можа быць названа сапраўднай энцыклапедыяй Вілейшчыны. Мы ганарымся, што ў розныя часы тут працавалі вельмі таленавітыя і шчырыя людзі, якія былі адданыя сваёй справе і Вілейшчыне. Мы памятаем нашых калег, якія ў розныя часы друкаваліся на старонках газеты. Тым больш, што гісторыя газетнага выдання на Вілейшчыне намнога большая, чым 75 год існавання «Шлях перамогі». Можна адзначыць дату 22 верасня 1939 года, калі ў нас пачала выходзіць спачатку «Віленская праўда», а затым – «Вілейская праўда» і яе пераемніца «Сялянская газета». Амаль на працягу васьмідзесяці гадоў рэдакцыя размяшчалася ў будынку друкарні, дзе працавалі карэспандэнтамі такія выбітныя асобы Беларусі, як Максім Танк, Наталля Арсеннева, Мікалай Вішнеўскі, быў мастакомафарміцелем Язэп Драздовіч.
Усе гады газета была побач са сваім чытачом. Разам з газетай, па яе шляху крочаць шматлікія пазаштатныя аўтары, для якіх газета стала і першай пробай пяра, і сталай пляцоўкай для творчасці.Час заўжды складаецца з пэўных падзей, якія ствараюцца людзьмі. Вілейская газета крочыць у рэчышчы заўжды актуальных навін і піша пра сапраўдных рупліўцаў сваёй працоўнай, творчай і штодзеннай гісторыі. Часам нам здаецца, што гэта інфармацыя паўсядзённая, а праз дзесяцігоддзі яна становіцца сапраўдным гістарычным фактам, у чым мы пераконваемся, гартаючы ўжо старыя падшыўкі газет 1950-70-90-х гадоў. У працы журналіста не можа быць перапынку, бо два разы на тыдзень мы павінны прадставіць нашаму чытачу чарговы нумар газеты, нягледзячы ні на што. Гэта наша работа, наш абавязак і наша творчасць.
Паважаныя калегі, шаноўныя ветэраны «Шляху перамогі», шматлікія пазаштатныя аўтары і чытачы! Сардэчна віншуем усіх нас са знамянальнай датай – 75-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара раённай газеты. На кожным этапе існавання вілейскай газеты, для кожнага чарговага нумара, выдатная каманда журналістаў раёнкі, як гэта ні складана, заўжды знаходзіць прывабны для чытача матэрыял і своечасова, без спазнення, яго друкуе. Газета – наш калектыўны твор: усёй каманды тэхнічнага персаналу, творчых супрацоўнікаў, пазаштатных аўтараў і віляйчан, якія ствараюць сучасную гісторыю раёна, што знаходзіць сваё адлюстраванне штотыдня на старонках выдання. Мы ганарымся пляядай таленавітых рэдактараў, якія у свой час кіравалі газетай і прыўносілі нешта новае, захоўваючы ўжо сфарміраваныя традыцыі.
З нагоды юбілейнага нумара шчыра жадаем вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і творчага натхнення, а газеце «Шлях перамогі» – новых дасягненняў на карысць Вілейскага раёна і нашай роднай Беларусі!
Сяргей ГАНЧАР








