Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

6700 рублёў – сума незаконна ўтрыманых або нявыплачаных грошай вернута працаўнікам сяла

6700 рублёў – такая сума незаконна ўтрыманых або нявыплачаных грошай вернута працаўнікам сяла, дзякуючы праверкам райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. І гэта толькі за тры месяцы бягучага года.

Самай блізкай да чалавека працы грамадскай арганізацыяй называюць прафсаюзную, і гэта сапраўды так. Жыць клопатамі людзей, чуйна рэагаваць на іх запатрабаванні, абараняць іх інтарэсы, сачыць, каб праца была бяспечнай і камфортнай – гэта не проста прыгожыя словы, а галоўныя задачы, што стаялі і стаяць перад прафесіянальнымі саюзамі. У тым ліку і аграпрамысловага комплексу.

– У ліку прыярытэтных задач, што стаяць перад намі, – садзейнічанне паступальнаму развіццю вытворчасці сельгаспрадукцыі, дасягненне арганізацыямі галіны эканамічнай і фінансавай устойлівасці, наданне працы ў аграрным сектары прэстыжнасці, – адзначыў старшыня Вілейскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Брыль. – У цэнтры нашай увагі заўсёды хлебаробы і жавёлаводы, паляводы і механізатары, працаўнікі перапрацоўчай прамысловасці і навучэнцы аграрнага каледжа. Сумесна з раённай уладай, кіраўніцтвам гаспадарак мы робім усё магчымае, каб праца аграрыяў прыносіла ім задавальненне, была плённай і бяспечнай.

У складзе мабільных груп райвыканкама, ды і выязджаючы самастойна, прафсаюз пастаянна праводзіць маніторынг сельгасарганізацый, каб на месцах бачыць, як выконваюцца патрабаванні па ахове працы, працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў аграрыяў. Нядаўна прайшоў месячнік па ахове працы, на працягу якога райкам прафсаюза сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праверылі многія арганізацыі.

– Што датычыць абароны правоў працуючых, то мы ў бягучым годзе правялі шэсць маніторынгаў, выпісалі пяць рэкамендацый, адну даведку, – расказаў Аляксандр Брыль. – Большая частка недахопаў ужо ўхілена. На падставе нашых рэкамендацый у бягучым годзе было вернута людзям 6700 незаконна ўтрыманых або нявыплачаных рублёў (за ўвесь мінулы год, дарэчы, вернута 19000 рублёў).

Вострым застаецца пытанне няпоўнай выплаты наймальнікамі прафсаюзных узносаў. З пачатку года, адзначыў Аляксандр Брыль, прафсаюзу ўдалося вярнуць прыкладна 13000 руб­лёў (за ўвесь мінулы год гэта сума складала 7,5 тысячы рублёў). Гэтыя сродкі накіроўваюцца на патрэбныя людзям справы: аказанне матэрыяльнай дапамогі, набыццё сувеніраў для перадавікоў, аздараўленне і г. д. Дарэчы, пра аздараўленне. З пачатку бягучага года больш за тры дзясяткі працаўнікоў змаглі ўмацаваць здароўе ў прафсаюзных санаторыях.

– Здароўе і жыццё людзей – гэта галоўнае! – упэўнены Аляксандр Брыль. – Дзеля гэтага і працуем. Мы маніторым сацыяльна-бытавыя ўмовы работы, харчаванне працуючых, іх забяспечанасць сродкамі індывідуальнай аховы. Ні адна з важных сельгаскампаній не праходзіць без нас. Вось і зараз, падчас пасяўной, часта бываем у гаспадарках, выяўляем недахопы, сочым за іх свое­часовым ухіленнем, ушаноўваем перадавікоў і, канешне ж, вядзём дыялог з людзьмі. У бягучым годзе на асабістым прыёме ў мяне пабывала шэсць чалавек з пытаннямі, што іх хвалявалі (яны, у асноўным, датычылі няпоўных выплат, былі і іншыя жыццёвыя праблемы). Усе гэтыя пытанні разгледжаны і вырашаны.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 142 queries